Выбрать главу

— Ну, вы задаяце мне работу, — незадаволена буркнуў Уладзя. — У мяне і свае планы на суботу былі.

— Дык жа памерзне ўсё...

— Ды з'ездзім, цёць Жэнь, — нечакана вырвалася ў мяне. — Напалім, чаго там.

— Дроў там зусім мала засталося. — з асцярожнай скрухай, за якой ўгадвалася палёгка і радасць, уздыхнуў Уладзя.

— То ўжо, сынок, назбіраеце сучча хваёвага ў ляску, там жа яго хапае, недалёка, дажджоў не было моцных апошнія дні, яно сухое. сякеры там дзве ёсць. Бацька выбачаецца вельмі.

— Ды добра, назбіраем.

— Тады мы паедзем, бацька ледзь прыпаркаваўся на колькі хвілін. Усё, глядзіце там, хлопчыкі, асцярожна каб. Будзьце там гаспадарамі, вы разумныя і дарослыя ўжо.

— Ды паглядзім, паглядзім. Добрай дарогі. Бабулі прывітанне, — развітаўся Уладзя з маці, яна подбегам падалася ў бок прыпынку, дзе, мабыць, чакаў у аўто бацька. Баба Таццяна, я ведаў, жыла насамрэч вельмі далёка адсюль, Уладзя апавядаў раней.

Дарогаю коратка дамовіліся з Уладзем пра час выезду. Ён ажывіўся, прапанаваў застацца нанач і захапіць падручнікі, каб там і дамашку зрабіць. Я адмовіўся, бо марыў усю нядзелю праваляцца на кана­пе, — спампаваў сабе новыя сезоны «Падмані мяне» і «Менталіста». І Кінг не дачытаны. Ды і што рабіць у такое надвор'е на лецішчы, у дамку, які стаіць ля невялікага ўзлеска, у бязлюддзі? Адно ў печцы паліць?

Мы прыехалі на лецішча назаўтра каля адзінаццатай гадзіны. Уладзя цягнуў напакаваны заплечнік, мне яшчэ ў рукі даў торбу, з якой вытыркаўся доўгі батон. Пакуль дайшлі ад прыпынку аўтобуса да лецішча, нас наскрозь прадзьмуў жорсткі марозны вецер. Было вельмі холадна, па чорнай раллі агародаў перацякалі языкі белага пылу — уначы, здаецца, ішоў невялікі снег. Дайшлі да лецішча, Уладзя дастаў ключы, каб адамкнуць веранду, і тут мы разам пабачылі ў куце вялікай цяпліцы нешта невыразнае, купу старога рыззя.

— Што за дрэнь? — здзівіўся і крыху спалохаўся Уладзя, мы разам падышлі да цяпліцы. Яе дзверцы не­чакана былі прыхопленыя на вяроўчыну знутры. Уладзя шмаргануў раз, і другі, вяроўчына аслабла, спа­ла, і тут купа зашавялілася, і мы ўбачылі твар бамжа, які зацкавана зіркаў на нас. Дзіўна, на ягоным твары, парэзаным глыбокімі зморшчынамі, акрамя невялікай барады і вусоў, сівых, але акуратна падрэзаных, не было расліннасці. Ён быў паголены, бы ўчора. На галаве — вязаная шапка, брудных валасоў з-пад яе не было відаць. Ён падхапіўся, скінуў з сябе шматкі поліэтыленавай плёнкі, якія зацягнуў сюды, паказваючы сваё лежбішча, — вялікія палосы кардону. Стаяў, невялікага росту, перапалоханы. Ён выглядаў гадоў на шэсцьдзясят. Лёгкая куртка-вятроўка і кашуля, вялікія, не па росце, шэрыя джынсы, стаптаныя, і відавочна з чужой нагі, некалі чырвоныя красоўкі. Ля ног ляжаў стары заплечнік, амаль пусты.

— Давай вымятайся, знайшоў прытулак, — без злосці загадаў Уладзя. — І каб болей тут не швэндаўся, а то міліцыю выклічу.

— Даруйце, даруйце, шаноўныя, я імгненна, і ўсё прыбяру, прыбяру, — азваўся бомж, і голас яго, прасякнуты вінаватасцю, прагучаў неяк незвычайна інтэлігентна. Ён нахіліўся, стаў мітусліва збіраць кардон, шматкі плёнкі, згортваць усё ў адзін камок, каб можна было абхапіць рукой. Сабраў, стаяў і чакаў — калі мы дамо яму магчымасць выйсці. Мы адступіліся, ён прайшоў паўз нас, яшчэ раз выбачыўся: — Вельмі перапрашаю, вельмі перапрашаю. Не-не, я болей ніколі. Холадна надта, а тут зацішна, прабачце, прабачце...

А сам глядзеў у зямлю. Не, трошкі вышэй. на маю торбу. Мабыць, ён адчуў мой позірк, бо ўзняў вочы, — і я пабачыў там голад, невыноснае жаданне нешта з'есці. Аж скаланула, бо я ўпершыню сустракаў такі позірк, але нельга было яго не зразумець. Бомж глядзеў не на маю торбу — на той доўгі батон, які вытыркаўся з яе.

— Пачакай. пачакайце, — неспадзявана для сябе выправіўся я, выцягнуў батон, стаў ламаць яго, а ён быў у поліэтыленавай плёнцы, і ніяк нельга было аддзяліць кавалак без нажа ці чаго вострага.

— Зараз адамкну дзверы, там нож ёсць, адрэжам, — спыніў мяне Уладзя, зразумеўшы маё жаданне.

Наляцеў моцны парыў ветру са снежна-пясчаным пылам, секануў калючымі крупамі па нагах, на­ват дастаў твары. Бомж затросся — вятроўка, безумоўна, не грэла яго ніяк. Уладзя адчыніў дзверы, павярнуўся да бамжа і запрасіў-загадаў, звярнуўшыся да яго, як і я, пачціва на вы:

— Зайдзіце, пачакайце. тут недзе швэдры старыя былі, яшчэ цэлыя, і куртка бацькава зімовая заставалася. Яно нам без патрэбы, будзеце насіць.

Невялікі дамок настыў, хоць тут было зацішна, ды выдавала яшчэ халадней праз няўтульнасць, якая стваралася несуадноснасцю жывога жытла і холаду ў ім. Я пашукаў у стальніцы нож, Уладзя тым часам адчыніў адну, другую шафку, выцягнуў вялікую зімовую куртку з балонні, таўсматы швэдар, яшчэ нешта шукаў.