Ён прыпыніўся і насамрэч глядзеў на нас з жаданнем пачуць адказ на сваё пытанне. Азваўся я:
— Як хто, а я дакладна ведаю, што бывае.
— Дзякуй, дзякуй вам. Дык вось. Я паабяцаў Юлечцы: прыеду да яе. Хутка прыеду. Вярнуўся дадому з цвёрдым намерам развесціся. А тут навіна: у дачкі сынок нарадзіўся. І непрыемнасць разам: муж дачкі ў аферу трапіў, арыштаваны, то пакуль прыедзе дачка да нас. І неяк на другі план адышла мая Юлечка і маё каханне. І вінаватым сябе адчуў: пра якое каханне мне думаць, калі ў сям'і праблемы? Дачка прыехала, паўгода пражыла, і пачалі яны з маці меркаваць: як нашу кватэру трохпакаёвую прадаць, а купіць дзве — каб асобна дачушцы жыць, ёй жа і асабістае жыццё наладжваць, наперад глядзець — з тым палякам, мабыць, талковага жыцця не атрымаецца. Пачалі жонка з дачкой шукаць варыянты, мне даводзілі: як купляць, дык хай дачка абедзве кватэры, бо жонка — прадпрымальнік, нейкія дадатковыя праблемы могуць быць з падатковай. Мне ўсё адно было. На цэлы месяц паехаў у заробкі, вярнуўся ўжо ў аднапакаёўку — усё паспелі зрабіць мае жанчыны. Закруцілася: рамонт у кватэры дачкі зрабіць, мэблю ёй новую, у сваёй рамонт, мэблю. Працую і адчуваю сябе простым наймітам. Нават унука ад дзеда далей трымаюць. І усё болей выспявае маё рашэнне развесціся ды паехаць да Юлечкі. Год цэлы мінуў. Ды падумаў: прыеду з пустымі рукамі? Каб неяк крадком назбіраць грошай. Жонка ўладкавала на працу да свайго знаёмага прадпрымальніка — у таго вялікая крама, грузчыкам. А які з мяне грузчык? Я ж падсобным рабочым увесь час быў: прынесці, падаць, патрымаць, абеды-вячэры гатаваць. То і надарваў спіну. У бальніцы ляжаў, дома, хадзіў, нагу цягаў. Наслухаўся тады ўсяго: і які я нягеглы, і які бездапаможны, і жыццё маё нікчэмнае, і ні муж я, ні гаспадар, ні работнік. Заікнуўся я тады пра развод. А жонка ажно ўзрадавалася. І сама заяву падала. Праз тры месяцы нас развялі. Жонка рэчы мае спакавала і паставіла ля парога: кватэра, як выявілася, не наша, а падораная дачушкай ёй, маці. То няма тут і аднаго майго метра квадратнага. Пацягнуўся з двума пакункамі на вакзал, грошай трохі было. І першы раз напіўся ў кафэ, заснуў без памяці на вакзальнай лаўцы. Міліцыянер растаўхаў, зірнуў я — няма маіх пакункаў. Добра хоць, дакументы і грошы, прыхаваныя на сабе, засталіся. Паехаў я да Юлечкі. Вясна была. летась. На лецішча яе прыйшоў, стаю, назіраю незаўважна. А яна на градах корпаецца. І побач з ёй мужчына, мажны такі, вясёлы. І яна вясёлая. Усміхаецца яму, капаюць зямлю рыдлёўкамі разам. Пабег я адтуль, бы злодзей, якога ледзь не схапілі за каўнер. Вось так. Надта позна я прыехаў. Абяцаў хутка, а прайшло тры гады. І жыццё прамінула. Усё і цалкам. Прабачце, маладыя людзі, за такі доўгі аповед. Першы раз сам шчыра і без прыхарошванняў і апраўданняў зірнуў на сябе. Тое дрэнна, што напрыканцы жыцця разумееш нарэшце галоўную ісціну: казаць і рабіць трэба тады, калі ты хочаш тое казаць і тое рабіць, а не тады, калі з'явіцца магчымасць. А іначай — усё пад адхон.