— Вяргейчык, мне тут апавядалі, што ты вельмі артыстычны, і фільм такім цікавым атрымаўся дзякуючы найперш тваёй фантазіі. Што ж ты гэтулькі гадоў хаваў свой талент?
— Ды. Неяк нагоды добрай не было, Рэгіна Казіміраўна, — знайшоўся я. — А пра мае здольнасці перабольшваюць.
— Бач, ты яшчэ і сціплы, добра.Макар, у цябе, я так разумею, яшчэ такія ж лісты?
Ромка замяўся на хвіліну, падхапіўся з крэсла (дырэктарка працягвала стаяць), адказаў са шкадобай у голасе:
— Так, Рэгіна Казіміраўна, не будзем маніць. Мы падрыхтавалі лісты да вас, у аддзел адукацыі, у міністэрства. Але адпраўляць пакуль нікуды не збіраемся, спадзяёмся.
— Спадзеяцеся, але ж не давяраеце, так?
Я сцяўся. Мы чакалі такога пытання, прадумвалі на яго адказы, да пэўнасці цалкам не дайшлі. Ромку выкручвацца.
— Не ў даверы справа, Рэгіна Алегаўна, — пачаў Ромка нечакана ўпэўнена. — Мы, збіраючыся да вас, падумалі: а раптам вы нам падкажаце менавіта самім звярнуцца вышэй? Мы ж не ведаем, як вырашаюцца такія справы.
— Дыпламат. сядай, не стой.
Дырэктарка сама села за стол, нейкі час маўчала, потым роўным голасам сказала:
— Не трэба больш ніякіх папер. Вы зрабілі дастаткова. Не будзем цяпер браць тлумачальную ад кожнага, хто там быў, на здымках. Пытанне фактычна вырашана на нашым, мясцовым узроўні. Канечне, факт таго звароту ў міністэрства дужа непрыемны для нас, не буду хаваць. Надалей, калі ласка, улічвайце такія моманты з напоямі. Вы задаволеныя адказам?
— Дык... Антося Сямёнавіча не паставяць нашым класным кіраўніком? — задаў пытанне Ромка.
— Можаце мне паверыць, класнае кіраўніцтва вашым класам не звязана з тым пасквілем. У Антося Сямёнавіча з'явіліся пэўныя сямейныя праблемы. Паўгода пабудзеце з Наталляй Іванаўнай. Яшчэ ёсць пытанні?
Мы выйшлі з кабінета з няўцямнымі пачуццямі. З аднаго боку, здаецца, дасягнулі свайго, з іншага — а што змянілася? Але хай будзе, як ёсць, абы горш не было.
Мы стаялі каля «свайго» акна, калі да нас падышоў Юрась. Ці мне падалося, ці насамрэч у яго быў трохі зацкаваны выгляд. І нешта яшчэ непрыемнае ў позірку. Магчыма, і крыўда — вось, не ўзялі з сабой, а мог бы дапамагчы, і адначасова — палёгка, маўляў, добра, што без мяне абышлося, увязвацца ў вашы разборкі — яшчэ дадуцца ў знакі.
— Што выхадзілі, хадакі? — спытаў ён у Ромкі бадзёрым такім голасам.
— Усё норм, — няпэўна адказаў Ромка і дадаў: — Усё будзе добра.
— Як яны вырашаць, так і будзе, — хмыкнуў Юрась і звярнуўся да Уладзі: — Слухай, юны Васерман, скажы мне па-сяброўску: колькі ў нашым горадзе народу і колькі было ў пачатку гэтага стагоддзя?
Уладзя раптам гучна і цяжка задыхаў. Ён зняў акуляры, зноў надзеў і нечакана выдаў:
— Я табе больш не сябра!
На твары Юрася застыла ўсмешка, ён з вышыні свайго росту глядзеў на маленькага Уладзю, а ўсмешка расцягвалася ў грэблівую грымасу.
— Ты што, з'еў дрэнь нейкую? Ці ад чытання энцыклапедый дах паехаў? Не ведаеш, так і скажы, вікіпедык.
Паважаныя чытачы!
З-за прыкрай недарэчнасці, выкліканай тэхнічным збоем, у папярэднім нумары «Маладосці» ў рамане была прапушчана частка тэксту. Яе кароткі змест такі: пасля таго, як Кір пабачыў на плячы Ядвісі радзімку ў выглядзе матылька, ён вырашыў запрасіць яе дадому. Адбываецца сустрэча, падчас якой Кір расказвае, што ў дзяцінстве ён, Уладзя і Юрась штогод адпачывалі ў адным летніку, а ў адзін год ля ручая, дзе бавілі час, вельмі моцна напалохалі дзяўчынку, кінуліся яе праганяць. Яна ўцякала ад іх, тады Кір і пабачыў на яе плячы ружовага матылька. Дзяўчынка звалілася з абрыву, моцна пабілася. Хлопчыкі спужаліся яе маці, якая ішла да капальні, і збеглі. Маці прынесла дзяўчынку ў летнік, адкуль яе забрала «хуткая». Хлопчыкі чакалі, што іх пазнае маці дзяўчынкі, хаваліся, але ўсё прайшло быццам бясследна для іх. Толькі Кіру пачаў сніцца матылёк. Ядвіся прызналася, што тады маці даведалася іх імёны і адкуль яны – важатыя расказалі, дзе бавіць час тройка сяброў. Ядвіся вельмі захварэла, не магла спаць, усё падала ў прорву, і яе бабульцы трэба было ведаць імёны віноўнікаў, каб адшаптаць унучку ад перапалоху. Цяпер Ядвіся сама выбрала школу, каб сустрэцца з імі і зразумець: чаму так жорстка абышліся з ёй тады невядомыя хлопчыкі, а галоўнае, якімі яны сталі? Але помсціць яна не будзе.