Выбрать главу

Паўз нас за нашымі спінамі праходзілі людзі, нехта нават буркнуў кшталту таго, што зусім моладзь разбэсцілася. Вось жа, хіба мы некаму замінаем?..

— Яна адмыслова ў нашу школу прыйшла?

— Ага.

Мы зноў маўчалі.

— Кір. табе варта падысці да Ядвісі і расказаць, як усё было. З Юрасём.

— Не, Уладзя. Яна сказала — ненавідзіць. І не прабачыць.

— Можна патлумачыць, яна ж — разумніца, мусіць зразумець.

— Ты дапяць не можаш пакуль, а да мяне дайшло. Мне Зіначка на развітанне ведаеш, што ска­зала? Пачуццям патрэбныя справы і ўчынкі, а не тлумачэнні. Здавалася, банальшчына, па вушах праехалася. А потым уявіў. Вось ты стаіш перад ёй, кажаш ёй разумныя, лагічныя, поўныя праўды словы, кажаш пераканаўча, горача. Але што толку з іх, калі яна цябе ненавідзіць? Калі ты ёй агідны? Яна ж проста не чуе, разумееш? Бо цяпер я нават не ў фрэндзоне, як ты!

— Здаецца, даходзіць... Тады я сам падыду.

Уладзя ўзняўся, падхапіў заплечнік.

— Ты гэтага не зробіш, — усміхнуўся я яму знізу, устаў.

— Чаму? — з выклікам спытаў Уладзя, быццам я засумняваўся ў яго смеласці.

— Бо я табе кажу не хадзіць. Я табе расказаў пра Ядвісю? Я даверыўся табе. Дык зрабі, як пра­шу.

— Ты псіх!

— Ідзі да д'ябла, — усміхнуўся я. — У тваёй Настачкі праз тыдзень дзень народзінаў. Падарунак выбраў?

— Не. — Уладзя скрывіўся ад сваёй разгубленасці ў гэтым, пэўна ж, важным для яго пытанні.

— Не прыдумаю.

— Яна ж гатаваць любіць, паедзем посуд зірнём ці што яшчэ гаспадыні шукаюць, распытаем жанчын там.

— Такі падарунак? Я думаў нешта з сувенірчыкаў.

— Ты лох! — пакпіў я без злосці. — Уяві: яна гатуе пірог і ведае, што патэльню ёй падараваў ты! Там жа не пірог — такое смакоцце само атрымаецца!

— А ты шарыш, — здзіўлена працягнуў Уладзя, радасна гукнуў: — Паехалі зараз!

І мы павярнулі не дамоў, а да прыпынку аўтобуса, каб ехаць у цэнтр.

Дамоў вярталіся ў прыцемках. Раптам пасыпаў з чорнага неба дробны, але спорны дождж, вуліца — тратуар, дарога, самі людзі ў куртках і паліто — заблішчэла ў жоўтым святле аднавокіх ліхтароў, якое раптам ажыло, напоўнілася мільёнамі зіхоткіх кропелек. Ісці заставалася нядоўга, мы не пабеглі, пагатоў што пад нагамі зрабілася адразу коўзка — было трохі ніжэй за нуль, адчувалася. Людзей на тратуары раптоўна паменшала, іх як растварыў гэты нечаканы халодны дождж. І вуліца стала больш нашай.

Мы нічога не купілі, прыцэньваліся, разглядалі, нават папыталіся ў прадавачкі: што лепей. І тая катэгарычна нам параіла: спытаць у гаспадыні, бо, па-першае, у яе такое можа быць, а па-другое, яна можа хацець нешта канкрэтнае.

— Як баішся, дык я спытаю, — прапанаваў я Уладзю.

— Ды я не баюся пытацца. Баюся, што адмахвацца пачне, яшчэ пакрыўдзіцца. От, скажа, патэль­ню мне захацеў купіць! — засумняваўся раптам Уладзя ў мэтазгоднасці такога падарунка.

— Слухай. А ты пачні шчыра: учора базарыў з Кірам, ён спытаў, ці выбраў я табе падарунак, і прапанаваў купіць табе нешта на кухню, бо ты ж любіш гатаваць, дык каб была і памяць, і карыснае, — без крыўды, але жорстка закрыў я тэму. — Усё, разыходзімся! Так і пытай.

Маці сустрэла ў вітальні, трошкі ўсхваляваная.

— Вой, галава мокрая! Зараз рушнік дам, выцірайся хутчэй. Не змёрз? Мо пад душ гарачы?

— Ды не, усё добра.

— А ў нас госці — дзве мае аднакласніцы, уяўляеш, — усміхалася вінавата маці. — Мы там заселі на кухні, ты ўжо выбачай — ідзе перадача «Чакай мяне!», а там, уяві, наш аднакласнік знайшоў сястру! Так цікава. — маці прынесла ручнік, чакала, пакуль я вытру галаву. — Пайшлі, сынок, на хвілінку, я цябе пакажу сяброўкам.

Я уздыхнуў, але што зробіш? Зайшоў на кухню, павітаўся. Дзве цёткі сядзелі на канапцы за на­крытым сталом, на выгляд — старэйшыя за маю маці. Адна — гэткая тоўстая, у джынсах, кофце ў абліпку, якую яна хіба знарок апранула, каб вось так, седзячы, дэманстраваць пяць таўсценных складак тлушчу і яшчэ там чаго ад шыі і да ног. Падстрыжаная зусім коратка, валасы выбеленыя, тонкія, бы поўсць нейкая. Але вось што незвычайна — твар яе быў прыемны: вочы вялікія, светлыя, глядзяць з жывой цікавасцю і зычліва, нос акуратны і вусны нятлустыя, прыгожыя. Яна ўсміхалася мне гэтак шчыра і радасна, рыхтык нязнама колькі гадоў чакала тут майго з'яўлення: