Выбрать главу

— А-ёй, Волечка, ды твой сын — вылітая ты! Ай, які прыгажун! Ну, сапраўдны мужчына!

Другая жанчына была станам падобная да маці: невысокая, не худая, але нейкая ўся вуглаватая:

плечы вострыя. Чорныя, відавочна ж, пафарбаваныя валасы да плячэй падстрыжаныя гэтаксама

— рэзкімі лініямі, і на лоб стрэшка падае строга наўскос, валасок да валаска. І твар. твар быў ста­ры. Я нават падумаў, што маці нешта пераблытала: гэтая цётка, можа, іх настаўніца? Бо ж вакол вачэй — зморшчыны, зморшчыны па ўсім твары, з двух бакоў ад носа — тонкія складкі скуры, скулы рэзка акрэсленыя, мабыць, яна аднекуль з Усходу. татарка хіба.

— А вось вусны — бацькавы! — сказала яна, а голас быў нечакана тонкі і дзіцячы.

Не сказаць, каб мне было ўтульна стаяць перад двума парамі жаночых вачэй, ды яшчэ маці абдымала. Але трываў, адчуваў па лёгкім, ледзь улоўным трымценні далоняў маці на плячах, што ёй прыемна і хвалююча. І яшчэ мне было радасна ад думкі, што мая маці — такая прыгожая сярод сваіх аднакласніц!

— Смачна вам есці! — пажадаў я.

Мне хорам усе трое падзякавалі, маці замітусілася — пачала збіраць мне вячэраць:

— Сынок, я табе ў пакой прынясу, добра? Мы ўжо тут даглядзім, так цікава.

— Няма праблем, якія пытанні!

Жанчыны гучна гаманілі на кухні, і хоць маці прычыніла дзверы, я чуў і іх гамонку, і галасы, і музыку з тэлевізара. Бач, іх аднакласнік дзякуючы шоу адшукаў сястру. І радасць у людзей, цэлае шчасце. Для некага так важна знайсці сваіх. Калі б знайшоўся мой бацька, што б я адчуў? Хочацца, каб ён быў. чалавекам. Каб павініўся за ўсё — за тое, што кінуў нас з маці, за тое, што не з'яўляўся гэтулькі гадоў. Каб быў. ну, хай не заможны надта, але каб у яго было ўсё: кватэра, аўтамабіль. Маці ці б даравала яму? Мабыць, так. Хоць у яе зараз ёсць мужчына, але б у мяне з'явіўся баць­ка. І я з'ездзіў бы да яго ў госці, ці ён прыехаў на сваім аўто. Мы б размаўлялі з ім шчыра. Хіба я не зразумеў бы яго? Гэтулькі давялося ўсяго перацерці ў мазгах за гэты час, зразумеў бы.

А Ядвіся? Хіба ж яна не будзе шчаслівая, калі даведаецца, што яе бацька, да прыкладу, — вядомы паэт?

Я знайду Ядвісінага бацьку!

Ажно падскочыў з канапы і плюхнуўся ў крэсла ля компа.

«Пачуццям не патрэбныя тлумачэнні, адно учынкі і справы».

Я знайду бацьку Ядвісі.

Не праз гэты тэлевізар. Іншым шляхам. І тады. тады я змагу падысці да Ядвісі. Хіба ёй не будзе цікава: хто яе бацька, дзе жыве, кім стаўся? Тым больш яна ж кажа, што нарадзілася ад кахання, ні ў чым бацьку не вінаваціць, неяк па-асабліваму аберагае.

Я згадваў гісторыю Ядвісі, якую яна апавяла мне вось тут, седзячы на канапе. Яна казала, маці працавала ў школе, а жыла ў бабулі. І пазней Ядвіся была з бабуляй. Значыць, гэта тая вёска, якая стаяла блізу летніка. А ў якім раёне быў летнік? Што было яшчэ побач? Вось жа, не цікавіліся ніколі. Я пайшоў на кухню, пачакаў пад дзвярыма адноснай паўзы ў гутарцы, зайшоў, запытаўся ў маці. Яна здзіўлена заміргала, але я адно усміхнуўся: «Трэба». Маці назвала раён і найбліжэйшую вялікую вёску.

На мапах Гугла была і тая вялікая вёска, і летнік быў. І быў нават наш ручай! Але не было той вёсачкі. Угадаў месца колішняй капальні — лысы ўзгорак, бегла з яго нітка дарогі. да вёскі мусіла бегчы, але на мапе вёскі не было, і на спадарожнікавых здымках адно два шэрагі дрэў угадваліся. Ніводнай хаты. Трохі наўзбоч — роўны чатырохкутнік, засаджаны дрэвамі. Здагадаўся: тыя самыя могілкі, дзе ляжыць Ядвісіна бабуля.

Нічога, у нас ёсць райцэнтр. Сямнаццаць гадоў таму там працаваў па размеркаванні малады спецыяліст з Мінска. Якія праблемы? Вось табе і сайт раённай газеты. Вось тэлефоны. Ледзь утрымаў сябе, каб не набраць нумар, сам з сябе пасмяяўся — то ж рабочыя, зараз вечар.

Маці правяла сябровак, зайшла спытаць, як мае справы.

— Норм, мам! А як ты?

— Ды таксама ўсё добра. Пасядзелі вось, паўспаміналі. Нат не верыцца, што час так праляцеў. Некалі былі дзяўчынкамі.

— Мам, слухай, ты ў параўнанні з імі маладзейшая на дзесяць гадоў!

Маці ўсміхнулася неяк сумнавата, уздыхнула.

— Жанчыну не гады робяць старой. Таццяна, якая поўная. У яе дыябет, жыве на ўколах. Пасля родаў другога дзіцяці хварэла. Лячылі гарманальнымі пігулкамі, яе і разнесла страшэнна. І скінуць вагу не змагла потым, нешта там парушылася. Яна зычлівая, вясёлая і добрая. А Хрысціна. Двойчы была замужам, не магла зацяжарыць. Па дактарах ездзіла. Па манастырах і цэрквах, у паломніцтве была. Кажуць, усё добра, а дзіця займець не можа. Гэта яе і забівала. За­раз адна. Вось так.