Выбрать главу

— А як яго імя?

— Не трэба перапыняць старэйшых, дружа, ты збіваеш мяне з думкі. Ён падараваў мне кнігу сваіх вершаў, казаў, кніга ў яго ці не трэцяя, вось як. Сам ездзіў у нейкую вёску. яе за­раз ужо і няма, у нас многа вёсак знікла, што ж, невялічкія, не перспектыўныя. Людзі хочуць жыць з выгодамі, от ты б хацеў жыць у вёсцы, дзе ні газу, ні крамы, ні школы? От. А кніжку я згубіў. Вяртаўся з працы, сустрэў сябра, пасядзелі ў парку, у нас стары, прыгажэнны парк. Дамоў прыйшоў — кніжкі няма. А то б я табе сказаў імя, абавязкова сказаў. А так — не памятаю, ніякая памяць, ніякая. І назвы кніжкі не помню. Ніякая памяць.

— Дзякуй вам! Усяго найлепшага! — і я адключыўся.

Ледзь дачакаўся канца заняткаў, падганяў Уладзю, як ішлі дахаты. Муляла папытацца ў яго: як лепш шукаць, але раптам перадумаў: потым падключу сябра, пакуль сам. Пашукаю ў сеціве, павінны ж быць нейкія Вікіпедыі, усіх паэтаў, якія падыходзяць па ўзросце. Пачытаю біяграфіі. Не можа быць, каб не было напісана, дзе які распачынаў сваю працоўную дзейнасць!

Крадком спадзяваўся на халяву: раптам па запыце «пачынаў сваю працоўную дзейнасць у раённай газеце «Новы шлях» выскачыць нейкае імя. Не праскочыла халява. Мяняў словы ў запыце — нічога не дапамагло. Што ж, пачаў складаць спіс.

За два дні я назбіраў каля трох дзясяткаў паэтаў патрэбнага мне года нараджэння. Яшчэ дзень вышукваў біяграфіі тых, у каго заставаліся цьмяныя плямы ў пачатку працоўнай дзейнасці. Ні адзін не падышоў. Але ж заставаўся яшчэ ўніверсітэт, хоць цяпер, пасля званка ў рэдакцыю раёнкі, аптымізм мой зменшыўся : прыеду, што і дзе мне пытаць? І на якой падставе нехта пачне клапаціцца? Лягчэй жа проста сказаць: «Не можам» і паказаць на дзверы, хто будзе марнаваць свой час на патрэбу вучню?

Кволая надзея неспадзявана варухнулася падчас урока літаратуры. Наша Яўгенія Львоўна прыйшла з навіной: з Новага года пачнецца конкурс «Спроба пяра», дык каб усе ахвотныя пісалі вершы і апавяданні. І надта ж прасіла не падвесці яе. Наколькі я ведаў, літаратурным талентам у нашым класе ніхто пахваліцца не мог. Настаўніца заахвочвала нас магчымасцю раскрыцца і творча расці — як, да прыкладу, Алеся Трында з паралельнага класа. Яна ўдзельнічае ўжо колькі гадоў, яе вершы нават друкаваў рэспубліканскі часопіс і маладзёжная газета.

І я падумаў, што яна можа некага ведаць.

Алеся меней за ўсё ўдавала на паэтку. Ростам вышэйшая за мяне і ў два разы таўсцейшая. Павольная такая. Ну, проста кабеціна, а не дзесяцікласніца. Пастаў спінамі яе і завуча, дык яшчэ ўгадай, хто з іх — вучаніца, хто — настаўніца. Але вось твар у яе зусім дзіцячы. Алеся з такой цікавасцю выслухвала маю праблему, бы я ёй вершы чытаў, далібог. І вось разумніца, адразу ж вы­дала:

— Я магу папытацца ў аддзеле паэзіі часопіса, каго яны ведаюць такога ўзросту. Але, скажу табе, сёння многія выдаюць свае кніжкі за свае грошы, паэтаў шмат, а чытачоў практычна няма. То і не ведаюць нават адзін пра аднаго. Ведаеш, варта табе лепш звярнуцца да старшыняў абласных аддзяленняў. і абодвух Саюзаў пісьменнікаў.

— Абодвух?

— Ну так, у нас два Саюзы пісьменнікаў.

— А што, у адным усім месца не хапіла?

Алеся паціснула плячыма.

— Я не ведаю, але два. Я маю іх тэлефонныя даведнікі, там усе-усе занатаваныя. Лепш старшыняў пытацца, яны ведаюць сваіх. Праўда, калі мінскія, гарадское ці абласное, дык яны надта вялікія, тут цяжэй.

— Нясі даведнікі, а я табе — шакаладку!

Алеся ўсміхнулася крыху сарамліва і нечакана выдала:

— Не хачу шакаладку. Тут уся школа кажа, што ты — вялікі прыдумшчык, цэлы сцэнар напісаў. Можна, я дам табе пачытаць сваё апавяданне? Я вырашыла пісаць прозу, бо вершы нікому не па­трэбныя. І саромеюся дасылаць у рэдакцыю, раптам зусім нягегла.

— Мне? Пачытаць? — я ажно адступіў на крок. — Вось я выславіўся. ужо, як яго, крытыкам зрабіўся?

— Ну. мне здаецца, ты зразумееш. Дзе што не так. Дык я прынясу?

— Слухай, а калі мне не спадабаецца? Так і казаць?

— Кажы. Толькі патлумачыш, чаму. Каб я змагла выправіць. Калі можна будзе нешта выправіць.

— Ну, нясі. На паперы, не люблю на экране, добра?

Назаўтра Алеся прынесла мне невялічкія кніжачкі — тэлефонныя даведнікі і старонак дваццаць тэксту. Я цішком пацешыўся — не так і шмат. Тым вечарам не пачаў адразу пошукі — лёг чытаць раздрукаваны тэкст. Пачытаў. Здзівіўся. А класна ж! Думаў, будзе яна баяць пра нешчаслівае каханне, а яна пра тое, як качак у гарадской сажалцы карміла. Як зіма была, качкі па лёдзе хадзілі, а людзі кідалі ім ежу. Неяк усё і проста, ды ўзнікала думка пра пэўную нелагічнасць такой карцінкі, і Алеся задумвалася над тым, чаму няправільна карміць качак узімку. Так, варта шкадаваць, але ж мы сваім шкадаваннем адвучылі птушак ад выраю, ад палёту. Сталі качкі утрыманцамі. І далей зусім такі нечаканы крок — да людзей. Людзі цяпер нават не імкнуцца ў неба — як мы качак гэтых лянотных, так і нас корміць нехта нябачны.