Выбрать главу

Нічога сабе ў яе думкі! Красава наўпрост, хіба што задоўгія сказы, на цэлы абзац, пакуль прадзярэшся да канца, дык забудзеш, з чаго пачынаў. Не стаў чакаць заўтра, патэлефанаваў Алесі. І сказаў, што думаў.

— Дзякуй, дарагі Кір! Дзякуй-дзякуй! — так узрадавана закрычала ў адказ яна, усё адно як я паведаміў пра публікацыю яе апавядання ў мажным часопісе. Ды яшчэ «дарагім» дражніцца.

— Ты там не ашалела? З чаго я табе дарагі? — засмяяўся я.

— Бо шчыра ўсё сказаў! Я так баялася, што мае думкі будуць недарэчныя.

— Нармалёвыя думкі і цікавыя. Пра сказы доўгія я табе сказаў. А, яшчэ ты напрыканцы наўпрост заклікаеш не спадабляцца гарадскім качкам. Мне не пакаціла. Навошта ў лоб вучыць іншых, як наш Швондзер? Хай самі думаюць, ты ж падказала. Ну, я так мяркую.

— Вой, Кір, які ты разумны! І праўда, навошта дыдактыка, ды яшчэ ад вучаніцы. Прыбяру, і сказы паразбіваю! Слухай, ты бяры сабе Саюз пісьменнікаў, каторы. ну, афіцыйны, а я — другі. Пачнём разам. давай з Берасцейшчыны, па алфавіце. Добра?

Ніяк не чакаў яе шчырай падмогі. Вось жа, падумаў бы раней на гэтую тоўстую няўклюду, што яна — такі добры чалавек? Усяго пачытаў ды выказаў свае думкі.

І яна, Алеся, знайшла. Праз дзень.

— Кір! Кір, ёсць! Адшукаўся твой паэт! Ён сапраўды пачынаў у газеце «Новы шлях», мае на сёння ўжо чатыры кніжкі. Праўда, імя зусім не гучнае, узровень абласнога. Запісвай: абласная газета. Тэлефоны. Я цябе віншую! І дзякуй табе яшчэ раз. Я ўсё выправіла!

— Табе дзякуй, дзіўная ты! — на пэўны час разгубіўся я — не верылася, што сапраўды пошукі скончыліся і скончыліся ўдала. Нават асаблівай радасці не было, не ведаю і чаму. Раптоўна захваляваўся. Ляжыць перада мной аркушык: Васіль Матыль, загадчык аддзела сацыяльных праблем абласной газеты. А што далей? Паехаць да яго ды ў лоб з парога: «Дзядзька, у цябе ёсць дачка»?

Карацей, я завіс.

Пачаўся снежань — сцюдзёнымі вятрамі, макрэддзю і поўнай адсутнасцю снегу. Маразоў не было, малыя на школьным двары гулялі ў хакей на асфальце. Сонца, здавалася, знікла назаўсёды за тоўстай шэранню нябёсаў. Няўтульна, холадна.

Але ж — у хуткім часе Новы год! Трэба ўсім ладзіць свята. Вось і загад дырэктара падаспеў: да 15 снежня каб кожны клас стварыў святочны настрой у сваім кабінеце і падзяліўся гэтым настроем з вуліцамі! Конкурс будзе, спецыяльнае журы ацэньвае. Нам шанцуе, як беднаму жаніцца: класны пакой на вуліцу і ажно на тры акны. Зноў пачнецца: выразанне сняжынак, маляванне дзеда Мароза і Снягуркі, развешванне гірляндаў. Ну, падумаць, дык з вуліцы ўвечары школа выглядае насамрэч трохі святочна. Але сэнс? У каго ў такі час уздымецца настрой ад гэтай вясёлкавай ілюмінацыі і вялізных папяровых сняжынак? Няма снегу. Маці абмовілася — выраслі цэны, бутэлька шампанскага за год падаражэла ўдвая, як і цукеркі, як мяса. Я раней і не задумваўся над коштамі, а тут атрымліваецца, яны ўплываюць на настрой людзей куды больш, чым размаляваны школьныя вокны.

Наталля Іванаўна, завуч, якая цяпер у нас за класную, зайшла на перапынку, павіталася.

— Так, сябры, засталося чатыры дні. Калі ласка, давайце прыдумляйце, каб наш клас быў не горшы за іншыя. Вы паказалі сваё майстэрства крэатыву, таму я чакаю.

І пайшла. У яе ж не адны мы, уся школа — тут не да агульнай распрацоўкі канцэпцыі, як кажа Ромка. Ён падышоў да мяне:

— А давай здзівім!

— Я заняты, праўда, Ромка. Справа з'явілася.

— Нарадзі ідэю!

— Я табе не жанчына.

— Ну, Кір, будзь чалавекам!

— Слухай, Ромка. Навошта? Які сэнс?

— Не хачу рабіць фігні, ты ж ведаеш! — і раздумліва, сур'ёзна дадаў: — Сапраўднае людзей яднае, а як абы з рук, дык потым разбегчыся хочацца ў розныя бакі і вочы іншых не бачыць. Ты ж сам адчуваеш — у класе зусім не так пасля здымак.

— Дык што ты хочаш?

— Халера ведае. Вось каб сапраўды нешта такое: ішоў чалавек паўз школу, зірнуў на нашы вокны і ўсміхнуўся, хоць крышачку яму пацяплела.

— Пацяплела?

Я знайшоў вачыма Ядвісю. Яна стаяла адна, ля акна, абхапіўшы сябе рукамі. Як жа захацелася падысці да яе, сказаць ціха і ўпэўнена: «Неўзабаве будзе вясна. І лелькі ажывуць.»

— Неўзабаве будзе вясна.

— Што? — Ромка адхіснуўся ў здзіўленні.

— Што чуў. Хутка вясна, патрывайце, людзі! — упэўнена паўтарыў я, і раптоўная карцінка склалася: — На ўсе тры акны робім з каляровай паперы краявід: зялёны луг, сіняя рэчка, блакітнае неба. Дзяўчына ў лёгкай чырвонай сукенцы выпускае з далоняў віхур ружовых і жоўтых матылёў. І словы: «Трывайце, людзі! Вясна хутка!»