Сядзеў, перачытваў, хацелася ўявіць, што адчуе бацька Ядвісі, калі будзе чытаць гэтыя радкі? А можа, я дурны і нічога не кемлю, можа, ён даўно захрас у сваім сямейным жыцці і побыце і нічога не памятае з таго выпадку, даўно забытая ім лясная дарога.
Зайшла маці, мімаходзь зірнула на манітор, правяла рукой па маёй галаве:
— Думаю, што ў цябе за цішыня, не чуваць звычайных галасоў тваіх герояў... Чытаць зараз задаюць з манітора?
— Ды не. Я сам напісаў, — неспадзявана для сябе прызнаўся я.
— Цікава, і што ты напісаў? — хутчэй больш з ветлівасці, чым цікавасці, запытала маці.
— Апавяданне пра каханне, — не мог утрымацца я ад узніклага жадання падзяліцца.
— Ого! Ты адкрыў у сабе здольнасць пісаць? — гэтым разам шчыра здзівілася маці.
Яна стаяла побач, трымала руку на маім плячы, і хоць галава яе была павернутая да манітора, ведаў: яна ні слоўца не прачытае. Колькі ўжо было раней, падчас майго заседжвання ў сацыяльных сетках, яна падыходзіла, нагадвала пра вячэру ці ўрокі, ці пра смецце, якое трэба вынесці, але ніколі не цікавала за тым, што я пішу ці чытаю. Напачатку я спалохана згортваў браўзер, касавурыўся, але аднойчы маці сказала: «Без твайго дазволу нічога чытаць не буду. Абяцаю раз і назаўсёды». І я паверыў, чаму не паверыць? Ні разочку не западозрыў маці ў яе патаемным жаданні зірнуць хоць адным вокам на ліставанне.
— Мам. — раптоўна вырашыў я. — А пачытай і скажы — ці добра?
— Мне ацаніць тваё апавяданне? — усміхнулася, ускудлаціла валасы. — Які ж з мяне крытык?
— Мне чытач неабходны. Дарослы. Каб сказаў: ці цікава, ці добра, ці можна хоць чытаць.
— Шмат чытаць?
— Ну. пятнаццаць старонак. А я посуд памыю. што яшчэ зрабіць?
— Добра, ідзі мый, хопіць пакуль, — з усмешкай пагадзілася яна.
Не думаў, што мае рукі будуць дрыжэць, калі пайшоў на кухню. І чаго так расхваляваўся?
Маці выйшла не хутка — я ўжо пачаў ёрзаць, фільм ў тэлевізары ніяк не заходзіў. Яна прыадчыніла дзверы і знерухомела, скіраваўшы на мяне позірк, у якім. Там было захапленне, і вочы былі чырвоныя і мокрыя!
— Я не ведаю і пытацца не буду, табе хто расказаў такую гісторыю, ці ты сам яе прыдумаў. Але апавяданне — супер! — урэшце вымавіла маці, а голас яе крышку падрыгваў. — Я чытала і на сярэдзіне забылася, што гэта стварыў мой сын. Прабач, але ніколі б не падумала, што ты можаш так пісаць. Вельмі ўсцешаная. Вельмі.
— Дзякуй, мам.
Я быў шчаслівы.
Засталося пачакаць канікул. Яны хутка. І хутка Новы год, пра які мне думаць не хацелася. Раней мы сустракалі яго заўжды ў мяне, утрох: Уладзя, Юрась і я. Добра наядаліся прысмакамі, якія і хлопцы прыносілі, і мама гатавала, пасля ішлі на гарадскую плошчу — там тусілі гадзіны да трэцяй ночы, калі было цікава. А як не, дык разыходзіліся раней. Летась на навагодні баль, як гучна называюць пераднавагоднюю дыскатэку ў школе, не зазіралі — нецікава. І ў гэтым годзе я дакладна не пайду.
Неяк спакваля, незаўважна, Юрась і Ядвіся аддаліліся ад усіх. Я амаль фізічна адчуваў дыстанцыйны халадок, які ўзнік ля Ядвісі. Да яе не спяшаўся, як раней, падыходзіць Ромка. Настачка, якая кожную перамену круцілася ля Ядвісі, цяпер зазвычай была на перапынках разам з намі — з Уладзем, мной і Ромкам. У сталоўцы ніхто з нашых не бег сесці за стол, за які сядалі Ядвіся і Юрась.
Мне было балюча. Ядвіся амаль ніколі не ўсміхалася, яе голасу на перапынках не было чуваць.
Лічыў дні да навагодняга свята, якое сустрэў ва Уладзі, — маці, выбачаючыся і саромеючыся, папрасіла яе адпусціць сустрэць Новы год у Вільні. Ну, не адной, вядома. Я быў рады за яе. Так прыемна было бачыць яе шчаслівай і вясёлай. Да Уладзі назбіралася чалавек дзесяць, хадзілі на плошчу, якая была шэрай і мокрай, — снегу і маразоў мы так і не пабачылі. Пад парывамі ветру ківалася на плошчы аднабокая ёлка, купкамі стаялі людзі. Ні жартаў, ні смеху, нават петард не чуваць — міліцыянераў паўсюль, бы «сняжынак» на ранішніку ў дзіцячым садку, плошча агароджана, з нечым такім і не пройдзеш. Сустрэлі сваіх — адну, другую тусу, і да Уладзі вярнуліся ці не ўсім класам. Але ягоная маці нас не пагнала, мы дурэлі разам да раніцы, нават ладзілі неблагія танцы. Я быццам і быў разам з усімі, але кожную хвіліну адчуваў сябе акцёрам у не надта прыемным мне спектаклі.