З кім і дзе сустракала свята Ядвіся, я не ведаў.
Пасля Новага года адзначаў у календары дні, аб'яўленыя непрацоўнымі. Не помню, колькі разоў прачытаны і выпраўлены тэкст майго апавядання ляжаў, запакаваны ў тэчку. Дзень я вызначыў, з маці пра ўсё дамовіўся, грошай яна мне дала. Дзве гадзіны на электрычцы — не такі і доўгі шлях.
Хваляванні зніклі, калі я набыў квіток і сеў у паўпусты, але нечакана цёплы вагон. Ні пра што ў дарозе не думалася — я глядзеў на бясснежныя палі, дзе шэрыя, дзе зялёныя ад руні, на голыя ўзлескі. Электрычка спынялася на безлічы прыпынкаў, не паспеўшы як след набраць хаду, але я настроіў сябе на доўгую нудную дарогу. Уваткнуў навушнікі ў вушы, уключыў музыку — што патрапілася. Ведаў, дзе шукаць рэдакцыю абласной газеты, — палазіў у сеціве, ведаў свой маршрут ад вакзала. Пайшоў пехатою, хоць па мапе выпадала больш за два кіламетры.
Захваляваўся тады, калі ў доўгім калідоры рэдакцыі маладая жанчына з высокай фрызурай, у дзелавым строі — белая блузка, чорная спаднічка і фрэнчык, пачуўшы пытанне пра Васіля Матыля, зірнула з незразумелай усмешкай і прамовіла:
— Вам вунь у тыя дзверы, перадапошнія па левым баку. Калі ён здольны вас прыняць.
У яе словах была і насмешка — не з мяне, а з паэта, і заўсёднае раздражненне, і жаль да мяне. Я не разумеў гэтага клубка пачуццяў, але раптоўна ўстрывожыўся. Стукнуў двойчы ў дзверы дзеля прыліку, не думаючы, што пачую запрашэнне, адчыніў.
Хоць фортка акна была прыадчыненая, у невялікім кабінеце на два сталы быў густы смуродны пах. Перагар. За адным сталом сядзела дзяўчына гадоў дваццаці, у вялікіх акулярах, дробненькая, амаль уся схавалася за маніторам. Валасы на яе галаве былі незвычайна для такой маладой гладка зачэсаныя назад і звязаныя ў пучок. А вушкі — маленькія і пацешныя, зусім дзіцячыя. За другім сталом сядзеў мужчына, гадоў сарака пяці ці нават больш, але з цалкам пасівелай галавой. Ён быў у гарнітуры, белай сарочцы пад гальштукам, ды ўсё выглядала бы ў нашага Швондзера
— пакамечаным і нясвежым. Ён павярнуў свой твар — чырвоны, з адвіслымі складкамі скуры пад вачыма. Позірк быў цьмяны, абыякавы, хоць вусны і пасунуліся ў спробе ўсміхнуцца.
— Заходзьце, заходзьце, — прамармытаў ён. — Па якой вы справе?
Я павітаўся. І ў той жа момант мне собіла павярнуць назад, але ззаду як што падштурхнула, і я зрабіў два крокі да стала.
— Вы ж Васіль Матыль?
— Ну, пакуль я Матыль, як ніхто яшчэ не перахрысціў, — нязграбна пажартаваў ён.
Яму было вельмі блага, відавочна. Аблізнуў перасмяглыя бясколерныя вусны, якія здаваліся чужымі на чырвоным твары, каўтнуў. Узняўся, зрабіў два крокі да невялічкага століка ў куце
— там стаяў графін каламутнага белага шкла з вадой і дзве шклянкі. Ліў марудна, мабыць, з асцярожнасці, і стаў піць, адвярнуўшыся спінай. Ззаду яго штаны блішчалі. Вярнуўся, сеў, адкінуўшыся на высокую чорную спінку крэсла.
— Калі да мяне, то прашу, слухаю вас!
У голасе гучала штучная напышлівасць і імкненне выглядаць годна, відаць, яму самому было крыху няёмка — не адышоўшаму ад учарашняй п'янкі — перад нечаканым наведвальнікам.
Я мусіў падысці да яго, дастаў з заплечніка тэчку. І хоць збоку бы нехта скуголіў мне: кінь, не давай яму нічога, няўжо ты не бачыш, перад табой п'яніца горкі, зірні на каўнер яго кашулі, ён брудны, амаль шэры, зірні на вузел гальштука, увесь зашмальцаваны, няўжо такі бацька патрэбны Ядвісі — я паклаў паперы на край стала:
— Вось. Апавяданне напісаў.
— О! Проза — добра, вельмі добра. А то ўсе пішуць вершы. Вершы, якія чытаюць адно самі ды вось я, як іхні рэдактар. А хто чытае мае? Правільна, ніхто, — мармытаў ён, паляпваючы пальцамі, але не расшпільваючы пластыкавую тэчку.
І добра, што ён не стаў гэтага рабіць. Добра, што не схапіўся, не стаў чытаць, запрасіўшы прысесці. Бо мне было невыносна знаходзіцца яшчэ хоць колькі побач з ім.
— А вы скуль, малады чалавек? — гэтым разам Матыль узняў бляклы позірк, у якім адбілася крышачку цікавасці.
— Там ёсць нумар майго тэлефона, — унікліва адказаў я. — То я пайду, да пабачэння.
— Ага, добра, — хітнуў ён галавой, зноў апусціўшы вочы ў стол.
Дзяўчына за гэты час не падала і гуку, не адвярнулася ад манітора.
Я выйшаў. У другі раз адчуў невымоўную пустэчу. Так было, калі Ядвіся тэлефанавала і крычала, што ненавідзіць мяне і не даруе. І вось цяпер. Колькі разоў я спрабаваў уявіць сабе гэтага мужчыну, паэта, колішняга маладога журналіста, які ішоў за маладой настаўніцай па зарослай лясной дарозе, але чаму, чаму ніяк не паўставаў ён мне звычайным п'яніцам з азызлым тварам, чалавекам, які скаціўся ў свой асабісты свет нораваў, звычак і вывернутых каштоўнасцяў? Чаму я быў такі ўпэўнены ў гэтым паэце?