— Дзякуй табе, дарэчы, — урэшце знайшоў я момант падзякаваць за ягонае заступніцтва ў электрычцы.
— Сваіх не кідаю, — нехаця буркнуў Алег, адпіў з кубка і, гледзячы мне ў вочы, працягнуў раптам амаль з адчаем: — Вось ты ж — пацан нармаль, а дзяўчыну аддаў і каму? Ды каб мне такая, як Ядзя, у сябры запісалася, я б. Начамі па вёсках закінутых гойсаў бы, збіраў бы цвікі ржавыя з гнілых паваленых платоў, а ўсё адно ёй даў бы, што змог бы даць хоць такі, як Віця Марыноўскі. І горла перагрыз бы любому, хто пакрыўдзіць яе.
Я маўчаў. Мне было сорамна і прыкра.
— Дурнем быў.
— Ты фігню гародзіш, Кір, — са шкадаваннем, цвёрда сказаў Алег. — Дурнем быў — гэта калі цяпер паразумнеў і нешта спрабуеш зрабіць. А ты? Ты — абсікаўся і дагэтуль ходзіш у мокрым. Без крыўд толькі. Калі ты пацан — рабі, а не жуй соплі, не чакай і не шукай жалю да сябе. То мне таксама баця сказаў: недалужнасць ніхто не забудзе, ніхто не даруе. Няўдачы забудуць, дурасць, псіхі, дзівацтвы, выбрыкі розныя. але не недалужнасць і не жаль. За сваё біцца трэба. да крыві, калі трэба. Ды калі адважыўся, не думаеш, да першай крыві ці да смерці.
Пасля канікул мы сталі з Алегам рукацца пры сустрэчы. Мажліва, і тое неяк паўплывала, але я заўважыў змену стаўлення да сябе: запаважалі, ці што. Часцей, чым раней, звярталіся ў розных дробязях, уцягвалі ў гутаркі і спрэчкі, пыталіся і прасілі парады. Не адставалі Міхал Вакульчык са Стасем Фядзьковічам: дай ім ідэю на новы кліп, каб быў — красава! Яны літаральна заціснулі мяне ў кут і прыгразілі не выпусціць. У класе стаяў вэрхал, адно Ядвіся і Юрась сядзелі за сталом, і вакол іх нічога не існавала. Не, яны не былі разам, яны не размаўлялі. Юрась нешта пісаў у сшытку, Ядвіся глядзела за акно, цяпер пустое, — з жалем мы знялі свой «пейзаж» з матылькамі і дзяўчынкай у чырвонай сукенцы.
— Добра, наце ідэю! Хлопец бяжыць, імкнецца злавіць матылька. Ловіць. Крылцы камечацца, ломяцца, яскравы пылок з іх застаецца на брудных пальцах, крылцы становяцца амаль празрыстымі, шэрымі, ніякімі.
Стась з Міхалам пераглянуліся.
— Прываблівасць прыгажосці ў яе таемнасці, — задумліва прамовіў Стась. — Мы разбураем чароўнае, калі хочам ім завалодаць.
— Крута! — ляпнуў мяне па плячы Міхал. — Пазычу ў біялагічкі засушанага матылька, улетку злаўлю трох новых. Пальцы з бруднымі пазногцямі хапаюць. крылцы ломяцца. сціраецца пылок. Будзе тэкст? — павярнуўся ён да Стася.
— Чакай. чакай. — Стась заплюснуў вочы, зморшчыў лоб: — Ёсць! Робім! Кір, з нас.
— Шакаладка! — закончыў я. — Давайце, удачы.
Напрыканцы наступнага дня падышла Святлана, стараста.
— Кір, у цябе макулатура ёсць?
— Злітуйся, два месяцы таму выцягнуў з дому нават магазінныя чэкі, якія захоўвае маці!
— Не менш за дзесяць кілаграмаў, — без эмоцый выдала Святлана.
— А калі не — што будзе?
— Табе — нічога, — уздыхнула, пачала па-чалавечы казаць стараста. — А мне — вымова напоўніцу ад завуча і дырэкцыі. І я буду бегаць па крамах і прыватных шапіках, спяшацца да сметніц, каб перахапіць якую упакоўку, пакуль яе не пацягнулі бамжы. Усё, як раней.
— Трасца. — вылаяўся я. — Падурэлі яны з гэтай макулатурай.
— Дзяржаўная задача. Усе прадпрыемствы павінны здаваць другасную сыравіну, — Святлана тлумачыла, бы дзіцяці.
— Свет! Хопіць, у вушах захрасла.
— А што мне рабіць?
— А прыдумаем прэмію, хто больш здасць.. Ці хутчэй план выканае?
— Адна прэмія — нецікава, помніш, два гады таму рабілі. І мне свае грошы надакучыла траціць.
— Ну. адгулы даваць, як на працы! Здаў дзесяць кіло — адзін дзень вольны.
— Не дазволіць дырэкцыя.
— Ну, тады. тады — мне хацелася абавязкова прыдумаць цікавую і патрэбную ўзнагароду за прынесеную макулатуру, дапамагчы, бо ж Святлана — нармалёвая дзяўчына. — слухай, а дамовімся з настаўнікамі: не выклікаць таго вучня. адзін урок на выбар, во!
Свеціны вочы ажылі. Яна глядзела на мяне і скрозь мяне, нешта пралічвала.
— Дакладна! За кожны здадзены кілаграм кожны атрымлівае. атрымлівае. во, ялінку. Сама накупляю, бачыла маленечкія, пластыкавыя. Дзесяць ялінак — вольны ад выклікаў на ўвесь дзень.
— А сябру перадаць можна? — усміхнуўся я.
— О, тут варта падумаць і прапісаць сістэму. Пабягу да Наталлі Іванаўны. Як думаеш, дазволяць? Тут жа няма, здаецца, парушэнняў? А нашым было б цікава.
Я не ведаў, што там для дырэкцыі важней: нормы навучання ці планы здачы макулатуры. Святлана падскочыла на наступны дзень, на другім перапынку, і загалёкала:
— Дазволілі! Але каб склалі дакладную інструкцыю: як улічваць, хто мае права і на што, і безліч усяго. Сёння пасля заняткаў застаёмся з завучам і Макарам, прадумваем. Але ўжо трэба свае прапановы накідаць.. — І нечакана змяніла тон ажно да плаксівага і працягнула просячы: — Кір, ну, калі ласка, паспрабуем разам, дапамажы.