Выбрать главу

— Ты не адзіны сын у сям'і, — пачала ўпэўнена казаць Ядвіся, разглядаючы далоні Уладзі. — Але старэйшы. У цябе ёсць. сястра, якая цябе вельмі любіць. І твае бацькі цябе вельмі любяць. Так?

— Так, — вырачыў вочы Уладзя, далоні яго заўважна задрыжалі.

— Даўно. ты зазнаў сур'ёзную траўму, доўга хварэў, — працягвала Ядвіся. — Было?

Мы ўсе ведалі, што было: Уладзя ўпаў з рыштаванняў, калі ягоны бацька будаваў дамок на лецішчы. І ён амаль страціў зрок, рабілі аперацыю. Таму цяпер і носіць акуляры. Дарэчы, калі ляжаў спачатку ў бальніцы, потым дома, падсеў на чытанне розных цікавостак.

— Уга! — выгукнуў Юрась. — А-а-а, Ядвіся, пра секс, пра секс з Віялетай яму скажы!

— Не! — Уладзя выхапіў свае рукі з Ядвісіных, зноў схаваў іх пад стол. — Не хачу ведаць, што будзе.

— А мне скажаш? — я працягнуў да Ядвісі свае рукі. — Мне можаш і пра будучыню казаць, я не баюся!

— А што ты чакаеш ад будучыні? Кім ты сябе бачыш? — Ядвіся ўзяла мае рукі ў свае далоні, і я ледзь не здрыгануўся — падалося, адчуў укол, бы электрычны разрад (мы дурэлі некалі ў летніку, калі даведаліся пра статычную электрычнасць, і церлі рукі аб ваўняныя коўдры, а пасля «віталіся» з тымі, хто заходзіў і не чакаў ніяк сапраўднай іскры пры дакрананні рук).

— Дык, канечне, касманаўтам! Каб помнік у горадзе паставілі! — рагатнуў я. — А куды спяшацца, яшчэ два гады амаль парыцца ў школе. А там — будзе, як ва ўсіх і як раней: паўпіхваемся ва ўніверы, як каму пашанцуе, — заспяшаўся я. — Нічога тут не мяняецца, няма чаго мазгі сушыць. — Я хваляваўся? Ну, так чаго хаваць ад сябе. — А ты хіба задумвалася, якой будзеш? Ці ты, Юрась? Ты, Уладзя?

— Я — не, — усміхнуўся Юрась. — У гэтым катле з дзярмом лепей трымацца бліжэй да сценкі.

— Ты пра які кацёл? — Ядвіся прыўзняла бровы, скрывілася.

— У якім мы ўсе, — трошкі напышліва адказаў Юрась. — Наша жыццё і ёсць такі кацёл.

— А ты, Уладзя? Таксама не думаў? — Ядвіся зірнула на сябра, і той апусціў вочы.

— А што тут думаць? Кір праўду кажа — яшчэ два гады ёсць. А ты хіба думала?

— Пра будучыню? Кім я буду, як жыццё складзецца?

— А навошта ёй думаць? — хмыкнуў я. — Праўда ж, Ядвіся? Ты ж усё ведаеш.

— Пра сябе я нічога ведаць не магу, — сур'ёзна ўздыхнула Ядвіся, але змаўчала далей, разгарнула мае далоні. — А ты адзіны ў сям'і. Вой, цябе так любіць твой бацька!

Я высмыкнуў рукі з яе далоняў — рэзка, нават груба. Яна са спалохам паглядзела на мяне.

— Выбачай, ведзьмы з цябе не атрымаецца, — насмешліва пачаў я. Мне было крыўдна. Так усё было. цікава, загадкава нават, і вось такая нікчэмная развязка. — Нешта ты магла даведацца пра кожнага з нас. Не праблема: аддзел кадраў, завуч, дый невядома, дзе працуюць твая маці ці баць­ка, можа, і настаўнікамі. Дый мы ў «Кантакціку» пра сябе нямала апавядаем, і Уладзя свае здымкі з малодшай сястрой выкладаў. Ён яе і сапраўды любіць.

— Я не падманваю вас, — апраўдальна загаварыла Ядвіся. — І не збіралася. Навошта мне?

— Ну, мо, каб уражанне выклікаць, — хмыкнуў я. — Усё, Юрась, дзякуй за піцу, мне час ісці, справы.

— Кір, што цябе ўкусіла? Супакойся, не псіхуй. Ну, памылілася дзяўчына.

— Я не памылілася! — нечакана ўпарта выгукнула Ядвіся. — І мне да лямпачкі нейкія ўражанні. Якая я ёсць — такая ёсць!

— Усім — пакуль, — я ўзняўся з-за стала.

— Чакай! Я пакрыўдзіла цябе? Выбачай, калі ласка, я не хацела. Я казала тое, што бачыла.

— Слухай. Я нават не помню твару свайго бацькі, — я глядзеў у Ядвісіны вочы і бачыў там сябе маленечкага, і мне было незвычайна і трошачкі жудасна. — Ён аднойчы не вярнуўся з заробкаў у Расіі, калі я пешкі пад стол хадзіў. Такая вось любоў.

І я шпарка выйшаў з кавярні.

Праз сотню метраў я супакоіўся і паспрабаваў зразумець: чаго я насамрэч так запсіхаваў? Ядвіся ўспомніла майго бацьку? Ды не, даўно не пераймаюся праз гэта. А вось што яна сказала няпраўду, і што выкрылася яе бяскрыўдная хлусня, спроба ўдаць з сябе незвычайную дзяўчыну, — тое было крыўдным. А так яна нармальная, няблага ўсё было. Трэба ёй яшчэ гэта вядзьмарства. Хоць я сам урэшце і вінаваты — ніхто ж мяне за язык не цягнуў з гэтым пытаннем: «А ты хто такая?».

Я не помню твару свайго бацькі. Постаць, яго вяртанні памятаю, больш — сярод ночы. Ён стаяў у вітальні, вялікі, ад яго тхнула непрыемнай сумессю пахаў: поту, цыгарэтнага дыму, гарэлкавага перагару. Ён абдымаўся з маці, а я лез у ягоную вялікую сумку, дзе сярод бруднай вопраткі заўсёды быў нейкі пакунак з падарункам і прысмакі.

Мы жылі тады не ў сваёй кватэры — яе яшчэ не пабудавалі, а ў бабулі. У яе ўсяго два пакоі, і калі прыязджаў бацька, я ішоў жыць у бабулін пакой. Праўда, так было нядоўга. Памятаю, як бацька спачатку адлежваўся, адпачываў на канапе дні запар, глядзеў тэлевізар, маці прыносіла яму піва, збірала парожнія бутэлькі з падлогі. Зазвычай тыдзень так і мінаў — у насцярожанай цішыні ква­тэры, у маўклівым жаданні ўсіх нас траіх — маці, мяне і бабулі — дагадзіць бацьку. Бо ён — здабытчык, ён зарабляе грошы, якія так неабходныя, каб дабудаваць сваё жытло. Мяне маці прасіла таксама надта не круціцца каля бацькі: толькі першы-другі дзень ён колькі часу бавіўся са мной, а потым казаў мне суняцца з пытаннямі і просьбамі — хацеў адпачыць.