Выбрать главу

Валерый ГАПЕЕЎ

МАЯ МІЛАЯ ВЕДЗЬМА

Школьны раман

1

Незвычайны — цёмна-ружовы — матылёк трапечацца між шурпатых рудых ствалоў хвой. Крадуся да яго, ён усё бліжэй і бліжэй, уецца лёгка, але не вельмі зграбна, бачком, быццам у яго адно крылца меншае ці кволейшае за другое. Яшчэ крок, яшчэ паўкроку па мяккай посцілцы з сухіх хваёвых іголак — і матылёк заўважае мяне, імкліва спырхвае ўдалячынь. І тады я бягу адкрыта.

Бягу і разумею: мне нельга лавіць яго, бо хапну рукой — і зломяцца тонкія ружовыя крылцы. І нават калі атрымаецца асцярожна ўзяцца за іх, дык на пальцах застанецца ружовы аксаміт, а крыл­цы незваротна згубяць сваё хараство. Але я бягу, мне трэба злавіць яго, патрымаць у руках, каб давесці самому сабе, што я — спрытны і хуткі!

Матылёк бліжэй і бліжэй, я бачу, што адна пара крылцаў у яго насамрэч круглявай формы, а другая — завостраная на канцы, таму палёт ягоны няроўны, і ён стаміўся, ён адчайна трапеча, я наганяю яго, ужо ўзняў руку, каб у наступнае імгненне схапіць, сціснуць. Мне ўжо няважна, што зломяцца, ператворацца ў шматкі дзівосныя крылцы, што далонь і пальцы прыцярушацца бліскучым ружовым пылам, а сам матылёк, відавочна ж, загіне.

Раптоўна перада мной рассцілаецца вялізная прагаліна, б'е ў вочы зыркае святло, хвоі раздаюцца, а я не магу спыніцца перад жудаснай кручай. Неспадзявана адчуваю дзіўны водар, маты­лёк — перад самым маім тварам. Ён з апошніх сіл успырхвае вышэй за маю галаву. А я — падаю. З вялізнай вышыні на дно кручы, дзе струменіцца ледзь бачны раўчук, на жоўты іскрысты пясок...

І ніколі яшчэ не ўпаў.

Я прачынаюся ў той момант, калі, няўмольна набліжаючыся, невялікія мокрыя камяні на дне раўчука затуляюць сабой увесь свет. Страх раптоўна пакідае мяне, я думаю адно пра тое, што мне вельмі доўга прыйдзецца хадзіць з пабітым тварам і распухлым носам.

Сон сніцца і сніцца. З года ў год, у нейкія месяцы я пачынаю сніць яго колькі начэй запар. Прачынаюся з заўсёднай прыкрай пустэчай унутры. Тады я нечакана востра адчуваю, што ўсё вакол — няправільна, што павінна быць усё інакш, і тое, што я раблю — раблю крыва і коса. Чаму няправільна, як рабіць інакш, — я не ведаю. Каб прагнаць назойлівыя думкі і гэта пачуццё няправільнасці самога сябе, іду на кухню, адкручваю кран і чакаю, пакуль вада сцячэ да вельмі халоднай. Але п'ю толькі хіба глыток.

Маці раней прачыналася, першыя разы заклапочана пыталася, ці ўсё добра, а цяпер, калі прачнецца, дык адно буркне нешта незадаволена. Пра сон я ёй не расказваў.

Баба Марыля на мае начныя жахі знаходзіць простае тлумачэнне:

— То ты расцеш, унучак.

Добра бабе — яна што заўгодна патлумачыць самымі простымі словамі. Сярод гэтых простых ёсць універсальныя: «Усё наладзіцца, усё будзе добра», «Надта не задумляйся, жыві ды і ўсё», «Значыць, лёс такі».

Расту, значыць... Ведала б баба, той матылёк — існуе, і я гнаўся за ім, ды не я, а ён падаў з кручы...

Неяк я спытаўся ў Юрася:

— Слухай... адзін і той самы сон сніцца мне цягам колькіх гадоў. Штомесяц, часцей... Сон страхотны. Там я. падаю з вышыні. Але прачынаюся за імгненне да таго, як прыпячатаю сваім тварам камяні.

Мы вярталіся са школы, была вясна, ужо добра прыпякала.

— А памятаеш дакладна, у якія дні сніцца? Даты ці дні тыдня? — зацікавіўся Юрась.

— Ідзі ты са сваёй матэматыкай сам ведаеш куды, — уздыхаю я і паварочваюся да Уладзі: — Уладзь, ну? Ці можа сніцца адно і тое запар, а калі можа, то што гэта за навала?

Юрась усяго хмыкнуў убок — ведае, што са сваёй матэматыкай уеўся ўсім у пячонкі, але ўпэўнены: то мы не цямім нічога ў вытанчанай сістэме мностваў і формул. Без жартаў кажу — Юрась чыкануўся на лічбах, гэта кожны з класа пацвердзіць. Пакуль ідзём у школу, ён запамінае ўсе нумары на пабачаных аўто, лічыць колькасць сустрэтых жанчын, мужчын, дзяцей. А потым складае прагноз на дзень для сябе, мяне і Уладзі. Кшталту, будзе дзень удалым ці не, каму пашанцуе, каго не міне навальніца. «У лічбах сэнс, будучыня і мінулае!» — так кажа, бы дэпутат з трыбуны. Але смяяцца з Юрася не будзеш, бо наша матэматычка Ганна Тодараўна сцвярджае, што за гісторыю яе настаўніцтва Юрась мае найлепшыя здольнасці да матэматыкі. Хоць на выгляд ён ніяк не геній: даўгалыгі, худы, светлавалосы і гарбаносы, ходзіць, нібыта ў нагах нейкія шарніры. І рукі гэтаксама рухаюцца — як у сталоўцы бярэ шклянку гарбаты, здаецца, тое робіць механічная рука робата. Юрась не зануда, да сваіх поспехаў у матэматыцы ставіцца, як да надвор'я, — ёсць і ёсць. Яму не пофіг, праўда, ён гэта скарыстоўвае: цішотку з «Анархіяй» носіць заўсёды непрыхавана, і наша дырэктарка, цётка прыдзірлівая і злапамятная, да яго не чапляецца. Бо Юрася абавязкова запрагаюць ва ўсе магчымыя алімпіяды па матэматы­цы і фізіцы яшчэ пачынаючы з шостага класа, ён у нас — гонар школы, мае безліч розных дыпломаў. Неяк на яго наехала дырэктарка на пачатку мінулага навучальнага года, дык ён адкрытым тэкстам сказаў, што альбо яго і яго сяброў — мяне і Уладзю — не чапляюць за адзенне, альбо ён пасылае шко­лу з яе алімпіядамі ў прастору Лабачэўскага. То і мне, і Уладзю побач з Юрасём выгода ёсць.

...Уладзя губляецца ад майго пытання. Ён ад любога пытання губляецца. Вось хто ніяк з дзяцінства не вырасце. Тыповы батан: у акулярах, лапавухі, недалужны, невысокі, задуменна-засяроджаны. І летуценнік. Як вольная хвіліна — ён нырцуе ў тэлефон, праз слабы зрок амаль носам кранаецца экрана. Усё чытае: даведнікі, энцыклапедыі... Больш нічога ў яго тэлефоне няма — ні здымкаў, ні музона.

— Уладзя, табе гэта трэба? — колькі разоў пыталіся мы з Юрасём, калі ён з захапленнем апавядаў нам іншы раз, што, да прыкладу, «пакутаваць хернёй» насамрэч — дыягназ, яго выстаўлялі сынкам заможных людзей у царскай Расіі, каб вызваліць іх ад службы ў войску. Звычайная пахавая грыжа так і звалася па-лацінску — херня. — Ну, трэба табе ведаць гэта?

Уладзя вінавата ўсміхаецца. Дзівак ён. Мы ведаем: кумір Уладзі — эрудыт Васерман. Уладзя доб­ра вучыцца, роўны па ўсіх прадметах. А яшчэ ён умее неверагодна падробліваць почырк першага-лепшага чалавека і, канечне, подпісы. Некалі мы адпомсцілі нашаму фізіку Антосю Сямёнавічу (малады, кавалер яшчэ, можа, таму і нервовы). Ён увесь клас прымусіў перапісваць кантрольную пасля заняткаў — перахапіў у няўклюды Юзіка тэлефон, а там мы праз Вайбер скідвалі варыянты, бо пісалі кантрольную пасля «А» класа, ведалі рашэнні. Юрасю тады ніяк нельга было доўга заставацца ў школе, яму тэрмінова трэба было дамоў, ён і прасіўся ў яго. Хто ж падумае, што Юрась фізіку спісвае? Ён тыя задачкі рашае, як чыпсы есць. Юрась зазлаваў, за хвілін пятнаццаць рашыў усё, кінуў сшытак фізіку на стол. Але на фізіка нешта нашло, маўляў, сядзі, як усе, тады Юрась спакойна ўзяў заплечнік і рушыў да дзвярэй. Моўчкі, але з такім тварам, што настаўнік і рота не раскрыў. Нам з Уладзем ён нічога не растлумачыў, потым адно сказаў праз зубы: «Зноў нажраўся ў бары, маці патэліла: не забяром зараз, дык выклічуць нарад міліцыі». Юрась саромеецца свайго бацькі, ягонага п'янства. Цвярозы дзядзька Ігнат — нармалёвы мужык, не будзе прынюхвацца да цябе, нават калі ты толькі што затаптаў недакурак цыгарэты. Дык вось, я надыктаваў Уладзю тэкст пісулькі, нібы ад нашай бібліятэкаркі. Яна спагадлівая і не даставучая, затрымаеш кніжку, але не бегае за табой па школе — эсэмэскі кідае. Але ж страшненькая: твар шырокі, круглы, нос маленькі, рос ды не дарос. А зубы занадта вялікія, шырокія: як усміхнецца — здрыганешся. Казалі, нашага фізіка пару разоў бачылі ў бібліятэцы. А што яму там рабіць? Зразумела ж. У пісульцы Вольга Арцёмаўна, бібліятэкарка, запрашала фізіка на спатканне ў кавярню. Падкінулі ў яго штотыднёвік.

І ён прыйшоў! Тады восень была позняя, холадна, макрэдзь у паветры. Фізік прытопваў пад парасонам, нервова паглядваў на аўтобусны прыпынак. А мы ржалі, назіраючы за ім, зрабілі пару здымкаў — каб пазней ў свой «Кантакцік» класны закінуць. І тут пабачылі бібліятэкарку! Яна ішла паўз кавярню. Фізік так кінуўся ёй насустрач, мы думалі — біць пачне. Вольга Арцёмаўна разгублена лыпала вачыма на яго, той амаль спалохана мямліў... А далей было нешта: фізік прытрымаў бібліятэкарку за локаць, і яны зайшлі ўнутр!