Выбрать главу

— «Купляйце беларускае», — нечакана гучна вырвалася з мяне хоць нешта. І атрымалася — ляпнуў дрэнь.

— Менавіта так! — аж узрадаваўся Швондзер з маёй падказкі. — Купляйце сваё! Падтрымлівайце сваю эканоміку! Сваю дзяржаву і сваю краіну! Зразумела табе, юная лэдзі? — не­чакана ён схіліўся да Ядвісі, ледзь не пырснуўшы слінай у яе твар.

— Зразумела, Іван Мікалаевіч, — Ядвіся ўзнялася з месца, адказала, як бы і вінавацячыся, але і я, і ўсе навокал адчулі, што зараз яна зноў нешта выдасць. — Я вось адно не разумею, патлумачце, калі ласка. У вас тэлефон ёсць?

— Ёсць, — мармытнуў гісторык, яшчэ не ведаючы, як паставіцца цяпер да гэтай настырлівай вучаніцы.

— А ён у вас чыёй вытворчасці? Беларускай? А тэлевізар дома з вялікім экранам? Беларускі? А камп'ютар?

— Гэта дэмагогія! — заравеў Швондзер. — Мы гэтулькі вытрывалі ў вайну, мы мусілі самі падымацца, адбудоўваць народную гаспадарку, у той час як сусветны імперыялізм даваў грошы ўсялякім Германіям, каб тыя хутчэй аднаўляліся. Мы жылі сярод ворагаў і мусілі бараніцца, нам трэба было выдаткоўваць шмат рэсурсаў на абарону сябе! Мы і сёння мусім трымаць немалень­кую армію.

— А яна ў Еўропу хоча, — кінуў з'едліва Віктар Марыноўскі.

Швондзеру прыйшлася да душы і гэта падказка.

— Уся атрута для моладзі сёння канцэнтруецца ў Еўропе! Геі, лесбіянкі, аднаполыя шлюбы, усёдазволенасць — вось да чаго прыйшлі! Яны жадаюць аднаго — засяліць у нас распусту, каб моладзь згубіла апошнія маральныя арыенціры! Еўропа — рассаднік маральнага раскладу! Для моладзі наша дзяржава стварыла ўсе ўмовы для таго, каб жыць, працаваць і прыносіць карысць сваёй Радзіме тут, нараджаць і гадаваць дзяцей, для чаго будуюцца новыя сучасныя бальніцы, адчыняюцца светлыя дзіцячыя садкі, ёсць мацярынскі капітал.

— І менавіта таму ваш сын вывучыўся і зараз працуе ў Варшаве, а дачка — у Германіі!

Ядвіся выгукнула словы не з абвінавачваннем — з адчаем, у якім адчуваліся блізкія слёзы.

Швондзер спатыкнуўся і замёр.

Гэта не было таямніцай для школы — ён і раней у нас, і сёлета паспеў пахваліцца: ягоныя дзеці такія высокаадукаваныя, так добра ён іх выхаваў, што іх запрасілі працаваць у нямецкую фірму і польскую бальніцу. Ён ніяк не думаў, што яго гонар можа быць скарыстаны супраць яго самога.

Ён хапаў паветра ротам, як рыба ў каламутным магазінным акварыуме, але урэшце авалодаў сабой:

— Ты, кажучы мовай сацыялогіі — недаразвіты кавалачак соцыуму, у тваіх мазгах — адно каша з агітак Захаду! Ты не адчуваеш ні ўдзячнасці, ні павагі да тых, хто працаваў дзеля цябе! Вось дзе корань зла!

...Ядвіся стаяла. Швондзер хадзіў вакол свайго стала і гаварыў, гаварыў, гаварыў. Усім было зразумела, што яму не знайсці ніякіх слоў супраць праўды, якую агучыла Ядвіся, але ён не мог змірыцца з гэтым, і больш для сябе, здаецца, шукаў новыя і новыя довады сваёй нібыта ісціны апошняй інстанцыі, ужо непрыхавана здзекаваўся з Ядвісі.

Потым ён дазволіў ёй сесці, але не спыніўся: у яго другое дыханне адкрылася ці што. Сеў на іншага свайго ўлюбёнага канька — на мараль. І зноў пачаў ад свайго дзяцінства, нейкага ражна распавядаў пра вароты, якія дзёгцем шмаравалі вяскоўцы, калі даведваліся, што ў гэтым двары жыве дзяўчына вольных паводзін. І вось не скажаш, што ён Ядвісю ў нечым такім вінаваціў, а так паралелі праводзіў, такія намёкі рабіў, нібыта яна стала найвядомейшай прастытуткай горада, а ўсё праз тое, што, канечне ж, не любіць сваю Радзіму і не разумее, якой удзячнай яна мусіць быць ветэранам Вялікай Айчыннай.

Ядвіся сядзела чырвоная, як вараны рак. Яна не чакала, што яе пачне гнобіць дарослы чалавек. Ды каб адно гэта — клас ажывіўся, нехта пачаў хіхікаць з асобных «жартачак» Швондзера, а той, падахвочаны такой увагай, — папраўдзе ж пачалі з цікавасцю слухаць (хто нам пра тыя вароты ў дзёгці раней апавядаў?) — вышукваў новыя доказы сваёй праўды: ад Еўропы ўсе беды, распуста і жыццю трындзец!

Усе позіркі, зразумела, былі скіраваны на Ядвісю. Я успомніў, як Уладзя некалі казаў, што для людзей наймацнейшае відовішча — смерць. Як забіваюць. Цягне іх магнітам. А калі маральна забіваюць — якая розніца? Вось і цікуюць, ім цікава, цэлы спектакль, іх фінал вабіць: давядзе Швондзер да слёз Ядвісю, ці яна выскачыць з класа?

Калі ты высунуўся, калі паказаў нешта сваё, адрознае ад іншых, — будзь гатовы да зайздрасці, кпінаў, падножак. Тут кожны хоча стаць хоць некім, шэрая маса, бы тая вадзяністая каша ў каструлі, прыўздымаецца, пыхкае бурбалкамі, ападае, зноў надзімаецца ў іншым месцы — і так, безупынна, пыхкаюць бурбалкі. Бач, Ядвіся надумалася пабыць прынцыповай, смеласці набралася. Ага! Ты адна крывішся ад лухты Швондзера, адна такая разумніца, ведаеш пра тэлефоны і тое, дзе зараз дзеці гісторыка? Усе ведаюць, але ж во церпяць. А калі ты вырашыла пакрасавацца перад усімі сваёй прынцыповасцю — дык і атрымлівай!

Я ведаў, што так думае большасць з нас, і ў самога мільгала думка: чаго ты выстаўляешся, самая разумная? Але ў гэтым цкаванні Ядвісі — яўным з боку настаўніка і ціхім, якое праяўлялася ў задаволеных усмешачках з боку вучняў, — смярдзела ганебным збіццём адной натоўпам. Вось яе прывязалі да слупа, аголеную, на плошчы — і цяпер чытаецца прысуд, і ўсе ажно млеюць ад чакання таго моманту, калі ўрэшце запалае касцёр пад слупком і ахвяра пачне курчыцца і прасіць літасці і даравання, адрачэцца ад сваіх слоў.

Не дачакаліся: Ядвіся трымалася, твар яе застыў, хіба грудзі заўважна ўздымаліся-ападалі ад глыбокага і частага дыхання.

Зазвінеў званок. Швондзер спыніўся на паўслове — ён не дазваляў сабе парушаць парадак, адно дадаў:

— Мы працягнем на наступным уроку!

Ён быў задаволены, адчуваў сябе пераможцам — выходзіў з класа з задранай угару больш чым звычайна барадой, невялікім чэравам наперад.

Ядвіся адразу выскачыла з класа.

Я знайшоў яе ля акна ў канцы калідора. Падышоў, стаў глядзець, як і яна, за шкло.

— Даруй мне, — нарэшце ціха сказаў тое, з чым яе шукаў.

Ядвіся не адказала, нават не паглядзела на мяне, толькі ўздыхнула ледзь заўважна.

Падышоў Юрась, стаў з другога боку ад Ядвісі.

— Швондзер табе не прабачыць.

— А чаму ты думаеш, што я праз тое заганяюся? Мне пляваць! — са злосцю крутанулася да яго Ядвіся.

— Ну. калі не думаць пра атэстат, — прамямліў збянтэжана Юрась.

Мы не думалі, што ў яе можа быць гэтулькі злосці. Сама ж вінаватая.

Падышоў нясмела Уладзя. Ядвіся павярнулася спінай да акна, сустрэла яго насмешліва:

— Давай, выдай і ты што-небудзь разумнае!

Я адчуў крыўду. Мы ў чым перад ёй вінаватыя?

Уладзя разгублена спыніўся перад намі, сказаў, відавочна, даўно падрыхтаваныя словы:

— Рэчаіснасць. праўда. далёка не ўсім даспадобы. І не ўсім. патрэбная.

— А табе — патрэбная?

— Што? — лыпнуў вачыма Уладзя.

— Табе патрэбная праўда? Табе трэба ведаць пра рэчаіснасць? — Ядвіся ажно падалася наперад, і стала трывожна за Уладзю: зараз можа нешта адбыцца.

— Мне — трэба, — ціха, але ўпэўнена адказаў Уладзя.

— Ах, так. Хадзем! — Ядвіся схапіла яго за руку і пацягнула да лесвіцы, каб, напэўна, спусціцца на першы паверх. Азірнулася на нас з Юрасём — мы стаялі ў поўнай прастрацыі — і за­гадала рашуча: — Вы з намі!

Уладзя, бы маленькі хлопчык, спяшаўся за імклівай Ядвісяй, яна не выпускала яго рукі, мы — за імі. Я не адразу скеміў, куды яна цягне сябра і якой трасцы, а калі спынілася, здзіўляцца было позна: мы былі ў кутку паверха, дзе знаходзілася жаночая прыбіральня.

— Чакайце!

Ядвіся пацягнула на сябе дзверы з намаляваным чорным кружком, што абапіраўся на вяршыню такога ж самага чорнага трохкутніка, зазірнула, потым разнасцежыла дзверы, схапіўшы за руку цалкам збянтэжанага Уладзю і крыкнула яму:

— Рэчаіснасць, праўда? Ты сказаў, што не баішся яе. А пра існаванне жаночай прыбіральні ведаў? Вунь там унітаз, і твая Віялета таксама сюды ходзіць, і сікае, і какае! І вунь пракладка ў куце валяецца, глядзі, нехта паспеў ужо збегаць сюды на ўроку, скрываўленая, такая і ў Віялеты бывае, і мо зараз у яе ёсць, і яна выкідае вось сюды такую, бо яна — жывая, у яе таксама месячныя бываюць! Як бясплатны дадатак да тваёй закаханасці — рэчаіснасць, якую ты хочаш ведаць!