Гэта ззаду нас хмыкнуў Юрась. Хутчэй за ўсё, ён зараз складаў у галаве алгарытм пошуку. Стоадсоткава, пасля Макара падхопіцца, каб паказаць усім, якія пытанні і ў якой паслядоўнасці задаваць. Так і адбылося. Зіначка запісвала ў свой нататнік, хто за якую колькасць пытанняў вылічыў «шпіёна». Было даволі цікава. Паспрабавалі ўжо быць шпіёнамі-следчымі чалавек сем, Юрась, вядома, быў у іх ліку, але не сказаць, каб бліскуча, — шэсць пытанняў.
Аўтобус мінуў невялікую вёску, калі наш фізік, які сядзеў праз праход з павернутай да нас галавой, але глядзеў некуды скрозь нас, раптам падскочыў з месца і кінуўся да вадзіцеля:
— Стойце! Спыніцеся тут, спыніцеся!
Голас у яго быў такі ўсхваляваны, што не толькі вадзіцель, мы ўсе ажно ўздрыгнулі — што такое здарылася?
Аўтобус рэзка запаволіў хаду, з'ехаў на ўзбочыну.
— Ды што ж яны робяць, што яны робяць такое?! — цяпер ужо амаль роспачна, напаўголаса мармытаў Антось Сямёнавіч, гледзячы ў акно.
— Што здарылася? — спалохана спытала класуха ў фізіка.
— Спыніцеся. я хутка, хутка. Што ж яны нарабілі.
Там былі могілкі. Нейкія голыя. Калі раней мы праязджалі паўз іх, помню, дык і не відаць было, што гэта — могілкі. Недалёка ад вёскі, якую мы нядаўна праехалі, на ўзгорку стаяў невялікі лясок з хвой і бяроз. У мінулым годзе, здаецца, мы праязджалі перад самымі канікуламі, дык гэтая зялёная выспа стаяла сярод жытнёвага поля. Прыгожа было, неяк урачыста нават. А там, аказваецца, мерцвякоў закопвалі.
Цяпер дрэў не было, і ўзгорак, як вычварны вялізны рот фантастычнай пачвары, ашчэрыўся незлічонай колькасцю шэрых помнікаў і самых розных крыжоў, прамых і нягегла нахіленых. Відовішча сапраўды — бы з фільма жахаў, каб яшчэ ноч, святло поўні і туман. Зараз быў дзень, між магіл корпаліся людзі — выцягвалі на ўскрай паваленыя раней і парэзаныя на кавалкі дрэвы. У асноўным гэта былі жанкі.
Дзверы аўтобуса нарэшце мякка паехалі ўбок, адчыніліся, наш фізік, як апантаны, выскачыў і пайшоў хуткай хадою да могілак. Зразумела, мы пайшлі следам, хоць і не ўсе. Цікава ж. Класуха паспрабавала нас запыніць, але слаба, і яе не паслухаліся. Неяк так атрымалася, я нават здзівіўся, што першым за фізікам ішоў Алег. Мяне дагнала і кранулася рукі Ядвіся. Нечакана быццам статычны зарад электрычнасці казытнуў маю далонь, такі самы, як і тады, у кавярні, ды куды мацнейшы. Я крадком зірнуў на Ядвісю — а ну, раптам насамрэч быў удар токам? Але яна маўчала, глядзела наперад, і я міжволі напяўся — яе вусны былі падцятыя, нават прыкусаныя. Чаго яна так занервавалася разам з фізікам?
Да могілак праз лужок было метраў сто. Пакуль мы дайшлі, нас ужо чакалі — пэўна, усім гэтым вяскоўцам было цікава: во, ехаў аўтобус, спыніўся раптам, бягуць з яго людзі. Мо дапамагаць?
Антось Сямёнавіч пазнаў адну з жанчын, што моўчкі сустракалі нас зацікаўленымі позіркамі, звярнуўся да яе:
— Цётка Адар'я, што ж вы робіце?
Столькі болю было ў яго пытанні, што мне падалося: ён грае на сцэне нейкі спектакль.
— Дык жа во... — разгубілася ад пачутага болю жанчына, — дрэвы старыя прыбралі. Во, начальства раённае кажа: упадуць — помнікі паломяць, ато ж грошы цяперака, як парамантаваць? А ты чаго прыехаў, Антосік, мо дапамагчы?
— Якія старыя? Якія старыя? — амаль застагнаў настаўнік. — Бацька памёр, мы з маці бярозку ля яго магілы пасадзілі — так маці папрасіла, каб пад той бярозкай разам ляжаць! Што я маці сваёй скажу? Той бярозцы — пятнаццаць гадоў, якая яна старая? Што ж вы самі сябе нішчыце?
Не ведаю, як хто, а я здрыгануўся — адчай у словах фізіка быў зусім непадроблены. Ён стаяў паперадзе нас, за ім мы: я, Уладзя, Ядвіся, Юрась, нечакана — Алег, Стась, падыходзілі яшчэ. Калі я азірнуўся — спяшалася і Зіначка.
З натоўпу жанчын, які незаўважна сабраўся перад намі, раптам вываліўся, бы той мех, мужчына гадоў пяцідзесяці, з такім вялізным пузам, што я здзівіўся, нечакана падумаўшы пра тое, як ён шкарпэткі нацягвае, хіба такі пагорак не перашкаджае?
— Мужчына, што вы тут дэзарганізуеце наша грамадства? — выдаў гэты таўстун і пасунуўся пузам наперад на настаўніка. Трэба аддаць належнае Антосю Сямёнавічу — ён кроку не ступіў назад.
— Я хачу ведаць, што адбываецца на могілках, дзе пахаваны мой бацька і дзе будзе пахавана мая маці! — нервуючыся, спытаў ён, хацеў нешта яшчэ сказаць, аднак гэты таўстун з узмакрэлым чырвоным тварам перапыніў:
— Хто ты такі, каб мы табе давалі справаздачы? Але, няхай, я скажу: людзі сабралі грошы, нанялі работнікаў, каб яны ліквідавалі на могілках аварыйныя дрэвы. Ёсць пытанні?
— Што? — фізік амаль збялеў, зірнуў за спіну таўстуна на купку жанчын. — Людзі, вы што? Вы самі сабралі грошы, каб цалкам зруйнаваць свае могілкі? Што вы нарабілі? Цётка Адар'я! Вы памраце, вам будзе добра, калі вас пахаваюць на санцапёку?
— Ат, Антосік, якая мне ўжо розніца... — адгукнулася гэтым разам з вінаватасцю ў голасе цётка.
— Дык вам не будзе розніцы, а дзецям? — падхапіў яе словы фізік. — Бацька прасіў перад смерцю: пасадзіце бярозку, вырасце — будзе зацішна вам, цянёчак, больш пасядзіце ля магілкі. Нам што зараз — на пустку прыходзіць?
— Ат, Антосік, мы ж людзі маленькія... От, улада кажа — дрэвы падаюць, помнікі ломяць... лісця ўвосень шмат... — пачала апраўдвацца цётка, і многія з жанок, што стаялі побач, дапытліва нас вывучалі, пачалі ўзірацца сабе ў ногі.
Змену ў настроі жанчын-працаўніц адчуў і пузаты, няйнакш, кіраўнік нейкага мясцовага ўзроўню, бо раз'юшыўся не на жарт, накінуўся на настаўніка:
— Што ты тут дэмагогію разводзіш? Бач, бацька тут пахаваны! Дык прыехаў бы во, дапамог парадак наводзіць! А то, бач, сядзяць сабе ў гарадах, прыязджаюць і давай крытыкаваць мясцовую ўладу: нічога не робіць, гармідар на могілках. Прыбіраем дрэвы, каб людзям меней клопату было, — гэтулькі лісця ляціць! Двойчы на год даводзіцца тут суботнікі арганізоўваць. А на гэты час вас не знайсці! Вось, бач, старыя адно і могуць. Не перашкаджай працаваць, ідзі адгэтуль, разумнік такі. А то міліцыю зараз выклічу, хутка рады дадуць, знайшоўся бэнээфавец!
— Які я вам бэнээфавец? — разгублена прамармытаў Антось Сямёнавіч, збіты з панталыку абсурдным абвінавачваннем. — Вы хоць разумееце насамрэч, што робіце? Вы ж не дрэвы нішчыце, вы падсякаеце пад корань адну з галоўных беларускіх традыцый! — роспачна спрабаваў ён давесці нешта сваё пузатаму.
— А такі, усё ведаю! — пузан хацеў прыўзняць свае грудзі вышэй за жывот, ды ні халеры не атрымалася. — Кірылаўна, хто гэта такі, зараз я патэлефаную, куды варта, — павярнуўся ён да той самай цёткі Адар'і, ігнаруючы Антося Сямёнавіча і нас, што стаялі ў кроку ззаду. Ён дастаў вялікі чорны тэлефон, стаў тыцкаць кароткімі тоўстымі пальцамі ў экран. Відаць, гэты дэвайс яму на днях падагналі ўнукі ці дзеці, бо трымаў ён яго досыць няўпэўнена.
І тут два крокі наперад зрабіў Алег Харужы. І апынуўся далей, чым фізік, амаль перад самым пузам гэтага мясцовага бажка. Той з няўцямнасцю пазіраў на дужага дзецюка перад ім (я ж казаў: Алег — высокі і дужы), тармазнуўся ў сваіх рухах.
Алег цыркнуў слінай між зубоў сабе пад ногі, як умеў рабіць у класе толькі ён, амаль на брудныя туфлі пузана, і спытаў, бы пра нешта нейкае — ну, пра колер аблокаў, напрыклад:
— Ты, хрэн пузаты, за базар адказваеш?
Твар пузана перасмыкнуўся. Было зразумела: ён сцяміў адразу лексіку Алега, у якой хіба дурань не змог бы пачуць крымінальныя ноткі. «За базар адказваеш» — адтуль, з-за крат пайшло, і ў гэтых словах не проста пытанне, а самае жорсткае папярэджанне, якое і цывільным знаёмае, за якім і на смерць пойдуць.
— Ты... ты будзеш палохаць? — паспрабаваў ён сабраць разам рэшткі сваёй смеласці, бо мы ўсе пабачылі — ён затросся. — Ды я цябе зараз...
— Цябе папярэджваюць, а не запалохваюць, чмо! — нечакана ступіў і стаў побач з Алегам Стась, і гэты таўстун знерухомеў. Перад ім, відавочна ж, ніколі раней не паўставалі вось так, наяве, супраць.
— Ды я зараз міліцыю выклічу! — нечакана пісклява крыкнуў ён.
— Ай нашто тая міліцыя Цімафеевіч то ж наш чалавек яго бацька тут пахаваны і маці тут яго жыла і тут яе ён пахавае а сам жа ён настаўнік то ж з вучнямі ён сваімі ўжо даруй ты ім, — раптам адным бясконцым сказам без усялякіх прыпынкаў загаласіла тая самая цётка Адар'я, рыхтык сапраўды хавалі нябожчыка.