Выбрать главу

Цёмна-ружовы, як намаляваны, на лапатцы Ядвісі, прыціснуты тонкай белай паскай станіка. Такая вялікая радзімка, якую можна было прыняць і за татуху, калі б не відавочная неахайнасць мастака: пара крылцаў была вострай, а другая — закругленай.

Я сеў.

Мяне ўжо не цікавіла, што там адбывалася далей. Вэрхал сціх са званком, Ядвіся села побач, усхваляваная, расчырванелая.

— Я табе не спадабалася? — паспрабавала яна пад'южыць, зірнула какетліва і нешта прачытала на маім твары, бо яе гуллівасць знікла. Запыталася занепакоена:

— Нешта здарылася?

— Матылёк прыляцеў, — ціха адказаў я.

Ядвіся глядзела мне ў вочы, а я не змог разабраць позірку — ці то клопат, ці то радасць, ці то недавер.

— Ты памятаеш?

— Ён сніцца мне ад таго самага дня. Часта. Я даганяю яго, але ён узлятае, і я падаю, падаю, падаю ў бяздонны роў, дзе цячэ неглыбокі ручай, і прачынаюся, калі бачу на дне кожны каменьчык асобна, і тварам кранаюся вады...

— Мы... пагаворым пра яго, добра? — папрасіла-паабяцала Ядвіся.

— Добра.

7

Падавалася, што наша задумка з фільмам разгорнецца, як і ўсе іншыя: напачатку бязладныя сходкізборы са спрэчкамі і крыкам, смешачкі-хіхіканне дзяўчат пад жартачкі хлопцаў на мяжы фолу. Ну, як і ранейшыя нашы прыгатаванні да нейкіх там абавязковых аглядаў ці штосьці падобнае. Ды выйшла ўсё іначай: Ромка Макар разгарнуў сапраўдную дзейнасць, пры гэтым без аніякіх агульных зборышчаў. За тыдзень ён разам з Марго абышлі кожнага, хто пагадзіўся быць акцёрам. Перамовіліся, Ромка уручыў колькі аркушаў з тэкстам. І мне такі дастаўся, ды не адзін — пяць! Ну, я ж галоўны герой. Сцэнар. Першы раз я такі бачыў: тут быў распісаны літаральна кожны мой крок, тое, як я павінен выглядаць у пэўныя моманты: дзе здзіўляцца, дзе абурацца, дзе засмучацца. Вось жа, умее Ромка, што ні кажы. Сапраўдны рэжысёр, вунь як да справы паставіўся. А я так умею? Ды і паводле сцэнару я — нехлямяжы хлопец, трошкі тупаваты, гэткі памяркоўны беларус.

Мне нечага не ставала ў гэтыя дні, я раптам пачаў адчуваць крыўду на самога сябе: што я рабіў дзе­сяць гадоў у школе? Чаго дасягнуў, чаму навучыўся? І чаму хачу навучыцца? Хай сабе Юрась уголас кажа, што не выбіраў, куды пойдзе і чым будзе займацца, ды яны ж з маці даўно ўсё абмеркавалі, тут і сумнявацца не будзеш. І Уладзя вунь вырашыў удзельнічаць у алімпіядзе па геаграфіі — як хвіліна вольная, ён у тэлефоне, вывучае розныя даведнікі. Нават у танчыкі я гуляць не люблю, а двое з нашых удзельнічалі летась ў гарадскіх спаборніцтвах па контр-страйку. За іх увесь клас перажываў. Не ўмею граць-спяваць-танчыць, не гуляю добра ў футбол-валейбол, не малюю, не пішу рэп, не фатаграфую. Не, не, не. Пра вучобу і казаць няма чаго. Каму я магу быць цікавы — такі вось шэры і ніякі, зусім ніякі?

Ядвіся, верагодна, заўважыла мой настрой, бо выдала проста, у лоб:

— З табой усё добра? Нейкі ты бы мехам прыплюснуты ходзіш. Мо сніцца нешта зноў?

Ранкам, пасля той сустрэчы ў мяне, Ядвіся спытала толькі, ці сніўся матылёк. Мы сядзелі адны за ста­лом, Юрася і Уладзі не было, і мяне за язык нехта пацягнуў сказаць дурніцу:

— Сніўся! Сказаў, каб я пацалаваў яго па-сапраўднаму.

Ядвіся зірнула так, што я пачырванеў, — насамрэч стала сорамна.

— Даруй.

— Не трэба болей брыду казаць ніколі, бо гэта — не тваё, — прымірэнча паўшчувала Ядвіся. — І цалавацца ты хіба ўмееш? — і ўсміхнулася задзірліва, па-сяброўску.

— Не умею, канечне, — спакойна прызнаўся я. — А ты ўмееш?

— Не ведаю, — нечакана пацепнула плячыма Ядвіся. — Ніхто не паспеў навучыць. І ты вось не ўмееш, а то б папрасіла па-сяброўску дапамагчы. Здолеў бы?

— Вядома, каб жа ўмеў! Мо мне на курсы якія запісацца, не ведаеш, ёсць у нас?

— А ты пагуглі — майстрыху на дом выкліч.

— Ідзі да д'ябла. Сама майстра выклікай.

Так скончылася адзіная размова, у якой мы ўспомнілі нашу гісторыю з той капальняй і матыльком. І больш не краналіся яе, бо яна. магла забрудзіцца ці змяніцца, раструшчыцца ўвогуле, калі яе кранацца лішні раз без дай прычыны.

Адказаць Ядвісі я не паспеў, падляцеў Ромка. Зрэшты, я быў удзячны яму, бо выварочваць сябе перад дзяўчынай у класе, сярод вэрхалу, ніякага жадання не было. Ромка сунуў мне ў рукі чарговы аркуш.

— Дружа, у цябе будзе яшчэ адна сцэна — з зэкам. Ён цябе будзе спакушаць, пакажа, як лёгка жывецца, калі ты па-над законам і людзьмі. Ты нібыта згаджаешся, потым кеміш што да чаго і адмаўляешся. Пры гэтым ён цябе спрабуе выхоўваць, застрашвае, але ты, хоць і пераляканы, вырываешся. Зразумеў?

— Зразумеў. чуеш, Ром, дзе ты навучыўся? Ну, такія вось сцэнары пісаць?

— А-а-а. Сакрэт фірмы! — замяўся крыху Ромка, але мы з Ядвісяй не адпускалі яго патрабавальнымі позіркамі, і ён няёмка прызнаўся: — Маці параіла падысці да аднаго рэжысёра ў ДК чыгуначнікаў. Тры вечары пасядзелі, тры бутэлькі дзядзька выжлукціў. Такі разумны! Думаю, ён бы мог зняць класны фільм! Ну, сапраўдны. Вось дараблю сцэнар дарэшты, панясу яму на канчатковую чытку.

Я мільгам глянуў у аркуш і залыпаў вачыма — ролю зэка выконваў Алег Харужы!

— Ого! — не утрымаў я свайго здзіўлення. — Алег вырашыў стаць артыстам? Як ты яго ўгаварыў?

Ромка маўчаў, пакусваючы вусны, потым ціха прамовіў:

— Я вам скажу, толькі каб ніякіх там далей. І папрашу. ну, каб самі былі адэкватныя з Алегам і іншых там прытрымалі, калі раптам што. Дарэчы, Ядзя, мы сцэнар крышку змянілі, як ты бачыла, калі паспела паглядзець, — табе гэтаксама давядзецца ісці па ўсіх групоўках. Ну, каб не адзін герой праходзіў праз выпрабаванні, але і ты. То і ў цябе ёсць сцэна з зэкам. І там пацалунак нахабны.

— Вытрымаем нахабны пацалунак, — заспакоіла Ромку Ядвіся, а мяне непрыемна кальнула недарэчнае пачуццё крыўды: вось жа, навучышся цалавацца цяпер. з іншым!

— Дык вось. — працягнуў Ромка, — Алег сам папрасіўся ўдзельнічаць, і ролю прапанаваў. І файна. Ён — каларытны, татух на руцэ намалюем. Спытаў невялікі ганарар. Але — ша, вельмі прашу.

Ша дык ша, няцяжка зразумець. Яшчэ адно муляла, і я запытаўся:

— Ромка. Гарэлка рэжысёру, ганарар Алегу. А дэкарацыі ж нейкія яшчэ. Грошы дзе бярэш?

Той зірнуў пільна, сумна ўсміхнуўся:

— Кір, навошта такія пытанні? Мая ідэя — мой клопат. Канечне, без грошай ніяк, але іх адшукаць не так цяжка. Вось з месцам здымак траблы. Пасля заняткаў збярэмся? Я яшчэ колькі чалавек папрашу застацца. Ёсць што абмазгаваць.

— Ідзі, Ромачка, збярэмся, — адпусціла яго Ядвіся, а мне кінула: — Мог бы і не пытацца пра грошы. Ці ты думаеш, яму іх БРСМ выпісвае?

Я прамаўчаў у адказ, каўтаючы пачуццё прыкрасці.

У некага ёсць ідэя. І ён ахвяруе гэтай ідэі свой час, свае нервы, выпрошвае на яе ў бацькоў грошы. Робіць справу. Чаму мяне нічога не цікавіць вось так?

У класе пасля заняткаў засталіся Ромка, Ядвіся, Марго, Стась, Сяржук, Юрась, Уладзя і я. Як і казаў нам Ромка, вялікія траблы былі з памяшканнем для здымак. Папярэдне Марго прапанавала здымацца ў якім-небудзь пакоі, каб адну сцяну цалкам выкарыстоўваць замест дэкарацый: скажам, тут мажоры тусуюцца — хуценька намалявалі (тое павінен Сяржук рабіць) кавярню ці хату, стол, прысмакі.

— У маёй бабулі меліся рабіць рамонт у кватэры. У вялікім пакоі сцяна паклееная шпалерамі, то мы б без праблем малявалі і замалёўвалі ўсё. І мэблі там няшмат, вынесі лішняе — і здымай. Ды бабуля захварэла, маці штовечар там, кропельніцы стаўляе, — са скрухай апавядаў Ромка.

— А чаму б не паспрабаваць зняць іначай? — нечакана важка пачаў Юрась. — Вы бачылі кліп адзін? Там у школе здымкі зробленыя, на падлозе. Выдатна глядзіцца, цікава і арыгінальна.

— Той кліп — процьма работы, — жорстка перапыніла яго Марго. — Там не кіно, а пакадравая здымка, далей ўсе кадры зводзяцца разам. Мы думалі пра такое — занадта доўга і рэквізітаў амаль нуль там, значыць, шмат маляваць у рэдактары. З мяне — невялікі мастак, Стась таксама не любіць корпацца. Мы вырашылі па-іншаму: звычайная здымка, але пры мантажы вырэзваем кадры — атрымаецца нешта ў стылі фільмаў Чапліна. будзе цікава.