Вечарам пачаліся тэлефанаванні. Спачатку Ромка — пачаў так бадзёра, маўляў, я — крэатыўна мыслю, а ў яго ёсць яшчэ адна задумка — алея выпускнікоў ля школы! Акурат ёсць пустое месца, дык от няблага было б прыдумаць які сцэнар, рытуал. Я мякка запярэчыў: ёсць ідэя алеі — навошта сцэнар? Дырэктарка ўсё патлумачыць і інструктаж па тэхніцы бяспецы прачытае перад тым, як выдасць па рыдлёўцы. Ромка не адставаў, я спыніў яго і сказаў, што мне лянота. І адключыўся. Потым патэлефанаваў Ігнат. Сказаў, што яны знайшлі цудоўную пляцоўку для паркура — зачынілі нейкі завод невялікі, яны з сябрамі адшукалі ход. Там неверагодна цікава! Калі я згодзен — то можна заўтра паспрабаваць. Падзякаваў Ігнату, але паркур — не маё. Так, і цікава, і захапляльна, калі хлопцы паказвалі відэазапісы, ды ахвоты самому вось так паскакаць па лесвіцах і пераходах ніколі не ўзнікала. Яшчэ — Міхал Вакульчык. Я ўжо не здзівіўся і адразу спытаў: якія ў яго прапановы? Міхал стаў распавядаць, як захапіўся відэа падчас працы над фільмам, загарэўся яшчэ нешта стварыць, мо ёсць ідэя якога фільма? Стась гатовы напісаць тэкст, але ж каб тэму... І Міхал паабяцаў паказаць, як крута працаваць у відэарэдактары, якія клёвыя сцэны можна рабіць, і калі я згодны — ён можа навучыць. Не было ніякай ідэі. Я быў не згодны.
Ядвіся не патэлефанавала.
На першы ўрок разам з матэматычкай Ганнай Тодараўнай зайшла завуч Наталля Іванаўна. Па ўсім, не ў гуморы. Бо прывіталася суха і адразу ж пачала казаць па справе:
— Ваш былы класны кіраўнік Зінаіда Мартынаўна па сямейных абставінах нейкі час не можа працаваць у школе, і, зразумела, выконваць абавязкі класнага кіраўніка. Пакуль будзе прынята канчатковае рашэнне аб прызначэнні новага класнага кіраўніка, гэтыя абавязкі буду выконваць я.
— А як жа Антось Сямёнавіч? — неспадзявана спытаў я.
— Вяргейчык, пакуль дэмакратыя ў школе не дайшла да таго ўзроўню, каб вучні самі абіралі класных кіраўнікоў, гэта застаецца прэрагатывай дырэкцыі. Ты маеш жаданне аспрэчыць нормы?
— Ды мне амаль пофіг, — ціха агрызнуўся я і выправіўся, разумеючы, што завуч не даруе такіх слоў. — Прабачце, мне ўсё адно, ахвоты спрачацца з дырэкцыяй я не маю.
— Дзякуй, — холадна адказала завуч, пільна зірнула мне на грудзі.
Было зразумела: цікуе за «Анархіяй». Не старайся. няма. Я сёння ў саколцы Зіначкі.
На перапынку падышоў Ромка, адвёў убок:
— Ты ведаў?
— Учора Зіначка казала. Я праводзіў яе да прыпынку.
— І мне казала.
— І каб ты мне тэлефанаваў, казала?
— А я сам не магу? На цябе ж глядзець. ажно сумна робіцца. Ды казала, калі табе так важна. Усё будзе добра! Твае ж словы.
— Ромка. — з незадавальненнем перасцярог я.
— Усё, маўчу. Слухай, і ты павінен ведаць. Мне тут пад сакрэтам сказалі. На нашага фізіка быў данос у міністэрства. Што ён арганізоўвае п'янкі для вучняў на сваёй кватэры. П'юць там піва. І здымаюць нават на відэа. А доказ — наш фільм.
Дзіўна, зусім не ўразіла гэтая навіна. Я глядзеў у сумныя Ромкавы вочы і разумеў: так мусіла быць, усё павінна быць зруйнавана, бо я выцягнуў тую запалку, шмаргануў, як чаку баявой гранаты, — і мой сусвет не захістаўся — выбухнуў, абрынуўся, а ў маім сусвеце не адна Ядвіся, у ім — Зінаіда Мартынаўна, фізік, Ромка і наш фільм.
— Трэба нешта рабіць, — нясмела азваўся Ромка, нагадваючы пра сябе.
— Трэба? Ты ўпэўнены? — абыякава спытаў я. — Сэнс? Ці ты лічыш, твае словы нешта значаць у школе?
Ромка пакрыўджана засоп.
— Я разлічваў на цябе.
— У сэнсе?
— Ты нешта прыдумаеш.
— Ды ідзіце вы ўсе, знайшлі крэатыўнага прыдумшчыка! Адчапіцеся! — крутнуўся я і пайшоў прэч.
Да канца тыдня мяне ніхто не чапаў. Зрэшты, ніхто нікога не чапаў — у класе было не тое што сумна, а як пасля хаўтур: голасна не размаўлялі, смех сцішваўся, абрываўся, не паспеўшы выбухнуць. На ўроках не шумелі, з настаўнікамі не спрачаліся. І нават Віялета са сваімі сяброўкамі паводзіліся стрымана, для нейкіх сваіх размоў яны купкай выходзілі з класа, але вярталіся не як раней, з застылым хіхіканнем на тварах, а нечым нават засяроджаныя. На вуліцы холадна — ужо добра падмарожвала, малыя раніцай дарогаю ў школу шукалі зацягнутыя белым льдом лужыны, тупацелі, слізгалі. А снегу не было, наўкола панавалі шэрыя і чорныя колеры. Неяк ішоў і нечакана стаў лічыць (магчыма, згадалася, як Юрась штораніцы нешта падлічваў) колькасць людзей у чорнай і шэрай вопратцы і іншай, чырвонай там, сіняй. Налічыў шэсцьдзясят сем чорна-шэрага колеру і восем блакітнага, зялёнага, чырвонага. У школу і са школы я хадзіў адзін, нікога не чакаў, хутка апранаўся і ішоў па вялікім коле — праз старыя прысады, якія цяпер выглядалі нават трошачкі жудасна, — шэрая стужка тратуара ў атачэнні чорных ствалоў клёнаў з аднаго боку і квола-нясмелых белых бяроз з другой. Падобна, табе прапаноўваецца выбар: станавіся па любы бок. Ідзі, разважай, а напрыканцы збочвай ці да чорных клёнаў, ці да светлых бяроз. Я не згадваў у гэтых прысадах Ядвісю. Згадваць жа можна тады, калі забываеш, так? Я ішоў штораз з ёй тут і адчуваў цяпло яе пальцаў у сваёй руцэ.
Выйшаў са школы, хутка дайшоў да плота і ля веснічак пабачыў цётку Жэню — маці Уладзі. Прайсці паўз яе не атрымлівалася: яна пазнала, заўсміхалася насустрач. Я павітаўся.
— Дзень добры табе, Кірыла! А дзе ж мой Уладзя?
— Ды зараз хутка ідзе...
Было памкненне выбачыцца, сказаць, маўляў, тэрміновыя справы, таму я так спяшаюся, ды згадалася некалі абяцанае цётцы: ніколі не кідаць Уладзю. І я прыпыніўся ля веснічак, бы мы з Уладзем дамаўляліся тут сустрэцца, каб не таўчыся ў тлумным школьным фае.
Уладзя выйшаў гэтаксама адзін, спусціўся з прыступак, і потым з дзвярэй паказаліся Ядвіся і Юрась. Ядвіся зірнула наперад — і прыпынілася, тарганула за рукаў Юрася. Яны спыніліся, адышлі ўбок і засталіся стаяць на пляцоўцы ля дзвярэй пад бетонным паддашкам.
— А што здарылася? — сустрэў Уладзя маці пытаннем.
— Сынок, бабуля Таццяна захварэла, едзем во зараз з бацькам, — пачала тлумачыць цётка Жэня. — Вернемся ў нядзелю, як усё будзе добра, бо шлях няблізкі — трыста кіламетраў у адзін бок. А збіраліся назаўтра перавезці з лецішча бульбу ды ўсё іншае са склепа, бо маразы ж пачаліся. І на выхадныя абяцаюць моцнае пахаладанне. Дык мы цябе просім, сынок: мо б вы разам з Кірылам з'ездзілі на лецішча, напалілі там печку добра, каб жа не памерзла, шкада ж будзе вельмі. Мы і грошай табе пакінулі дома, на тваім стале, купіце чаго смачнага, там жа нядоўга...
— Ну, вы задаяце мне работу, — незадаволена буркнуў Уладзя. — У мяне і свае планы на суботу былі.
— Дык жа памерзне ўсё...
— Ды з'ездзім, цёць Жэнь, — нечакана вырвалася ў мяне. — Напалім, чаго там.
— Дроў там зусім мала засталося. — з асцярожнай скрухай, за якой ўгадвалася палёгка і радасць, уздыхнуў Уладзя.
— То ўжо, сынок, назбіраеце сучча хваёвага ў ляску, там жа яго хапае, недалёка, дажджоў не было моцных апошнія дні, яно сухое. сякеры там дзве ёсць. Бацька выбачаецца вельмі.
— Ды добра, назбіраем.
— Тады мы паедзем, бацька ледзь прыпаркаваўся на колькі хвілін. Усё, глядзіце там, хлопчыкі, асцярожна каб. Будзьце там гаспадарамі, вы разумныя і дарослыя ўжо.
— Ды паглядзім, паглядзім. Добрай дарогі. Бабулі прывітанне, — развітаўся Уладзя з маці, яна подбегам падалася ў бок прыпынку, дзе, мабыць, чакаў у аўто бацька. Баба Таццяна, я ведаў, жыла насамрэч вельмі далёка адсюль, Уладзя апавядаў раней.
Дарогаю коратка дамовіліся з Уладзем пра час выезду. Ён ажывіўся, прапанаваў застацца нанач і захапіць падручнікі, каб там і дамашку зрабіць. Я адмовіўся, бо марыў усю нядзелю праваляцца на канапе, — спампаваў сабе новыя сезоны «Падмані мяне» і «Менталіста». І Кінг не дачытаны. Ды і што рабіць у такое надвор'е на лецішчы, у дамку, які стаіць ля невялікага ўзлеска, у бязлюддзі? Адно ў печцы паліць?