— Хіба цяпер гэта мае значэнне? Жэрабя было. Я згадзіўся. Ядвіся не даруе. І праўда на яе баку.
— Пабачым, — устаў і Уладзя, падышоў да акна. — Гэты бомж сказаў добрыя словы, варта запомніць.
— Ты пра якія?
— Пра тыя, дзе баяцца нельга. Што трэба рабіць тады, калі хочаш, а не чакаць магчымасць. Брыдка: ён цябе накруціў да жэрабя і пасля даклаў Ядвісі!
— Калі ты мне сябар сапраўдны, дык ты да Ядвісі не падыдзеш наконт нас, — цвёрда папярэдзіў я Уладзю. — Ніякіх разборак.
10
У нядзелю Ромка і Уладзя прыйшлі да мяне, і мы разам гадзіны тры складалі ліст. Спрачаліся: ці варта пісаць, што піва было сапраўднае, бо ж хіба гэта крамола: мы здымалі фільм, зараз праглядалі — там адно Сяржук Мігно падносіць рыльца да рота, і то не відаць, што каўтае, а так хлопцы адно размахваюць бутэлькамі. Уладзя даводзіў: пісаць рэальна, каб не блытацца, як прыціснуць пытаннямі: дзе бралі пустыя бутэлькі? Што налівалі? Ды і добрая справа не будуецца на хлусні. Пагадзіліся. Дапісалі, што піва цалкам пакінулі ў кватэры фізіка, і тое было праўдай — ніхто на яго не паквапіўся. Далей я прапанаваў уставіць інфармацыю пра пэўную колькасць незадаволеных асоб, якія пакрыўдзіліся на прапанову ім другасных, а не галоўных роляў. І верагодна (мы не сцвярджаем, а ўсяго падазраём), што ліст напісаны дзеля таго, каб нам дапячы, каб мы адчулі сябе вінаватымі перад настаўнікам. Ромка з Уладзем падумалі і падтрымалі.
Маці гатавала нам гарбату, папыталася, што за справа такая важная, бо надта ж мы сур'ёзныя. Ромка вырашыў ёй коратка апісаць сітуацыю. Маці слухала ўважліва, потым сказала тое, пра што раней даводзіў Уладзя: няварта скакаць праз галовы дырэктара і аддзела адукацыі. Мае сэнс пачынаць знізу. І запэўніла нас, што людзі разумныя ёсць паўсюдна, разбяруцца.
Мы падрыхтавалі адразу тры лісты, каб лішні раз не збіраць подпісы. Да дырэктаркі рушылі ўтрох.
Рэгіна Казіміраўна сустрэла нас без здзіўлення, мабыць, здагадвалася, з чым мы ідзём. Прапанаваўшы сесці на крэслы ля сцяны, сама не села, чытала, засяродзіўшыся, пададзены ёй ліст.З дырэктаркаю мы сутыкаліся, прынамсі, я, толькі праз пытанні па школьнай форме, ніякіх прадметаў яна ў нас не вяла. Ромку яна ведала болей, як ніяк ён у школьным актыве, Уладзя таксама ёй быў вядомы — адзін з галоўных гульцоў каманды «Што? Дзе? Калі?» — як такога не ведаць? І таму я здзівіўся, калі дырэктарка, усё яшчэ трымаючы ў руках аркуш, найперш звярнулася да мяне:
— Вяргейчык, мне тут апавядалі, што ты вельмі артыстычны, і фільм такім цікавым атрымаўся дзякуючы найперш тваёй фантазіі. Што ж ты гэтулькі гадоў хаваў свой талент?
— Ды. Неяк нагоды добрай не было, Рэгіна Казіміраўна, — знайшоўся я. — А пра мае здольнасці перабольшваюць.
— Бач, ты яшчэ і сціплы, добра.Макар, у цябе, я так разумею, яшчэ такія ж лісты?
Ромка замяўся на хвіліну, падхапіўся з крэсла (дырэктарка працягвала стаяць), адказаў са шкадобай у голасе:
— Так, Рэгіна Казіміраўна, не будзем маніць. Мы падрыхтавалі лісты да вас, у аддзел адукацыі, у міністэрства. Але адпраўляць пакуль нікуды не збіраемся, спадзяёмся.
— Спадзеяцеся, але ж не давяраеце, так?
Я сцяўся. Мы чакалі такога пытання, прадумвалі на яго адказы, да пэўнасці цалкам не дайшлі. Ромку выкручвацца.
— Не ў даверы справа, Рэгіна Алегаўна, — пачаў Ромка нечакана ўпэўнена. — Мы, збіраючыся да вас, падумалі: а раптам вы нам падкажаце менавіта самім звярнуцца вышэй? Мы ж не ведаем, як вырашаюцца такія справы.
— Дыпламат. сядай, не стой.
Дырэктарка сама села за стол, нейкі час маўчала, потым роўным голасам сказала:
— Не трэба больш ніякіх папер. Вы зрабілі дастаткова. Не будзем цяпер браць тлумачальную ад кожнага, хто там быў, на здымках. Пытанне фактычна вырашана на нашым, мясцовым узроўні. Канечне, факт таго звароту ў міністэрства дужа непрыемны для нас, не буду хаваць. Надалей, калі ласка, улічвайце такія моманты з напоямі. Вы задаволеныя адказам?
— Дык... Антося Сямёнавіча не паставяць нашым класным кіраўніком? — задаў пытанне Ромка.
— Можаце мне паверыць, класнае кіраўніцтва вашым класам не звязана з тым пасквілем. У Антося Сямёнавіча з'явіліся пэўныя сямейныя праблемы. Паўгода пабудзеце з Наталляй Іванаўнай. Яшчэ ёсць пытанні?
Мы выйшлі з кабінета з няўцямнымі пачуццямі. З аднаго боку, здаецца, дасягнулі свайго, з іншага — а што змянілася? Але хай будзе, як ёсць, абы горш не было.
Мы стаялі каля «свайго» акна, калі да нас падышоў Юрась. Ці мне падалося, ці насамрэч у яго быў трохі зацкаваны выгляд. І нешта яшчэ непрыемнае ў позірку. Магчыма, і крыўда — вось, не ўзялі з сабой, а мог бы дапамагчы, і адначасова — палёгка, маўляў, добра, што без мяне абышлося, увязвацца ў вашы разборкі — яшчэ дадуцца ў знакі.
— Што выхадзілі, хадакі? — спытаў ён у Ромкі бадзёрым такім голасам.
— Усё норм, — няпэўна адказаў Ромка і дадаў: — Усё будзе добра.
— Як яны вырашаць, так і будзе, — хмыкнуў Юрась і звярнуўся да Уладзі: — Слухай, юны Васерман, скажы мне па-сяброўску: колькі ў нашым горадзе народу і колькі было ў пачатку гэтага стагоддзя?
Уладзя раптам гучна і цяжка задыхаў. Ён зняў акуляры, зноў надзеў і нечакана выдаў:
— Я табе больш не сябра!
На твары Юрася застыла ўсмешка, ён з вышыні свайго росту глядзеў на маленькага Уладзю, а ўсмешка расцягвалася ў грэблівую грымасу.
— Ты што, з'еў дрэнь нейкую? Ці ад чытання энцыклапедый дах паехаў? Не ведаеш, так і скажы, вікіпедык.
Паважаныя чытачы!
З-за прыкрай недарэчнасці, выкліканай тэхнічным збоем, у папярэднім нумары «Маладосці» ў рамане была прапушчана частка тэксту. Яе кароткі змест такі: пасля таго, як Кір пабачыў на плячы Ядвісі радзімку ў выглядзе матылька, ён вырашыў запрасіць яе дадому. Адбываецца сустрэча, падчас якой Кір расказвае, што ў дзяцінстве ён, Уладзя і Юрась штогод адпачывалі ў адным летніку, а ў адзін год ля ручая, дзе бавілі час, вельмі моцна напалохалі дзяўчынку, кінуліся яе праганяць. Яна ўцякала ад іх, тады Кір і пабачыў на яе плячы ружовага матылька. Дзяўчынка звалілася з абрыву, моцна пабілася. Хлопчыкі спужаліся яе маці, якая ішла да капальні, і збеглі. Маціпрынесла дзяўчынку ў летнік, адкуль яе забрала «хуткая». Хлопчыкі чакалі, што іх пазнае маці дзяўчынкі, хаваліся, але ўсё прайшло быццам бясследна для іх. Толькі Кіру пачаў сніцца матылёк. Ядвіся прызналася, што тады маці даведалася іх імёны і адкуль яны – важатыя расказалі, дзе бавіць час тройка сяброў. Ядвіся вельмі захварэла,не магла спаць, усё падала ў прорву, і яе бабульцы трэба было ведаць імёны віноўнікаў, каб адшаптаць унучку ад перапалоху. Цяпер Ядвіся сама выбрала школу, каб сустрэцца з імі і зразумець: чаму так жорстка абышліся з ёй тады невядомыя хлопчыкі, а галоўнае, якімі яны сталі? Але помсціць яна не будзе.
Ядвіся расказала Кіру гісторыю кахання сваёй маці да журналіста раённай газеты, пра апошнюю іх сустрэчу, якую мужчына не змог запомніць, бо быў напоены зеллем, якое прыгатавала бабуля. Ядвіся нарадзілася з вялікай радзімай плямкай як аплатай за вядзьмарства. Кір быў вельмі ўзрушаны пачутым: як жа так, мужчына недзе жыве і нават не ведае, што ў яго ёсць дачка. Ядвіся ж адказала, што яна не вінаваціць бацьку, не асуджае маці – такі лёс…
Кір не расказвае ні Юрасю, ні Уладзю пра тое, што тая маленькая дзяўчынка, якая па іх віне звалілася з абрыву і пабілася, – Ядвіся.
Юрась збіраўся павярнуцца, каб ісці, але голас Уладзі, настоены на адчаі і злосці, прымусіў яго (ды і нас з Ромкам) застыць на месцы:
— Я ведаю! Як ведаю і тое, што ты заходзіў на кухню ў кватэры Антося Сямёнавіча, там ты трымаў у руках запалкі, а пасля яны зніклі! Ведаю, сто разоў паказвалі ў фільмах пра жэрабя-фокус з дзвюма абламанымі запалкамі! Ведаю, што ты даўно вылічыў з матэматычнай дакладнасцю, як завесці Кіра, каб ён не кантраляваў сябе. Ты заўсёды падстаўляў яго! З таго самага разу, там, у летніку. Ты, а не Кір, закрычаў «Лаві яе!», ты першы пабег за дзяўчынкай! Ты затросся ад страху, ты гукнуў нам «Уцякайма!» і першым кінуўся бегчы прэч. А мы маглі б... мы павінны былі скочыць і дапамагчы той жанчыне, паднесці дзяўчынку. А мы ўцяклі! І ты тады абвінаваціў Кіра, што ён арганізаваў пагоню, што ён таўхануў дзяўчынку з кручы! І цяпер ты зноў падставіў Кіра. Ты данёс на яго Ядвісі! Ты мне больш не сябра! Не сябра, чуеш!