Юрась прымружыў вочы, твар яго згубіў чырвань. Ён не ўсміхаўся, разгубленасць у вачах спакваля знікла, там запалала хцівасць і пагарда. Ён хмыкнуў і кінуў грэбліва:
— Дзіцячы сад, малодшая група. Ідзіце на. — і пакрочыў па калідоры.
Зазвінеў званок. Мы скіравалі ў клас, не прамовіўшы ні слова. Сядзелі на ўроках, я кідаў іншы раз крадком позірк на Уладзю. Так, уразіла яго «прызнанне ў любові» да Юрася. Але я быў літаральна шакіраваны іншым: ён да гэтага часу памятае, перажывае і не можа дараваць сабе тую пагоню за аголенай дзяўчынкай. Мы хавалі адзін ад аднаго сваю віну. Што сніцца яму? Як яна бясконца падае з пясчанай кручы? Ці сам ён падае і яго нясе на тыя камяні?
Калі б я прамаўчаў, хіба б я мог цяпер уважацца ягоным сябрам? Таму і запытаўся, як выйшлі са школы: што яму снілася?
— Мне нічога не снілася... — выдыхнуў Уладзя, але я адчуў, што ён зараз падзеліцца са мной самым патаемным, самым балючым. І не памыліўся, ён працягнуў напаўголаса: — Мяне грызла.
А праз год, помніш, упаў на лецішчы. І калі ачуняў у бальніцы, калі пра зрок даведаўся — згадалася нечакана ўсё да драбніц, усплыло, як тая дзяўчынка падала, як стукнулася аб каменне. А тут маці сядзіць, трымае за руку, усхліпвае і прыгаворвае: «А за што ж гэта, за якія грахі бяда такая?» Я плакаў тады сам — так сорам пёк, так балюча было, што маці лье слёзы, ды не ведае прычыны, а то ж мне адплата была! І далей вось цягнецца, вось жа жыву недарэкам, пасмешышчам, энцыклапедыяй хадзячай... Кір! Давай знойдзем яе, папросім прабачэння! — адчайна выгукнуў ён, зазірнуў мне просьбітна ў вочы.
Цяпер я упэўніўся, што зрабіў слушна, пачаўшы размову.
— Ніякі ты не недарэка, — з ушчуваннем заўважыў я. — І нічога не цягнецца — нармальна ж у цябе ўсё цяпер, вунь з Настачкай пасябраваў, ажыў сам, зусім іншы стаў. Ты ведаеш, яна ў цябе ад садка закаханая?
— Прызналася, — ад непрамінулай горычы Уладзева ўсмешка была больш грымасаю болю. — А я вось дурань. Кір, знойдзем?! З'ездзім у вёску.
— Не трэба нікуды ехаць. Не трэба яе шукаць, Уладзя. І не трэба прасіць прабачэння, — адказаў я на яго вокліч ціха, але цвёрда.
— Чаму? — ён, збянтэжаны, спыніўся.
Я таксама стаў насупраць і ,гледзячы проста ў яго зрэнкі за тоўстымі шкельцамі акуляраў, выдыхнуў:
— Таму. Яна нам прабачыла. Гэта Ядвіся.
Уладзя не міргаючы глядзеў на мяне. Потым скінуў заплечнік, кінуў яго на бардзюрыну і сеў зверху. Я зрабіў тое самае. Было напляваць, як мы выглядалі збоку: два дурні сядзяць, выцягнуўшы ногі ў сівую ад маразоў траву за тратуарам. Тут тратуар быў высокі, лужок ад яго збягаў долу, мы нібыта сядзелі на беразе ракі, што схавала свае воды ў густой някошанай траве, паніклай і звялай. Уладзя маўчаў. Я напаўголаса стаў казаць:
— Я запомніў, у той дзяўчынкі... такая радзімка была, мне падалося — мятлік на плячы сядзіць. І бег, не мог спыніцца, за тым мятлікам... Помніш, я пытаўся пра сон? Мне снілася... А калі Ядвіся з Віялетай стрыптыз паказвалі, то пабачыў таго мятліка. У Ядзі на спіне, ну, на лапатцы. Прызнаўся ёй. Мы пра ўсё паразмаўлялі. У мяне цэлы вечар сядзелі, я ўсё згадаў. І яна таксама. Нас тады важатыя здалі Ядвісінай маці, імёны, з якога горада, якая школа. Але нас не чапалі, нам прабачылі, дзеці ж, ды і назад нічога не вернеш, хоць нас саміх кінь з таго абрыву. Імёны патрэбныя былі бабульцы-шаптусе, каб пераляк з Ядвісі зняць... Вось так. Мне больш не сніцца, як я ганюся за мятлікам, а далей падаю ў бездань. І ў цябе ўсё добра, сам прыкінь. Яна сапраўды нас прабачыла.
Паўз нас за нашымі спінамі праходзілі людзі, нехта нават буркнуў кшталту таго, што зусім моладзь разбэсцілася. Вось жа, хіба мы некаму замінаем?..
— Яна адмыслова ў нашу школу прыйшла?
— Ага.
Мы зноў маўчалі.
— Кір. табе варта падысці да Ядвісі і расказаць, як усё было. З Юрасём.
— Не, Уладзя. Яна сказала — ненавідзіць. І не прабачыць.
— Можна патлумачыць, яна ж — разумніца, мусіць зразумець.
— Ты дапяць не можаш пакуль, а да мяне дайшло. Мне Зіначка на развітанне ведаеш, што сказала? Пачуццям патрэбныя справы і ўчынкі, а не тлумачэнні. Здавалася, банальшчына, па вушах праехалася. А потым уявіў. Вось ты стаіш перад ёй, кажаш ёй разумныя, лагічныя, поўныя праўды словы, кажаш пераканаўча, горача. Але што толку з іх, калі яна цябе ненавідзіць? Калі ты ёй агідны? Яна ж проста не чуе, разумееш? Бо цяпер я нават не ў фрэндзоне, як ты!
— Здаецца, даходзіць... Тады я сам падыду.
Уладзя ўзняўся, падхапіў заплечнік.
— Ты гэтага не зробіш, — усміхнуўся я яму знізу, устаў.
— Чаму? — з выклікам спытаў Уладзя, быццам я засумняваўся ў яго смеласці.
— Бо я табе кажу не хадзіць. Я табе расказаў пра Ядвісю? Я даверыўся табе. Дык зрабі, як прашу.
— Ты псіх!
— Ідзі да д'ябла, — усміхнуўся я. — У тваёй Настачкі праз тыдзень дзень народзінаў. Падарунак выбраў?
— Не. — Уладзя скрывіўся ад сваёй разгубленасці ў гэтым, пэўна ж, важным для яго пытанні.
— Не прыдумаю.
— Яна ж гатаваць любіць, паедзем посуд зірнём ці што яшчэ гаспадыні шукаюць, распытаем жанчын там.
— Такі падарунак? Я думаў нешта з сувенірчыкаў.
— Ты лох! — пакпіў я без злосці. — Уяві: яна гатуе пірог і ведае, што патэльню ёй падараваў ты! Там жа не пірог — такое смакоцце само атрымаецца!
— А ты шарыш, — здзіўлена працягнуў Уладзя, радасна гукнуў: — Паехалі зараз!
І мы павярнулі не дамоў, а да прыпынку аўтобуса, каб ехаць у цэнтр.
Дамоў вярталіся ў прыцемках. Раптам пасыпаў з чорнага неба дробны, але спорны дождж, вуліца — тратуар, дарога, самі людзі ў куртках і паліто — заблішчэла ў жоўтым святле аднавокіх ліхтароў, якое раптам ажыло, напоўнілася мільёнамі зіхоткіх кропелек. Ісці заставалася нядоўга, мы не пабеглі, пагатоў што пад нагамі зрабілася адразу коўзка — было трохі ніжэй за нуль, адчувалася. Людзей на тратуары раптоўна паменшала, іх як растварыў гэты нечаканы халодны дождж. І вуліца стала больш нашай.
Мы нічога не купілі, прыцэньваліся, разглядалі, нават папыталіся ў прадавачкі: што лепей. І тая катэгарычна нам параіла: спытаць у гаспадыні, бо, па-першае, у яе такое можа быць, а па-другое, яна можа хацець нешта канкрэтнае.
— Як баішся, дык я спытаю, — прапанаваў я Уладзю.
— Ды я не баюся пытацца. Баюся, што адмахвацца пачне, яшчэ пакрыўдзіцца. От, скажа, патэльню мне захацеў купіць! — засумняваўся раптам Уладзя ў мэтазгоднасці такога падарунка.
— Слухай. А ты пачні шчыра: учора базарыў з Кірам, ён спытаў, ці выбраў я табе падарунак, і прапанаваў купіць табе нешта на кухню, бо ты ж любіш гатаваць, дык каб была і памяць, і карыснае, — без крыўды, але жорстка закрыў я тэму. — Усё, разыходзімся! Так і пытай.
Маці сустрэла ў вітальні, трошкі ўсхваляваная.
— Вой, галава мокрая! Зараз рушнік дам, выцірайся хутчэй. Не змёрз? Мо пад душ гарачы?
— Ды не, усё добра.
— А ў нас госці — дзве мае аднакласніцы, уяўляеш, — усміхалася вінавата маці. — Мы там заселі на кухні, ты ўжо выбачай — ідзе перадача «Чакай мяне!», а там, уяві, наш аднакласнік знайшоў сястру! Так цікава. — маці прынесла ручнік, чакала, пакуль я вытру галаву. — Пайшлі, сынок, на хвілінку, я цябе пакажу сяброўкам.
Я уздыхнуў, але што зробіш? Зайшоў на кухню, павітаўся. Дзве цёткі сядзелі на канапцы за накрытым сталом, на выгляд — старэйшыя за маю маці. Адна — гэткая тоўстая, у джынсах, кофце ў абліпку, якую яна хіба знарок апранула, каб вось так, седзячы, дэманстраваць пяць таўсценных складак тлушчу і яшчэ там чаго ад шыі і да ног. Падстрыжаная зусім коратка, валасы выбеленыя, тонкія, бы поўсць нейкая. Але вось што незвычайна — твар яе быў прыемны: вочы вялікія, светлыя, глядзяць з жывой цікавасцю і зычліва, нос акуратны і вусны нятлустыя, прыгожыя. Яна ўсміхалася мне гэтак шчыра і радасна, рыхтык нязнама колькі гадоў чакала тут майго з'яўлення: