— А-ёй, Волечка, ды твой сын — вылітая ты! Ай, які прыгажун! Ну, сапраўдны мужчына!
Другая жанчына была станам падобная да маці: невысокая, не худая, але нейкая ўся вуглаватая:
плечы вострыя. Чорныя, відавочна ж, пафарбаваныя валасы да плячэй падстрыжаныя гэтаксама
— рэзкімі лініямі, і на лоб стрэшка падае строга наўскос, валасок да валаска. І твар. твар быў стары. Я нават падумаў, што маці нешта пераблытала: гэтая цётка, можа, іх настаўніца? Бо ж вакол вачэй — зморшчыны, зморшчыны па ўсім твары, з двух бакоў ад носа — тонкія складкі скуры, скулы рэзка акрэсленыя, мабыць, яна аднекуль з Усходу. татарка хіба.
— А вось вусны — бацькавы! — сказала яна, а голас быў нечакана тонкі і дзіцячы.
Не сказаць, каб мне было ўтульна стаяць перад двума парамі жаночых вачэй, ды яшчэ маці абдымала. Але трываў, адчуваў па лёгкім, ледзь улоўным трымценні далоняў маці на плячах, што ёй прыемна і хвалююча. І яшчэ мне было радасна ад думкі, што мая маці — такая прыгожая сярод сваіх аднакласніц!
— Смачна вам есці! — пажадаў я.
Мне хорам усе трое падзякавалі, маці замітусілася — пачала збіраць мне вячэраць:
— Сынок, я табе ў пакой прынясу, добра? Мы ўжо тут даглядзім, так цікава.
— Няма праблем, якія пытанні!
Жанчыны гучна гаманілі на кухні, і хоць маці прычыніла дзверы, я чуў і іх гамонку, і галасы, і музыку з тэлевізара. Бач, іх аднакласнік дзякуючы шоу адшукаў сястру. І радасць у людзей, цэлае шчасце. Для некага так важна знайсці сваіх. Калі б знайшоўся мой бацька, што б я адчуў? Хочацца, каб ён быў. чалавекам. Каб павініўся за ўсё — за тое, што кінуў нас з маці, за тое, што не з'яўляўся гэтулькі гадоў. Каб быў. ну, хай не заможны надта, але каб у яго было ўсё: кватэра, аўтамабіль. Маці ці б даравала яму? Мабыць, так. Хоць у яе зараз ёсць мужчына, але б у мяне з'явіўся бацька. І я з'ездзіў бы да яго ў госці, ці ён прыехаў на сваім аўто. Мы б размаўлялі з ім шчыра. Хіба я не зразумеў бы яго? Гэтулькі давялося ўсяго перацерці ў мазгах за гэты час, зразумеў бы.
А Ядвіся? Хіба ж яна не будзе шчаслівая, калі даведаецца, што яе бацька, да прыкладу, — вядомы паэт?
Я знайду Ядвісінага бацьку!
Ажно падскочыў з канапы і плюхнуўся ў крэсла ля компа.
«Пачуццям не патрэбныя тлумачэнні, адно учынкі і справы».
Я знайду бацьку Ядвісі.
Не праз гэты тэлевізар. Іншым шляхам. І тады. тады я змагу падысці да Ядвісі. Хіба ёй не будзе цікава: хто яе бацька, дзе жыве, кім стаўся? Тым больш яна ж кажа, што нарадзілася ад кахання, ні ў чым бацьку не вінаваціць, неяк па-асабліваму аберагае.
Я згадваў гісторыю Ядвісі, якую яна апавяла мне вось тут, седзячы на канапе. Яна казала, маці працавала ў школе, а жыла ў бабулі. І пазней Ядвіся была з бабуляй. Значыць, гэта тая вёска, якая стаяла блізу летніка. А ў якім раёне быў летнік? Што было яшчэ побач? Вось жа, не цікавіліся ніколі. Я пайшоў на кухню, пачакаў пад дзвярыма адноснай паўзы ў гутарцы, зайшоў, запытаўся ў маці. Яна здзіўлена заміргала, але я адно усміхнуўся: «Трэба». Маці назвала раён і найбліжэйшую вялікую вёску.
На мапах Гугла была і тая вялікая вёска, і летнік быў. І быў нават наш ручай! Але не было той вёсачкі. Угадаў месца колішняй капальні — лысы ўзгорак, бегла з яго нітка дарогі. да вёскі мусіла бегчы, але на мапе вёскі не было, і на спадарожнікавых здымках адно два шэрагі дрэў угадваліся. Ніводнай хаты. Трохі наўзбоч — роўны чатырохкутнік, засаджаны дрэвамі. Здагадаўся: тыя самыя могілкі, дзе ляжыць Ядвісіна бабуля.
Нічога, у нас ёсць райцэнтр. Сямнаццаць гадоў таму там працаваў па размеркаванні малады спецыяліст з Мінска. Якія праблемы? Вось табе і сайт раённай газеты. Вось тэлефоны. Ледзь утрымаў сябе, каб не набраць нумар, сам з сябе пасмяяўся — то ж рабочыя, зараз вечар.
Маці правяла сябровак, зайшла спытаць, як мае справы.
— Норм, мам! А як ты?
— Ды таксама ўсё добра. Пасядзелі вось, паўспаміналі. Нат не верыцца, што час так праляцеў. Некалі былі дзяўчынкамі.
— Мам, слухай, ты ў параўнанні з імі маладзейшая на дзесяць гадоў!
Маці ўсміхнулася неяк сумнавата, уздыхнула.
— Жанчыну не гады робяць старой. Таццяна, якая поўная. У яе дыябет, жыве на ўколах. Пасля родаў другога дзіцяці хварэла. Лячылі гарманальнымі пігулкамі, яе і разнесла страшэнна. І скінуць вагу не змагла потым, нешта там парушылася. Яна зычлівая, вясёлая і добрая. А Хрысціна. Двойчы была замужам, не магла зацяжарыць. Па дактарах ездзіла. Па манастырах і цэрквах, у паломніцтве была. Кажуць, усё добра, а дзіця займець не можа. Гэта яе і забівала. Зараз адна. Вось так.
Укладваўся спаць і думаў: колькі яшчэ разоў, колькі будзе выпадкаў наперадзе, калі я зноў лахануся так, што будзе пячы сорам за дурныя думкі?
Назаўтра заняткі цягнуліся як ніколі марудна. Я ёрзаў за сталом, нават Уладзя пацікавіўся: чаго мяне сёння носіць? Сам ён быў задаволены, нібы ўзяў незвычайна цяжкае і вырашальнае пытанне ў сваёй гульні — набраўся рашучасці, спытаў у Настачкі пра падарунак. Дарэчы, прызнаўся: пытаўся так, як я яго вучыў. Настачка, казаў, засаромелася напачатку, але папрасіла форму для выпечкі кексаў, нейкую адмысловую, мяккую, але тэмпературу трымае...
У сталоўку я зноў не пайшоў, падняўся на трэці паверх — ён самы пусты падчас вялікага перапынку, знайшоў зацішак, зрабіў выклік на нумар, які ўчора забіў у тэлефон.
— Слухаем вас! — адказаў прыемны жаночы голас.
— Раённая газета «Новы шлях»?
— Так.
— Выбачайце, калі ласка. Ці магу я даведацца пра імя аднаго былога вашага работніка?
— Работніка былога? Выбачайце, але хто вы? — насцярожыўся голас.
— Мой бацька. моцна захварэў. Ён меў сябра, журналіста. Яны разам вучыліся, потым іх шляхі разышліся. Яго сябра па размеркаванні з Мінску працаваў у вашай газеце. Бацька хоча яго знайсці, але цяпер. ён не памятае шмат, забыўся і імя свайго сябра.
Я фантазіраваў на хаду і сам дзівіўся той лёгкасці, з якой стваралася мая «легенда», бо ўчора нават не задумляўся над тым, што мяне могуць адразу, як на той мяжы, спыніць пытаннем: «А ты хто такі?» Мабыць, прыдумаў я добра, казаў пераканаўча, бо на тым канцы пацяплела:
— Разумею, разумею. Але ж выбачайце, калі ваш бацька. То колькі гадоў таму было?
— Шаснаццаць-сямнаццаць.
— О, на жаль, наўрад ці мы вам дапаможам. Сёння ў нас няма ніводнага чалавека ў рэдакцыі, хто б працаваў гэтулькі, тут вялікая цякучка, людзі мяняюцца. І штогод у нас бываюць адзін ці два выпускнікі ўніверсітэтаў, якія адпрацоўваюць сваё размеркаванне і знікаюць. Бухгалтэрыя таксама не дапаможа, бо дакументы здадзеныя ў архіў, мяркую. Месяц таму звольніўся наш найстарэйшы карэспандэнт. Я магу даць вам яго тэлефон, ён, можа, успомніць тыя гады. Аднак тэлефануйце яму зранку, бо да вечара ён. можа быць на падпітку, — шчыра прызналася жанчына.
— Дайце, калі ласка, тэлефон.
Я запісаў нумар і нейкі час разгублена глядзеў у акно. Вось жа насамрэч, калі там тыя выпускнікі мяняюцца як пальчаткі, хто будзе памятаць некага асабліва? Але вырашыў патэлефанаваць адразу ж на дадзены мне нумар.
— Віктар Леанідавіч? Дзень добры!
— Ну, хай будзе добры твой дзень, дружа, — амаль што праспяваў мне ў адказ мужчынскі голас. «П'яны», — варухнулася думка, але я вырашыў пытацца цяпер. Якая розніца? — Даруйце за пературбацыю, Віктар Леанідавіч. Шаснаццаць ці сямнаццаць гадоў таму ў вашай рэдакцыі працаваў пасля ўніверсітэта журналіст. Ён з Мінска быў. Такі малады. Ён сябра майго бацькі, я яго шукаю.
— Дык зразумелая справа, што той журналіст быў малады! А як яго клікалі?
— Не ведаю імя.
— О, дружа, дык ты ведаеш, колькіх маладых я пабачыў на сваім вяку? Сто! Вось, дакладна, калі палічыць — сто! Яны прыходзілі і сыходзілі, як першы снег увосень — рабілі с..., а ты потым прыбірай.
— Тады даруйце, — вырашыў я завяршаць размову, бо добрага фіналу тут не прадбачылася. Потым вырашу, што рабіць далей. Яшчэ ж універсітэт ёсць. Там павінны недзе захоўвацца даныя.