Выбрать главу

— Не, хлопча, куды ж ты бяжыш, калі я табе яшчэ ніяк не дапамог? Ты не спяшайся, тут каб падумаць. Ведаеш, з гадамі. з гадамі ўсе мінулыя гады робяцца падобнымі адзін на другі. От спытай, што я рабіў пяць гадоў таму, — не адкажу! Бо рабіў адно і тое: рэпартаж, артыкул, нататка. І на тыя ж тэмы! Тут пасеялі, тут узаралі, а там ужо жнуць. Так, дружа. От я ўспамінаю, што хлопцаў да нас прыходзіла і няшмат, нешта дзеўкі паперліся ў журналістыку, але, я табе ска­жу, некаторыя пішуць. пішуць зубаста! Канечне, няма грунтоўнага мужчынскага падыходу, бо жанчына будзе жанчынай. Ага, значыць, хлопцаў у нас было небагата, але якраз дзесяць-пятнаццаць гадоў таму яны і прыходзілі. От каб твой сябра быў нечым адметны. Мо ён руды? Ці кучаравы? Мо ростам у два метры? Такі адзін быў — аловак у руцэ хаваўся. Але не ўмеў пісаць. дык твой знаёмы які?

Я выдыхнуў з палёгкай — урэшце скончыўся гэты маналог-разважанне, можна задаць пытанне ды выбачацца і адключацца — зараз грошай на рахунку не застанецца.

— Ён. ён пісаў вершы! — згадаў я дэталь з аповеду Ядвісі.

— О, дык гэта важкая дэталь! Важкая! І я ўспомніў! Быў такі! І ён гады тры таму прыязджаў у наш раён, завітаў да нас, сапраўдны паэт! Падараваў мне кнігу вершаў.

— А як яго імя?

— Не трэба перапыняць старэйшых, дружа, ты збіваеш мяне з думкі. Ён падараваў мне кнігу сваіх вершаў, казаў, кніга ў яго ці не трэцяя, вось як. Сам ездзіў у нейкую вёску. яе за­раз ужо і няма, у нас многа вёсак знікла, што ж, невялічкія, не перспектыўныя. Людзі хочуць жыць з выгодамі, от ты б хацеў жыць у вёсцы, дзе ні газу, ні крамы, ні школы? От. А кніжку я згубіў. Вяртаўся з працы, сустрэў сябра, пасядзелі ў парку, у нас стары, прыгажэнны парк. Дамоў прыйшоў — кніжкі няма. А то б я табе сказаў імя, абавязкова сказаў. А так — не памятаю, ніякая памяць, ніякая. І назвы кніжкі не помню. Ніякая памяць.

— Дзякуй вам! Усяго найлепшага! — і я адключыўся.

Ледзь дачакаўся канца заняткаў, падганяў Уладзю, як ішлі дахаты. Муляла папытацца ў яго: як лепш шукаць, але раптам перадумаў: потым падключу сябра, пакуль сам. Пашукаю ў сеціве, павінны ж быць нейкія Вікіпедыі, усіх паэтаў, якія падыходзяць па ўзросце. Пачытаю біяграфіі. Не можа быць, каб не было напісана, дзе які распачынаў сваю працоўную дзейнасць!

Крадком спадзяваўся на халяву: раптам па запыце «пачынаў сваю працоўную дзейнасць у раённай газеце «Новы шлях» выскачыць нейкае імя. Не праскочыла халява. Мяняў словы ў запыце — нічога не дапамагло. Што ж, пачаў складаць спіс.

За два дні я назбіраў каля трох дзясяткаў паэтаў патрэбнага мне года нараджэння. Яшчэ дзень вышукваў біяграфіі тых, у каго заставаліся цьмяныя плямы ў пачатку працоўнай дзейнасці. Ні адзін не падышоў. Але ж заставаўся яшчэ ўніверсітэт, хоць цяпер, пасля званка ў рэдакцыю раёнкі, аптымізм мой зменшыўся : прыеду, што і дзе мне пытаць? І на якой падставе нехта пачне клапаціцца? Лягчэй жа проста сказаць: «Не можам» і паказаць на дзверы, хто будзе марнаваць свой час на патрэбу вучню?

Кволая надзея неспадзявана варухнулася падчас урока літаратуры. Наша Яўгенія Львоўна прыйшла з навіной: з Новага года пачнецца конкурс «Спроба пяра», дык каб усе ахвотныя пісалі вершы і апавяданні. І надта ж прасіла не падвесці яе. Наколькі я ведаў, літаратурным талентам у нашым класе ніхто пахваліцца не мог. Настаўніца заахвочвала нас магчымасцю раскрыцца і творча расці — як, да прыкладу, Алеся Трында з паралельнага класа. Яна ўдзельнічае ўжо колькі гадоў, яе вершы нават друкаваў рэспубліканскі часопіс і маладзёжная газета.

І я падумаў, што яна можа некага ведаць.

Алеся меней за ўсё ўдавала на паэтку. Ростам вышэйшая за мяне і ў два разы таўсцейшая. Павольная такая. Ну, проста кабеціна, а не дзесяцікласніца. Пастаў спінамі яе і завуча, дык яшчэ ўгадай, хто з іх — вучаніца, хто — настаўніца. Але вось твар у яе зусім дзіцячы. Алеся з такой цікавасцю выслухвала маю праблему, бы я ёй вершы чытаў, далібог. І вось разумніца, адразу ж вы­дала:

— Я магу папытацца ў аддзеле паэзіі часопіса, каго яны ведаюць такога ўзросту. Але, скажу табе, сёння многія выдаюць свае кніжкі за свае грошы, паэтаў шмат, а чытачоў практычна няма. То і не ведаюць нават адзін пра аднаго. Ведаеш, варта табе лепш звярнуцца да старшыняў абласных аддзяленняў. і абодвух Саюзаў пісьменнікаў.

— Абодвух?

— Ну так, у нас два Саюзы пісьменнікаў.

— А што, у адным усім месца не хапіла?

Алеся паціснула плячыма.

— Я не ведаю, але два. Я маю іх тэлефонныя даведнікі, там усе-усе занатаваныя. Лепш старшыняў пытацца, яны ведаюць сваіх. Праўда, калі мінскія, гарадское ці абласное, дык яны надта вялікія, тут цяжэй.

— Нясі даведнікі, а я табе — шакаладку!

Алеся ўсміхнулася крыху сарамліва і нечакана выдала:

— Не хачу шакаладку. Тут уся школа кажа, што ты — вялікі прыдумшчык, цэлы сцэнар напісаў. Можна, я дам табе пачытаць сваё апавяданне? Я вырашыла пісаць прозу, бо вершы нікому не па­трэбныя. І саромеюся дасылаць у рэдакцыю, раптам зусім нягегла.

— Мне? Пачытаць? — я ажно адступіў на крок. — Вось я выславіўся. ужо, як яго, крытыкам зрабіўся?

— Ну. мне здаецца, ты зразумееш. Дзе што не так. Дык я прынясу?

— Слухай, а калі мне не спадабаецца? Так і казаць?

— Кажы. Толькі патлумачыш, чаму. Каб я змагла выправіць. Калі можна будзе нешта выправіць.

— Ну, нясі. На паперы, не люблю на экране, добра?

Назаўтра Алеся прынесла мне невялічкія кніжачкі — тэлефонныя даведнікі і старонак дваццаць тэксту. Я цішком пацешыўся — не так і шмат. Тым вечарам не пачаў адразу пошукі — лёг чытаць раздрукаваны тэкст. Пачытаў. Здзівіўся. А класна ж! Думаў, будзе яна баяць пра нешчаслівае каханне, а яна пра тое, як качак у гарадской сажалцы карміла. Як зіма была, качкі па лёдзе хадзілі, а людзі кідалі ім ежу. Неяк усё і проста, ды ўзнікала думка пра пэўную нелагічнасць такой карцінкі, і Алеся задумвалася над тым, чаму няправільна карміць качак узімку. Так, варта шкадаваць, але ж мы сваім шкадаваннем адвучылі птушак ад выраю, ад палёту. Сталі качкі утрыманцамі. І далей зусім такі нечаканы крок — да людзей. Людзі цяпер нават не імкнуцца ў неба — як мы качак гэтых лянотных, так і нас корміць нехта нябачны.

Нічога сабе ў яе думкі! Красава наўпрост, хіба што задоўгія сказы, на цэлы абзац, пакуль прадзярэшся да канца, дык забудзеш, з чаго пачынаў. Не стаў чакаць заўтра, патэлефанаваў Алесі. І сказаў, што думаў.

— Дзякуй, дарагі Кір! Дзякуй-дзякуй! — так узрадавана закрычала ў адказ яна, усё адно як я паведаміў пра публікацыю яе апавядання ў мажным часопісе. Ды яшчэ «дарагім» дражніцца.

— Ты там не ашалела? З чаго я табе дарагі? — засмяяўся я.

— Бо шчыра ўсё сказаў! Я так баялася, што мае думкі будуць недарэчныя.

— Нармалёвыя думкі і цікавыя. Пра сказы доўгія я табе сказаў. А, яшчэ ты напрыканцы наўпрост заклікаеш не спадабляцца гарадскім качкам. Мне не пакаціла. Навошта ў лоб вучыць іншых, як наш Швондзер? Хай самі думаюць, ты ж падказала. Ну, я так мяркую.

— Вой, Кір, які ты разумны! І праўда, навошта дыдактыка, ды яшчэ ад вучаніцы. Прыбяру, і сказы паразбіваю! Слухай, ты бяры сабе Саюз пісьменнікаў, каторы. ну, афіцыйны, а я — другі. Пачнём разам. давай з Берасцейшчыны, па алфавіце. Добра?

Ніяк не чакаў яе шчырай падмогі. Вось жа, падумаў бы раней на гэтую тоўстую няўклюду, што яна — такі добры чалавек? Усяго пачытаў ды выказаў свае думкі.

І яна, Алеся, знайшла. Праз дзень.

— Кір! Кір, ёсць! Адшукаўся твой паэт! Ён сапраўды пачынаў у газеце «Новы шлях», мае на сёння ўжо чатыры кніжкі. Праўда, імя зусім не гучнае, узровень абласнога. Запісвай: абласная газета. Тэлефоны. Я цябе віншую! І дзякуй табе яшчэ раз. Я ўсё выправіла!

— Табе дзякуй, дзіўная ты! — на пэўны час разгубіўся я — не верылася, што сапраўды пошукі скончыліся і скончыліся ўдала. Нават асаблівай радасці не было, не ведаю і чаму. Раптоўна захваляваўся. Ляжыць перада мной аркушык: Васіль Матыль, загадчык аддзела сацыяльных праблем абласной газеты. А што далей? Паехаць да яго ды ў лоб з парога: «Дзядзька, у цябе ёсць дачка»?

Карацей, я завіс.