Пачаўся снежань — сцюдзёнымі вятрамі, макрэддзю і поўнай адсутнасцю снегу. Маразоў не было, малыя на школьным двары гулялі ў хакей на асфальце. Сонца, здавалася, знікла назаўсёды за тоўстай шэранню нябёсаў. Няўтульна, холадна.
Але ж — у хуткім часе Новы год! Трэба ўсім ладзіць свята. Вось і загад дырэктара падаспеў: да 15 снежня каб кожны клас стварыў святочны настрой у сваім кабінеце і падзяліўся гэтым настроем з вуліцамі! Конкурс будзе, спецыяльнае журы ацэньвае. Нам шанцуе, як беднаму жаніцца: класны пакой на вуліцу і ажно на тры акны. Зноў пачнецца: выразанне сняжынак, маляванне дзеда Мароза і Снягуркі, развешванне гірляндаў. Ну, падумаць, дык з вуліцы ўвечары школа выглядае насамрэч трохі святочна. Але сэнс? У каго ў такі час уздымецца настрой ад гэтай вясёлкавай ілюмінацыі і вялізных папяровых сняжынак? Няма снегу. Маці абмовілася — выраслі цэны, бутэлька шампанскага за год падаражэла ўдвая, як і цукеркі, як мяса. Я раней і не задумваўся над коштамі, а тут атрымліваецца, яны ўплываюць на настрой людзей куды больш, чым размаляваны школьныя вокны.
Наталля Іванаўна, завуч, якая цяпер у нас за класную, зайшла на перапынку, павіталася.
— Так, сябры, засталося чатыры дні. Калі ласка, давайце прыдумляйце, каб наш клас быў не горшы за іншыя. Вы паказалі сваё майстэрства крэатыву, таму я чакаю.
І пайшла. У яе ж не адны мы, уся школа — тут не да агульнай распрацоўкі канцэпцыі, як кажа Ромка. Ён падышоў да мяне:
— А давай здзівім!
— Я заняты, праўда, Ромка. Справа з'явілася.
— Нарадзі ідэю!
— Я табе не жанчына.
— Ну, Кір, будзь чалавекам!
— Слухай, Ромка. Навошта? Які сэнс?
— Не хачу рабіць фігні, ты ж ведаеш! — і раздумліва, сур'ёзна дадаў: — Сапраўднае людзей яднае, а як абы з рук, дык потым разбегчыся хочацца ў розныя бакі і вочы іншых не бачыць. Ты ж сам адчуваеш — у класе зусім не так пасля здымак.
— Дык што ты хочаш?
— Халера ведае. Вось каб сапраўды нешта такое: ішоў чалавек паўз школу, зірнуў на нашы вокны і ўсміхнуўся, хоць крышачку яму пацяплела.
— Пацяплела?
Я знайшоў вачыма Ядвісю. Яна стаяла адна, ля акна, абхапіўшы сябе рукамі. Як жа захацелася падысці да яе, сказаць ціха і ўпэўнена: «Неўзабаве будзе вясна. І лелькі ажывуць.»
— Неўзабаве будзе вясна.
— Што? — Ромка адхіснуўся ў здзіўленні.
— Што чуў. Хутка вясна, патрывайце, людзі! — упэўнена паўтарыў я, і раптоўная карцінка склалася: — На ўсе тры акны робім з каляровай паперы краявід: зялёны луг, сіняя рэчка, блакітнае неба. Дзяўчына ў лёгкай чырвонай сукенцы выпускае з далоняў віхур ружовых і жоўтых матылёў. І словы: «Трывайце, людзі! Вясна хутка!»
Ромка раскрыў рот, заміргаў вачыма.
— Слухай, а гэта ж. гэта ж крута! А! Насамрэч кожны спыніцца! І ўсміхнецца! Пайшоў збіраць банду! Пасля ўрокаў застаемся на паўгадзіны?
— Ідзе... Стой! — імгненная думка пранеслася і прымусіла сэрца забіцца.
— Што? — Ромка нават спалохаўся майго рэзкага воклічу.
— Слухай. Я цябе папрашу: не напружвай Ядвісю. Ну. давай мы без яе.
— Не разумею, — Ромка глядзеў з жалем. — Досыць табе. Калі разам, ты ж ведаеш, дык.
— Ромка. тут іншае. Ты потым сам пабачыш, — і я ўсміхнуўся, не змог утрымаць радасць ад уяўлення таго, як аднойчы Ядвіся пабачыць наш «пейзаж», як знерухомее і будзе дзівіцца на матылькоў. — І галоўнае: не я, а ты прыдумаў. І кропка! Абяцай.
— Ат, добра! — Ромка хай і не зразумеў, але ўсміхнуўся ў адказ. — Я табе веру. Калі гэтак лепей
— гэтак і зробім.
Пасля заняткаў у класе па просьбе Ромкі засталіся васьмёра, калі лічыць са мной. Ромка патлумачыў: вялікі кагал збіраць не варта, мітусня будзе. І выклаў ідэю. На яго спачатку глядзелі, як на ідыёта, і пачалі ржаць. Урэшце, паспрачаліся — а дзе ж тут Новы год, і вырашылі словы напісаць так: «Трывайце, людзі! Вясна (тут лічба наступнага года) хутка!». Саму лічбу робім вялікай — правіла выканана. Я прапанаваў зрабіць наш краявід двухбаковым — каб і з класа можна было бачыць не белую паперу, а таксама колер. Ну, працы шмат, затое ж і нам весялей! Пагадзіліся. А рабіць з простай каляровай паперы, якая сшыткамі прадаецца. Будзем клеіць на шкло чатырохкутнікамі, недзе падрэзаў — і склаўся малюнак. А яшчэ вырашылі зрабіць сапраўдную падсветку — каб у цёмны час быў відаць малюнак. І лямпачкі купіць адмысловыя, на халеру тыя гірлянды. Распачаць вырашылі пазаўтра — дзень на падрыхтоўку, ды і Міхал папрасіў: яму самую складаную карцінку рабіць — дзяўчыну, то трэба ж знайсці выяву, на нечым вялікім намаляваць, трафарэт зрабіць.
...Мы працавалі ў той дзень пасля заняткаў чатыры гадзіны. Ужо добра сцямнела, у класе было холадна — адчынялі вокны, каб замацаваць лямпачкі падсветкі, вывесці правады унутр. Мы не змаўляючыся ўсе адышлі да процілеглай сцяны. Стаялі і моўчкі глядзелі. Атрымалася. Было неяк цёпла ад нашага «трыпціха». Свой «лозунг» мы таксама напісалі двойчы, каб чыталіся словы і з класа.
— Файна выйшла — парушыла маўчанне стараста Света Шурко. — Каб толькі не прымусілі заўтра ўсё зняць, — і патлумачыла: — Дзеда Мароза няма, Снягуркі не відаць.
— Затое сёння людзі падзівяцца! — бестурботна гукнуў Ромка. — Захочуць яны — будзе Дзед Мароз, я сам намалюю тады. Вакульчык, урубай падсветку! Гасіце святло!
У класе запанавала цемра. А мы залезлі на сталы і праз вольныя ад нашага «краявіду» месцы ў шыбінах пачалі цікаваць за мінакамі.Спынілася пара — мужчына і жанчына. Мы не бачылі іх твараў, але яны глядзелі на нашы вокны. Яшчэ спыніліся дзве дзяўчыны, і яны павярнулі галовы. І потым — яшчэ. А нам было радасна. Мы зрабілі для гэтых мінакоў нешта незвычайна прыемнае! Пасля і самі, калі выйшлі са школы, стаялі і разглядалі тое, што было колькі гадзін таму звычайнымі каляровымі лісткамі. Здалёк «краявід» наш глядзеўся як адно цэлае, на фоне іншых вокнаў са сняжынкамі, снежнымі бабамі і Дзедамі Марозамі, вокны нашага класа выглядалі сапраўднай карцінай — вясёлай, сонечнай, нечым незвычайна кранальнай: з рук дзяўчыны ўспырхвалі, ляцелі праз усе вокны залатыя, ружовыя матылі. І выява наступнага года чыталася нармалёва. Ну, абазначылі ж мы Новы год?
Назаўтра ў школе і тут, і там было чуваць: «Мацуйся, дружа! Вясна неўзабаве!». Я ішоў у клас разам з Уладзем, а ён не змаўкаў, узбуджана-вясёлы тараторыў:
— Вось дык маеш! Крута мы прыдумалі! Усім так цікава! Хоць нешта незвычайнае. Як ты думаеш, дырэктарка не прымусіць зняць?
— Яна, мабыць, ужо у класе, і Ромка стаіць перад ёй навыцяжку, — усміхнуўся я, а сам адчуваў здранцвенне ўнутры. Ядвіся. Як яна адрэагавала?
Ромка насамрэч стаяў амаль што навыцяжку, але не перад дырэктаркай — перад Ядвісяй. Ён зірнуў на нас, позірк быў жаласлівы і дакорлівы: «І як мне цяпер выкручвацца?» — чыталася ў яго вачах. Ядвіся перахапіла позірк Ромкі, павярнулася.
Я адвёў вочы.
Яна нічога ні ў мяне, ні ва Уладзі не запыталася. І калі села за стол ззаду нас, пачала размаўляць з Юрасём. Дакладней, загаварыў Юрась:
— Дзіцячы сад, далібог, — хмыкнуў ён гучна, канечне ж, у разліку, каб пачулі мы. — Хацелася марнаваць час.
— Табе не спадабалася? — з лёгкім выклікам спытала Ядвіся.
— Ды норм, — замяўся Юрась. — Не разумею сэнсу гэтага дзяцінства. Сказалі зрабіць — рабі, як усе. Абавязкова каб вытыркнуцца, пахваліцца сваёй дасціпнасцю, крэатывам гэтым.
— А можа, проста зрабіць некаму прыемнае, — без пытання адказала Ядвіся, як ставіла кропку ў іх кароткім дыялогу.
І тут у клас зайшла Наталля Іванаўна.
Вось жа твар у яе — ну ніяк не вызначыш, што за настрой. Гэтак умее скласці вусны — ці то сапраўды ўсмешка, ці то насмешка, ці то ўхмылка. Падхапіліся, павіталіся. А яна прыпынілася на парозе, і вось тут не атрымалася ў яе схаваць пачуцці! — уражаная глядзела на «пейзаж». Мабыць, ніяк не чакала, што ён будзе і знутры такі ж, як і звонку. І цяпер ужо усміхнулася сапраўднай светлай усмешкай, падышла да стала.
— Не думаю, што вы зоймеце першае месца, — кіўнула яна на вокны. — Але ў настаўніцкай сёння пануе вясёлы настрой, адно размоў пра вашы вокны. Ніяк не чакала, што вы звернецеся не толькі да тых, хто на вуліцы, але і да тых, хто ў клас будзе заходзіць. Што ж, незвычайна. Трошкі не па тэме, але ж цёпла і радасна. Малайцы, дзякуй! Сёння ўсе тут, Святлана? — запытала яна старасту, пачула станоўчы адказ, пайшла да дзвярэй.