І ўжо ля іх азірнулася, не утрымалася, мабыць, і дадала:
— Мне ўчора ўвечары патэлефанавалі. Кажуць, паўгорада сабралася перад вашай школай — там такое ў акне напісана! Мусіла ехаць. І сапраўды, дзясятка паўтара чалавек сабралася — хто падыходзіў, хто адыходзіў. Глядзелі, чыталі ўголас, усміхаліся і смяяліся. І, вось шчыра прызнаюся, мне было вельмі прыемна стаяць збоку, нікім не угаданай, нібыта выпадковай жанчынай, і ведаць, што я — завуч гэтай школы, што мае вучні штукавалі. Здагадваюся, чыя ідэя.
І Наталля Іванаўна паглядзела на мяне. І за ёй — усе. Я не паспеў запярэчыць — завуч выйшла.
На першым перапынку падышла Алеся, паэтка. Без кроплі сарамлівасці, як яна мне сястра, схапіла за рукаў, пацягнула ўбок.
— Як вы крута прыдумалі! Я пра гэта нататку ў маладзёжку ўжо напісала, ёсць такая газета. І сфоткала. Слухай, ты так усё выдумляць мастак!
— Ат, Алеся, давай па справе, чаго прыйшла?
— А я яшчэ апавяданне напісала. Пачытай?
— Слухай, — пачаў заводзіцца я. — Чаму ты вырашыла, што я — майстар чытання?
— Ну, не злуйся, — адчула мой настрой Алеся. — Не хочаш падказваць — не падказвай. Тады хоць сам напішы!
— Я? — вылупіў я вочы.
— У цябе, я ведаю, атрымаецца!
— Ну, ты даеш... Давай сваё апавяданне, — абы адчапіцца ад паэткі, загадаў я.
— Пасля заняткаў! Дзякуй табе. Ты — цудоўны! — агаламошыла мяне чарговым кампліментам Алеся.
А ў маёй галаве пульсавалі, білі ў скроні яе словы: «У цябе атрымаецца». І я зразумеў, што мне трэба рабіць: напісаць апавяданне, ці як там яно завецца. Карацей, гісторыю. Пра тое, як нарадзілася Ядвіся. І даць пачытаць яе бацьку — нашаму знойдзенаму паэту.
12
Тры дні я пісаў. Ніяк не чакаў, калі ўсаджваўся за комп, што так нечакана лёгка пачнуць складвацца словы ў сказы, тыя — у абзацы, а абзацы — у старонкі. Пісаў, не вяртаючыся, не перачытваючы набранае, бо баяўся спыніцца, згубіць думку, якая з'яўлялася за занатаванай. Я пісаў і міжволі думаў пра тое, што я не пішу — запісваю адно ўзніклае ў галаве раней: калі сядзеў на занятках, ішоў дахаты, еў, пыласосіў дыван і дыванкі ў кватэры, размаўляў з маці, адказваў Ромку і Уладзю па тэлефоне, клаўся спаць.
Што праўда, дык іншы раз так ступарыла, бы ў галаве раптоўна знікалі ўсе словы! Аж страшна рабілася. Сядзеў, тупа вылупіўшы вочы ў манітор. Перачытваў напісанае ад пачатку, яшчэ і яшчэ раз. і нешта зрушвалася з месца.
Скуль мне было ведаць, як пісаць тыя апавяданні? Таму пісаў усё, што змог уявіць з Ядвісінага аповеду і навыдумляць сам. Вёсачку, у якой жыла Ядвісіна маці, мы бачылі адно здалёк, але я прыдумаў-прымроіў яе — з шырокай вуліцай, дзе ад дарогі ўзнімаюцца да хат абкошаныя лужкі, з велічэзнымі разлапістымі ліпамі ля платоў, з беластволымі бярозамі, што нікнуць сваімі доўгімі хвосткімі галінамі долу, з шапоткімі клёнамі, у якіх на пачатку лета зумкаюць хрушчы, а ўвосень лісце чырвона-мядзяным колам укрывае зямлю вакол. Я бачыў у сваім уяўленні невялікую, але ахайную хату, дзе на падлозе — саматканыя выцертыя-вылінялыя ходнікі, у якіх роўныя паскі не дарэшты страцілі свае колеры, вялікую печ пры ўваходзе і абраз у куце, такі стары, што намаляваны твар святога ледзь угадваецца дасведчаным чалавекам. І лёгкія дубальтовыя дзверы ў другі пакой, якія яшчэ занавешаны нечым кшталту сённяшняга цюлю, з простых нітак. І там, на да жоўтага вымытай падлозе такія самыя саматканыя ходнікі, але куды акуратнейшыя, зыркіх колераў, святочна-чысцюткія, нядаўна пакладзеныя, бо чакаюць госцевых ног.
Мне мроіўся восеньскі лес, амаль утравелая дарога, якая пятляла між цёмна-рудых хвой, дзе зямля была ўслана сівой ігліцай між рэдкімі купкамі паніклай жоўтай травы. Гэтай дарогай ішла жанчына, нетаропка, кранаючы рукой некаторыя хвоі, як вітаючыся з імі. Яна была. Яна была невысокая, статная, са спіны — амаль што вучаніца-выпускніца, у чырвоным.... Так, у чырвоным дэмісезонным паліто, чорных боціках... Яе густыя чорныя валасы, што злёгку віліся, падалі ёй на спіну і плечы жывой бліскучай хваляй, якая адгукалася на кожны рух і крок жанчыны. Мужчына ішоў у колькіх кроках ззаду, не зводзячы позірку з гэтай постаці, што жывым трапяткім языком полымя асвятляла лес. Замілаванасць на яго твары іншым разам раптоўна змянялася кароткім спалохам адчаю у вачах, пакутлівым роздумам. Але ўсяго на імгненне... Я бачыў і апісваў, як спачатку палохаюцца яны, зразумеўшы, што на чарговым раздарожжы павярнулі не ў той бок і цяпер не паспее мужчына ў час на аўтобус, як абое сцішана, крадком адно ад аднаго, каб не спужаць сваё шчасце, радуюцца гэтай неспадзяванцы: у іх будзе яшчэ такі доўгі вечар у цёплай хаце з жоўтай падлогай, засцеленай святочнымі ходнікамі. Я апісваў іх вячэру, не прамінуў той момант, калі жанчына клікнула мужчыну, каб дапамог адкрыць слоік, і цішком накропіла яму ў чарку з самаробным, са свайго вінаграду, віном колькі кропелек зялёнага зелля.
Мне бачыўся ранак расстання, як усміхалася і смяялася ўголас жанчына, праводзячы мужчыну са свайго парога, штурхала ласкава ў плечы: «Бяжы! Зноў спознішся!», а з вачэй у яе цяклі і цяклі слёзы, а ён разгублена мармытаў нешта пра свой доўг, абвязак і сумленне...
Адзінае, што не мог я ўявіць, не мог апісаць — сямейнае жыццё мужчыны. Таму пісаў адно пра тое, як стаў ён вядомым паэтам, як пачалі выходзіць яго кніжкі. І як аднойчы ўначы ці то прыснілася яму, ці то згадалася тая жанчына, і з тым першым успамінам прыйшло асцярожнае, кволае разуменне, што нечага ён не памятае, нешта засціла і засціць дагэтуль куточак памяці, дзе схаваны адзін з самых светлых і дарагіх яму момантаў. Год за годам ішоў, і пакрысе слабла заслона бяспамяцтва, і ў нейкі дзень вырашыў мужчына, што ён ці не вар'ят, бо гатовы быў паклясціся сам сабе: не прымроіў, не прысніў; насамрэч было: першая і апошняя іх ноч у цёплай хаце з квяцістымі ходнікамі, дзе маятнік старога гадзінніка лёгка і амаль бязгучна гойдаўся, адлічваючы іх апошнія хвіліны разам, а вочы намаляванага ката згары зіркалі то ў бок ложка іх спатольнага кахання, то ў бок сашчэпленых клямкай палавінак дзвярэй.
Я апісваў яго адчайны крок: ён сарваўся аднойчы з месца, знайшоў добрую падставу — выйшаў чарговы зборнік яго вершаў, і павёз яго туды, на сваё першае месца працы, каб сустрэць сваіх настаўнікаў, аддзячыць ім, а насамрэч толькі на дзесяць хвілін прыпыніўся ў рэдакцыі раёнкі, а пасля паімчаў у тую вёсачку... І сустрэлі яго два маўклівыя рады самотных ліп, бяроз і клёнаў, здзічэлыя яблыні ў садах, густыя зараснікі бэзу і язміну замест платоў. Не было ніводнай хаты.
А ў гэты час у далёкім ад мужчыны горадзе па тратуары, што бялеў ад ранішняй шэрані, хутаючыся ў хустку, ішла ў школу дзяўчына, нечым няўлоўна так падобная да яго. А ў невядомай мужчыну кватэры ўвечары жанчына яго веку заварвала сабе гарбату, прысаджвалася з кубкам у вялікім пакоі, уключала тэлевізар. Але не дзівілася на светлавыя пырскі з экрана, прыглушвала да ледзь ціхага гук і успамінала-згадвала маладога журналіста з раённай газеты, які паслухмяна крочыў за ёй следам у тым дзіўным восеньскім лесе, які не змог схаваць радасці ў вачах, калі даведаўся, што спазніўся і наканавана яму начаваць у яе доме. Які быў самы жаданы, блізкі і любы ў той вечар і ўсе гады пазней... Асцярожна прыадчыніць дзверы яе дарослая дачушка-дзесяцікласніца, незласліва папракне матулю: «Зноў гарбата ахалодала... Давай новай запару», а яна ўсміхнецца ласкава ёй, будзе глядзець на родны твар і бачыць у ім рысачкі і рысы свайго адзінага каханага.
Яшчэ два дні я не кранаўся тэксту — думаў, мо каму паказаць? Ну, раптам ад пачатку такая дрэнь, што той паэт і чытаць не стане? Я выглядзеў у сеціве, што ён, апрача іншага, рыхтуе літаратурную старонку, значыць, усё мастацкае, вершы там, апавяданні, да яго трапляюць. Але ж мне не дасылаць — мне трэба пабачыць яго. Каб потым апавесці Ядвісі: вось, ён такі, ён — вядомы паэт, яго ведаюць і ім ганарацца. І калі хочаш — я дам табе яго тэлефон, адрас, фота (знайшоў у сеціве, але, на жаль, дзесяцігадовай даўніны).