— Усім — пакуль, — я ўзняўся з-за стала.
— Чакай! Я пакрыўдзіла цябе? Выбачай, калі ласка, я не хацела. Я казала тое, што бачыла.
— Слухай. Я нават не помню твару свайго бацькі, — я глядзеў у Ядвісіны вочы і бачыў там сябе маленечкага, і мне было незвычайна і трошачкі жудасна. — Ён аднойчы не вярнуўся з заробкаў у Расіі, калі я пешкі пад стол хадзіў. Такая вось любоў.
І я шпарка выйшаў з кавярні.
Праз сотню метраў я супакоіўся і паспрабаваў зразумець: чаго я насамрэч так запсіхаваў? Ядвіся ўспомніла майго бацьку? Ды не, даўно не пераймаюся праз гэта. А вось што яна сказала няпраўду, і што выкрылася яе бяскрыўдная хлусня, спроба ўдаць з сябе незвычайную дзяўчыну, — тое было крыўдным. А так яна нармальная, няблага ўсё было. Трэба ёй яшчэ гэта вядзьмарства. Хоць я сам урэшце і вінаваты — ніхто ж мяне за язык не цягнуў з гэтым пытаннем: «А ты хто такая?».
Я не помню твару свайго бацькі. Постаць, яго вяртанні памятаю, больш — сярод ночы. Ён стаяў у вітальні, вялікі, ад яго тхнула непрыемнай сумессю пахаў: поту, цыгарэтнага дыму, гарэлкавага перагару. Ён абдымаўся з маці, а я лез у ягоную вялікую сумку, дзе сярод бруднай вопраткі заўсёды быў нейкі пакунак з падарункам і прысмакі.
Мы жылі тады не ў сваёй кватэры — яе яшчэ не пабудавалі, а ў бабулі. У яе ўсяго два пакоі, і калі прыязджаў бацька, я ішоў жыць у бабулін пакой. Праўда, так было нядоўга. Памятаю, як бацька спачатку адлежваўся, адпачываў на канапе дні запар, глядзеў тэлевізар, маці прыносіла яму піва, збірала парожнія бутэлькі з падлогі. Зазвычай тыдзень так і мінаў — у насцярожанай цішыні кватэры, у маўклівым жаданні ўсіх нас траіх — маці, мяне і бабулі — дагадзіць бацьку. Бо ён — здабытчык, ён зарабляе грошы, якія так неабходныя, каб дабудаваць сваё жытло. Мяне маці прасіла таксама надта не круціцца каля бацькі: толькі першы-другі дзень ён колькі часу бавіўся са мной, а потым казаў мне суняцца з пытаннямі і просьбамі — хацеў адпачыць.
Пазней маці нясмела пачынала пытацца ў бацькі пра нейкія свае справы, далей — больш настойліва, той пачынаў раздражняцца, а далей і наогул адказваў крыкам. Збіраўся з хаты і ішоў некуды, вяртаўся позна ўвечары, падпіты і нахабны, гучна патрабаваў есці, курыў на кухні, на поўную моц уключаў тэлевізар, рагатаў сам з сабой. Іншы раз знікаў на дні два-тры, маці казала — на рыбалку з сябрамі. Адзін раз ён і сапраўды прывёз многа рыбы — вялікіх карпаў, ад якіх непрыемна тхнула балотам. Маці з бабай увесь вечар скрэблі тую рыбу, смажылі, на кухні стаяў прэсны пах рыбных вантробаў. Бацька ляжаў задаволены ў пакоі на канапе, гэтаксама піў піва і глядзеў тэлевізар, казаў мне: наступным разам абавязкова возьме мяне на рыбалку. А я на падлозе складваў з вялізнага набору «Лега» робата-трансформера і нясмела запытаўся: наступным тыднем паедзем? Бацька амаль весела адказаў, што зараз ён зноў збіраецца ў дарогу, а вось як прыедзе праз два месяцы — абавязкова пойдзем.
Але праз два месяцы ўсё было гэтак жа: ягонае вяртанне сярод ночы, тыдзень на канапе з півам. І наступным тыднем ён пачаў зноў збірацца, хоць маці нясмела ўшчувала: гэтулькі розных спраў у кватэры, усё старое. Бацька тады злосна гыркнуў: я даю табе грошы, наймі людзей, хай паправяць спецыялісты.
Маці расказвала мне, што бацька пачаў ездзіць на заробкі яшчэ да таго, як яны ажаніліся. Было, з'язджаў на паўгода, але грошай вялікіх не прывозіў: заўсёды нешта не атрымлівалася.
Баба намаўляла маці (я чуў не аднойчы), каб яна забараніла бацьку ездзіць на заробкі:
— Дзіця без бацькі расце, лічы. Ездзіць-ездзіць, такія грошы і тут можна зарабіць, а то і больш. Вунь колькі людзей будуецца, паўсюль спецыялісты патрэбныя. Плітку ў ванным пакоі нам пераклалі — за тры дні колькі той спецыяліст зарабіў? Хіба толькі ў Расіі тынкоўшчыкам праца ёсць?..
Маці і згаджалася, у кожным разе я не чуў, каб яна спрачалася з бабай. Мне пасля казала, што не адзін раз упрошвала бацьку кінуць тыя паездкі. Асабліва апошні раз, як прадчувала.
Бацька не вярнуўся ні праз месяц, як абяцаў, ні праз тры. Маці кінулася да яго сяброў, тыя казалі: у бацькі быў «свой аб'ект», дзе ён працаваў — яны дакладна не ведаюць. Тое Падмаскоўе — вялізнае. Праз паўтара гады маці звярнулася ў суд, каб бацьку прызналі невядома адсутным, бо ўзніклі пытанні з кватэрай, якую будавалі: усе паперы былі аформлены на бацьку, а тут трэба нешта тэрмінова рабіць з дакументамі.
Так я афіцыйна застаўся без бацькі.
Дома захаваліся фотаздымкі. Раней я іх пераглядваў. У бацьку я нічога не бачу свайго, нічога ўва мне не ўздрыгвае. «Ты да маці падобны», — кажа мне баба, і гэта сапраўды так: у нас з маці скуластыя, выцягнутыя твары, выразныя бровы, тонкія вусны. Але маці прыгожая, а я.
Маці сапраўды дужа прыгожая. Тое я цяпер ацаніў. У яе зграбны, акуратны стан, яна не худая і не тоўстая, надзене джынсы, цішотку — бы студэнтка. Валасы злёгку завіваюцца, маці звычайна падстрыгае іх коратка, фарбуе ў прыемны цёмны колер. Вусны напамаджвае ледзь-ледзь, і памада няяркая, а яны ў яе ўсё адно выглядаюць свежымі, прывабнымі. Яна ўмее хутка сабрацца на працу ці на якое мерапрыемства: крышачку падвядзе вейкі і танюткія бровы, два разы махне пэндзлікам з пудраніцы — і вось, усё так выразна, так святочна. Хіба вось зморшчынак ля вачэй у маці шмат — яна мружыцца на зыркае святло, так гэта тлумачыць. Усё лета яна носіць цёмныя акуляры і выглядае ў іх загадкавай і трошкі чужой.
Каб я пайшоў у маці, дык быў хоць бы крышку прыгожы... А так? Недаўгалыгі, як Юрась, немаленькі, як Уладзя, сярэдні між імі. Спорт мяне ніколі не вабіў, то і выгляд такі — ніяк не Рэмба. Але што тыя плечы, калі на твары — новыя прышчыкі і сляды ад старых, увесь лоб імі пакрыты, таму і прычоска ў мяне такая, каб лоб затуляць цёмна-русым чубам. Вушы вытыркаюцца... Нос з невялікай гарбінкай — яе ў маленстве не было, пазней з'явілася. Скулы вострыя, ад носа складкі ідуць уніз да рота, а вусны тонкія, асабліва верхняя. Хоць бровы нармальныя — роўныя і густыя. Іншым вечарам я цісну і праціраю свае прышчыкі рознымі сродкамі, якія купляе маці, цісну з нянавісцю, твар палымнее, а іх не становіцца менш, яны ўкрываюць бараду, шчокі.Маці кажа — узроставае, гармоны. Ага, у іншых хлопцаў даўно прайшло, адно я ды Юзік ходзім прышчавыя...
Маці больш не выйшла замуж. І я ніколі не бачыў яе з іншым мужчынам. Толькі аднойчы, ужо калі мы жылі ў новай кватэры, мне было ніяк не заснуць. Мо праз гадзіну, як я лёг, пачуўся ціхенькі стук у дзверы, крокі маці ў вітальні, асцярожнае шчоўканне замка, шамаценне вопраткі. Гэтак неспадзявана моцна ёкнула ўнутры: «Бацька вярнуўся!», у першы момант я ледзь не падскочыў з ложка і не кінуўся туды, на гукі, але ж раптоўна зразумеў, што гэта не бацька: з вітальні пад дзверы ў мой пакой не прасочвалася паска святла, не было гучнага загаднага, які я памятаў, выгуку: «Ну, сустракайце!». Гэта нешта іншае, не бацькава вяртанне. Я сцяўся ў ложку, накрыўшыся з галавой, і пастараўся хутчэй заснуць, хоць было горача і душна.
Маці раніцай была занадта клапатлівая, ці мне ўсяго падалося, але што рэальна, дык нервавалася, вінавацілася перада мной. Мне было страшэнна няёмка. Але болей падобнага я не чуў ніколі. Калі ладзілі вечарынку разам з бацькамі па заканчэнні дзявятага класа, я запытаўся прамым тэкстам у маці: чаму не выходзіць замуж ці хоць не завядзе сабе мужчыну, яна ж маладая і прыгожая. Маці засмяялася, ускудлаціла мне валасы на галаве і адказала: «Я адналюбка»...
Я пацёгся ў бок чыгуначнага вакзала. Там ёсць месца... маё месца. Калі ад станцыі ўздоўж рэек прайсці сотні тры метраў вузкай сцяжынкай (мабыць, рабочыя пратапталі), дык узыдзеш на невялікую горку. На ёй расце некалькі бяроз. Можна тут сесці і глядзець долу — на цягнікі.
З малых гадоў, калі я бачыў цягнікі, як хадзіў да бабы (яна жыве ад нас па той бок чыгункі), унутры мяне нешта сціскалася. Падалося так захапляльна: ехаць у вялікім вагоне, сядзець ля акна, піць гарбату ці колу, есці. Я зайздросціў тым людзям, якія праносіліся міма ў цягніках. Іх чакае нешта новае. Вось зараз яны некуды прыедуць, будуць змены, ды яны, па сутнасці, жывуць у тых зменах. Мне гэтаксама карцела сесці аднойчы ў цягнік, ехаць далёка-далёка, туды, дзе будзе ўсё інакш. Ну, няхай будуць і тыя самыя дрэвы і дамы, і людзі, і крамы. Але там будзе ўсё напраўду. Недзе там, далёка, павінна быць усё напраўду. Па-даросламу. Без падману.