Выбрать главу

Чаго я прыпёрся сёння на гэты ўзгорак?

Праз напамін пра бацьку? З-за Ядвісі?

Надакучыла. Юрась кажа, мы жывём у катле з дзярмом. Ну так, з ім не паспрачаешся, ён ра­зумны. Ды больш агідна тое, што кожны сваё дзярмо выдае за золата. І імкнецца цябе самога яшчэ таўхануць туды, каб нырнуў з галавой. Ненавіджу школу, ненавіджу горад. Усё несапраўднае. Паказуха. Падробка. І Ядвіся вось. Чаму не быць простай і шчырай? Хоць бы адна дзяўчына была без гэтых прыдуркаватых найгрышаў, без жадання звіць вакол сябе таямніцу цікавасці.

З'ехаць бы хутчэй.

Маці дома не было — яна прыходзіць позна, бо падпрацоўвае. На адну зарплату нам цяжка пражыць. Добра, баба дапамагае — яшчэ працуе, хоць які там у яе заробак, у бібліятэцы? Але маці нягледзячы на гэта ніколі не шкадавала грошай на мае патрэбы. І новы комп ёсць, і на сеціва гро­шы дае, і на смартфон добры нядаўна вось перад тым, як у школу ісці, дала. Яна ніколі асабліва не жалілася, што грошай не стае, так, абмовіцца іншы раз, што з тым ці іншым пакуль пачакаем. Аднаго разу пайшлі з ёй на рынак, даўно ўжо, каб купіць мне джынсы. Маці ўздыхала, гледзячы на цэны. А я пабачыў шыльду сэканд-хэнда і пацягнуў маці туды. Там сабе выбраў джынсы, батнік, ба­лахон. Маці не пярэчыла, толькі ніякаватая была, пыталася, ці добра мне ў такім. Вось жа: клёвыя рэчы, тое, што мне акурат і трэба! З таго часу я апранаюся сам: маці дае грошы, я іду і купляю, што мне даспадобы. Адно абутак — красоўкі — купляем добрыя, дарагія, бо танны адстой рвецца праз два месяцы, распаўзаецца, як блін.

Уключыў комп, каб зайсці ў сваю групу «УКантакце» — там мы абмяркоўваем, што ёсць цікавае паглядзець з новых серыялаў. «Гульня тронаў» мне не пайшла, паглядзеў колькі серый з аднаго сезона — не маё. Не люблю я бясконцы працяг. Мне каб адна серыя — адна завершаная гісторыя. Вось як той «Менталіст» ці «Х-файлы».

У групоўку нашага класа амаль ніколі не заходжу: лажаюць адзін аднаго бясконца. У школе дык мала хто з кім паразмаўляе, а тут як пачнуцца гамонкі — адкуль імпэт бярэцца. Вядома ж, пісаць лягчэй, чым казаць у вочы.

Мяне чакала запрашэнне да сяброўства. Ёкнула, калі пабачыў — ад Ядвісі Лелькі. Прыняў. Яна была анлайн, адразу напісала ў прыват: «Выбачай яшчэ раз. Я не хацела нічога дрэннага табе зрабіць». Адказаў: «Фігня, не пераймайся. Усё норм». Яна адказала смайлікам, а пасля дадала: «Мне спадабалася ваша кампанія — ты, Юрась і Уладзя.»

Мне не хацелася працягваць размову, не люблю я такіх вось прызнанняў праз сеціва, але і карцела пабыць на нябачнай сувязі з Ядвісяй.

«Я не аматар балакаць па маніторы. Хочаш, сустрэнемся ў рэале, пабазарым».

Напісаў і замёр у чаканні, назіраў, як доўга піша Ядвіся радкі.

«Выбачай — іншым разам. Адно пераехалі, гармідар поўны, рэчы не разабраныя, мэбля не сабраная. Не ведаю, калі мы рады дамо з мамай. Дарэчы, каб ты ведаў: мы з мамай таксама адны». Апошні сказ быў падобны на яшчэ адно прабачэнне і пасвячэннем у асабістае, ад чаго я сапраўды прабачыў Ядвісю.

Сам не чакаў, што вырвецца гэта прапанова, напісаў хутчэй, чым падумаў:

«Дык, можа, дапамагчы? Ну, мэблю там расставіць, рэчы пацягаць? Давай, кажы — прыйдзем утрох))».

«Праўда? Зараз спытаю маму. Калі можаце — самае неабходнае хоць. Бо мама змагла дамовіцца са зборшчыкам мэблі не раней за паслязаўтра».

«О'кей, кажы адрас!»

«Юрась і Уладзя ведаюць, яны мяне праводзілі дадому».

Я выключыў на пліце боршч, які паспеў закіпець, патэлефанаваў Юрасю.

— Няма праблем! Патэль Уладзю!

Мне падалося, Юрась нават узрадаваўся. Не, дакладна, ён запаў на новенькую.

Яшчэ таму я адчуваю, што Уладзя і Юрась — сапраўдныя, бо не помню выпадку, каб нехта з нас каму адмовіў, калі патрэбна была дапамога.

Маці Ядвісі аказалася надзвычай прыгожай жанчынай. У яе такія вочы — цёмныя, глыбокія, позірк і цёплы, і добразычлівы. Усмешка прыязная, шчырая, кончыкі роўных зубоў вільготна пабліскваюць. Вельмі яны з Ядвісяй падобныя: і ростам не дужа розняцца, і паставай, і нават ва­ласы амаль аднолькава заколваюць ля скроняў. Адно што ў цёткі Ірыны няўлоўная плаўнасць у рухах, яна крочыць — а плечы не варухнуцца.

— Ну, спрабуйце, хлопчыкі, як атрымаецца — тое і добра. Нам бы найперш на кухні большменш прыбрацца.

Разабраная мэбля была паўсюль, грувасціліся скруткі, мяхі, кардонкі, шафкі. На кухні мыйка і газ былі падключаны, у сцяне засталіся крукі, каб навесіць шафкі — падышлі, у нас паўсюль стан­дарты.

На другі дзень мы накіраваліся да Ядвісі адразу са школы — і сабралі вялікую сценку, хоць Уладзя пры гэтым і прышчыкнуў сабе далонь — запяклася кроў пад скурай. Трэцім вечарам мы хутка (вопыт жа набылі!) сабралі другую шафу ў пакоі Ядвісі. Цётка Ірына запрасіла нас на кухню, дзе ўжо была згатавана вячэра.

А напрыканцы — пірог з малінавым сочывам толькі з духоўкі, такі смачны!

Гэта былі тры клёвыя, сапраўдныя дні. Тады мне ўспомніліся словы Уладзі пра тое, як файна адчуваць сябе некаму патрэбным.

3

Тыдзень мінуў — Ядвіся як быццам вучылася разам з намі колькі гадоў, у школе усталяваліся звычайныя сум і нуда. Мая незразумелая ўстрывожанасць пакрысе знікла, хоць раз-пораз, сустракаючы раніцай Ядвісін позірк, на нейкае імгненне мне рабілася вусцішна. На адно кароткае імгненне, а потым усё знікала. Неяк лёгка Ядвіся і мы трое сышліся, пачалі разумець адзін адна­го без ідыёцкіх тлумачэнняў, кшталту «прабач, я хацеў, а ты не зразумела.» ці наадварот. Уладзя рэальна ажывіўся, іншы раз выдаваў слоўцы да месца, не тужачыся, не жарты-самасмейкі, але, відаць, Віялета яго прыструніла — у апошнія дні на перапынках ён амаль не выходзіў з-за стала ці быў поруч са сваёй каралеўнай.

Дзясяты клас — самая вольніца. Ніхто над душой не стаіць, маўляў, апошні год, варта ду­маць пра атэстат, кантрольныя, тэставанні. Шэрая будзённасць. Адзіная прадуха для ўсіх — лёгкі тролінг аднакласнікаў у школе і наезды без тармазоў з прасаваннем у сеціве. Папраўдзе, абмяркоўваць не было чаго: настаўнікі засталіся тыя самыя, нейкія змены ў іх паводзінах, адзенні ды звычках абсмакталі ў групе яшчэ за першы тыдзень, новых фічаў заўважана не было. Уладзя аднойчы сказаў: запісы ў групе пра настаўнікаў можна скарыстоўваць для тых самых настаўнікаў як тэст на вынослівасць — там такі трэш сустракаецца, не кожны вытрымае пра сябе падобнае чытаць.

Пакуль яшчэ цёплымі вечарамі ці не ўсе былі на флэтах. На хатах пакуль не збіраліся, у кожнай тусы сваё месца ў горадзе, зазвычай не перакрыжоўваліся, каму патрэбныя лішнія цёркі? Пару разоў мы ўчатырох — Юрась, Ядвіся, Уладзя і я — хадзілі на маю горку. З грашыма пакуль ва ўсіх назіраліся траблы, таму міналі кавярню, не згадваючы пра абяцанае.

Была нядзеля, першая гадзіна дня. Я яшчэ валяўся ў ложку — завіс на новым серыяле да чатырох раніцы. І яшчэ б паваляўся, але папоўз па падлозе на вібрасігнале тэлефон. Здзівіўся, бо маці, Уладзя і Юрась ведаюць, што ў нядзелю мяне лепей не чапаць да гадзіны трэцяй дня. Але нумар быў незнаёмы, у сэнсе, у адраснай кнізе такога не было, і нібыта знаёмы. Я не адказаў, хацеў забіць, але выклік паўтарыўся.

— Вяргейчык, ты дзе?!

Тут я адразу згадаў нумар. Класуха верашчала. Яна пыталася так, быццам зараз я павінен прысутнічаць на нейкім дзяржаўным экзамене, дзе сядзіць камісія з самім міністрам і ўсе чакаюць мяне аднаго.

— Дзе-дзе? Дома! — амаль схаміў я і яшчэ павітаўся, каб падначыць: — Добры дзень, Зінаіда Мартынаўна!

Не люблю класуху. І такіх, як я — палова ці болей. Вісклівая іншым разам, знерваваная цётка трыццаці гадоў. Юрась, кпліва пасмейваючыся, казаў: у яе сіндром дзеўкі-векавухі. Замуж не выйшла, дзіцяці не нарадзіла, вось і прэ з яе раздражнёнасць на жыццё наўпроставым залпам на нас. Яе нервовасць і выгляд яе псуе, а то была б нічога сабе жанчына: сярэдняга росту, статная, апранаецца стыльна. А пабачыш твар з вечнай насцярогай у вачах, апушчанымі долу куточкамі вуснаў. Такі пакутніцкі выраз з відавочным дакорам — усё адно як ты толькі што зламаў яе жыц­цё і зруйнаваў яе будучыню. Яна ў нас другі год класным кіраўніком. Не шанцуе нам. Год пабудзе нехта — і знікае: то выйшла замуж і пераехала, то зацяжарыла-нарадзіла... Зіначка (так клічам мы класуху за спінай) выкладае біялогію, таму, дзякуй Богу, бачымся мы нячаста. Хоць, шчыра кажучы, настаўніца яна неблагая: на ўроках нясумна, наўмысна нікога не гнобіць адзнакамі, незлапамятлівая, ды і досыць паблажлівая — каму з нас праз два гады неабходна будзе нешта ведаць пра нейкія там гены? То і не пытае надта строга. А вось на класных гадзінах яна так можа мазгі вынесці сваімі пропаведзямі з заломваннем рук — хопіць разу на тыдзень.