Выбрать главу

План Маўглi быў даволi просты. Ён хацеў зрабiць вялiкi круг па ўзгорках i дайсцi да пачатку яра, а потым сагнаць быкоў унiз, каб Шэр-Хан апынуўся памiж быкамi i каровамi. Ён ведаў, што, наеўшыся i напiўшыся ўдосталь, Шэр-Хан не здолее бiцца i не ўскараскаецца па схiлах яра. Цяпер Маўглi супакойваў буйвалаў голасам, а Акела бег ззаду, падвываючы зрэдку, каб падагнаць тых, што адставалi. Давялося зрабiць вялiкi-вялiкi круг, таму што яны не хацелi падыходзiць занадта блiзка да яра, каб не спудзiць Шэр-Хана. Нарэшце Маўглi павярнуў статак на зарослы травой абрыў, якi крута спускаўся да яра. З абрыву з-за вяршалiн дрэў была вiдаць раўнiна ўнiзе, але Маўглi глядзеў толькi на схiлы яра i з радасцю бачыў, што яны вельмi крутыя, амаль стромкiя, i што плюшч i лiяны, якiя iх аплялi, не ўтрымаюць тыгра, калi ён захоча выбрацца наверх.

- Дай iм уздыхнуць, Акела, - сказаў ён, падымаючы руку. - Яны яшчэ не ўчулi тыгра. Дай iм уздыхнуць. Трэба ж сказаць Шэр-Хану, хто iдзе. Мы злавiлi яго ў пастку.

Ён прыклаў рукi да рота i крыкнуў у яр - гэта было ўсё роўна, што крычаць у тунель, - i рэха пакацiлася ад скалы да скалы.

Не вельмi хутка ў адказ пачулася працяглае соннае бурчанне сытага тыгра, якi толькi што прачнуўся.

- Хто заве? - раўнуў Шэр-Хан, i прыгожы паўлiн з рэзкiм крыкам выпырхнуў з яра.

- Я, Маўглi! Пара табе з'явiцца на Скалу Рады, каровiн злодзей! Унiз! Ганi iх унiз, Акела! Унiз, Рама, унiз!

На момант статак замёр на краi абрыву, але Акела правыў на ўвесь голас паляўнiчы поклiч, i буйвалы адзiн за адным нырнулi ў яр, як параходы ныраюць цераз парогi. Пясок i камянi паляцелi фантанам на ўсе бакi.

Раз рушыўшы, статак ужо не мог спынiцца, i не паспеў ён спусцiцца на дно яра, як Рама зарыкаў, учуўшы Шэр-Хана.

- Ага! - сказаў Маўглi, седзячы на яго спiне. - Цяпер ты зразумеў!

I паток чорных рагоў, мысаў, пакрытых пенай, i вылупленых вачэй пакацiўся па яры, якраз так, як коцяцца валуны ў паводку: слабейшых буйвалаў адцiснулi на бакi яра, дзе яны ледзь прадзiралiся праз лiяны. Буйвалы зразумелi, што iх чакае наперадзе: напасцi ўсiм статкам i з усяе сiлы, чаго не вытрымае нiводзiн тыгр. Шэр-Хан, пачуўшы тупат капытоў, падхапiўся i нязграбна затрухаў унiз па яры, азiраючыся па баках у пошуках выйсця. Але адхоны ўзнiмалiся амаль строма, i ён бег далей i далей, ацяжэлы ад яды i вады, гатовы на ўсё, абы не бiцца. Статак ужо расплюхваў лужыну, па якой ён толькi што прайшоў, i рыкаў так, што стогн стаяў у вузкiм праходзе. Маўглi пачуў рыканне ў адказ у канцы яра i ўбачыў, як павярнуў Шэр-Хан (тыгр разумеў, што лепш сустрэцца з быкамi, чым з каровамi i цялятамi). Потым Рама спатыкнуўся i прайшоў па нечым мяккiм i, падганяемы астатнiмi быкамi, на ўсiм хаду ўрэзаўся ў другую палову статка. Слабейшых буйвалаў гэтае сутыкненне проста збiла з ног.

Абодва статкi вылецелi на раўнiну, боручыся, чмыхаючы i тупочучы капытамi.

Маўглi счакаў колькi трэба i саслiзнуў са спiны Рамы, малоцячы направа i налева сваiм кiем.

- Хутчэй, Акела, разводзь статак! Разганяй iх, а то яны пачнуць бароць адно аднаго! Адганяй iх падалей, Акела. Гэй, Рама! Гэй, гэй, гэй, дзецi мае! Цiхенька цяпер, цiхенька! Усё ўжо скончана.

Акела i Шэры Брат бегалi ўзад i ўперад, кусаючы буйвалаў за ногi, i хоць статак зноў падаўся быў у яр, Маўглi здолеў павярнуць Раму, а астатнiя буйвалы паплялiся за iм на балота.

Шэр-Хана не трэба было больш таптаць. Ён быў мёртвы, i каршуны ўжо зляталiся да яго.

- Браты, от гэта была сабачая смерць! - сказаў Маўглi, намацваючы нож, якi заўсёды насiў у ножнах на шыi з таго часу як пачаў жыць з людзьмi. - Але ён усё роўна быў баязлiвец i не захацеў бы бiцца. Праўда! Яго шкура будзе вельмi дарэчы на Скале Рады. Трэба хутчэй брацца за работу.

Хлопчыку, якi вырас сярод людзей, нiколi не прыйшло б у галаву аднаму аблупiць дзесяцiфутавага тыгра, але Маўглi лепш за любога iншага ведаў, як трэба лупiць жывёлу.

Аднак работа была цяжкая, i Маўглi завiхаўся цэлую гадзiну, аддзiраючы i паласуючы шкуру нажом, а ваўкi глядзелi, высалапiўшы язык, або падыходзiлi i цягнулi шкуру, калi ён загадваў iм.

Раптам нечая рука легла на плячо Маўглi, i, узняўшы вочы, хлопчык убачыў Балдзео з ангельскiм мушкетам. Пастухi расказалi ў вёсцы пра тое, што буйвалы пашалелi i ўцяклi, i Балдзео выйшаў сярдзiты, загадзя гатовы пакараць Маўглi за тое, што ён кепска глядзеў за статкам. Ваўкi знiклi з вачэй, як толькi заўважылi чалавека.

- Што гэта яшчэ за дурасць? - сярдзiта спытаў Балдзео. - Ды хiба ты аблупiш тыгра? Дзе буйвалы яго забiлi? Да таго ж гэта кульгавы тыгр, i за яго галаву прызначана сто рупiй. Ну-ну, мы не будзем цябе караць за тое, што не ўпiльнаваў статак, i магчыма, я дам табе адну рупiю, пасля таго як завязу шкуру ў Канхiвару.

Ён намацаў за поясам крэмень i крэсiва i прыгнуўся, каб асмалiць Шэр-Хану вусы. Амаль усе паляўнiчыя ў Iндыi падсмальваюць тыгру вусы, каб яго прывiд не трывожыў iх.

- Гм! - цiха сказаў Маўглi, здымаючы шкуру з пярэдняй лапы. - Дык ты завязеш шкуру ў Канхiвару, атрымаеш узнагароду i, магчыма, дасi мне адну рупiю? А я дык думаю, што шкура спатрэбiцца мне самому. Гэй, стары, выбiрайся з агнём падалей!

- Як ты смееш так размаўляць з найлепшым паляўнiчым вёскi? Тваё шчасце i дурнота буйвалаў памаглi табе займець такую здабычу. Тыгр толькi што наеўся, iнакш ён быў бы зараз за дваццаць мiляў адгэтуль. Ты нават аблупiць яго не зможаш як след, убогi хлапчук, ды яшчэ асмельваешся гаварыць мне, Балдзео, каб я не падсмальваў тыгру вусоў! Не, Маўглi, я не дам табе з узнагароды нiводнага медзяка, затое адлупцую як мае быць. Адыдзi ад тушы!

- Клянуся буйвалам, якi выкупiў мяне, - сказаў Маўглi, здымаючы шкуру з лапаткi, - няўжо я патрачу ўвесь поўдзень на балбатню з гэтай старой малпай? Сюды, Акела, гэты чалавек абрыдзеў мне!

Балдзео, якi ўсё яшчэ стаяў, прыгнуўшыся над галавой Шэр-Хана, раптам расцягнуўся на траве, а калi апамятаўся, дык убачыў, што над iм стаiць шэры воўк, а Маўглi па-ранейшаму лупiць шкуру, як быццам ён адзiн ва ўсёй Iндыi.

- Та-ак, - сказаў Маўглi скрозь зубы, - ты кажаш праўду, Балдзео: ты не дасi мне нiводнага медзяка з узнагароды. Я даўно ваюю з гэтым кульгавым тыграм, вельмi даўно, i верх цяпер мой!

Трэба сказаць шчырую праўду пра Балдзео - калi б ён быў гадоў на дзесяць маладзейшы, ён бы не пабаяўся схапiцца з Акелам, сустрэўшы яго ў лесе, але воўк, якi слухаецца слова хлопчыка, у якога ёсць асабiстыя рахункi з тыграм-людаедам, - не звычайны звер. Тут вядзьмарства, сама небяспечныя чары, думаў Балдзео i ўжо не спадзяваўся, што амулет на шыi ўратуе яго. Ён ляжаў ледзь дыхаючы i чакаў, што Маўглi вось-вось зробiцца тыграм.