- Клянуся буйвалам, якi выкупiў мяне, я i сам не ведаю! Гэтая пачвара забiла шасцёх за адну ноч. Не выпускай яе больш.
ДЗIКIЯ САБАКI
Сама прыемны час жыцця пачаўся для Маўглi пасля таго, як ён напусцiў на вёску джунглi. Сумленне ў яго было спакойнае, як i належыць пасля выплаты справядлiвага доўгу, i ўсе джунглi сябравалi з iм, бо ўсе джунглi баялiся яго. З таго, што ён бачыў, чуў i рабiў, вандруючы ад аднаго народа да другога са сваiмi чатырма спадарожнiкамi або без iх, атрымалася б вялiкае мноства апавяданняў, i кожнае апавяданне было б не карацейшае за гэтае. Так што вам не давядзецца пачуць пра тое, як ён уратаваўся ад шалёнага слана з Мандлы, якi забiў дваццаць два буйвалы, што цягнулi ў казначэйства адзiнаццаць вазоў серабра, i параскiдаў па пыльнай дарозе блiскучыя рупii; як ён бiўся доўгай ноччу з кракадзiлам Джакалам у балотах на поўначы i зламаў паляўнiчы нож аб яго спiнныя шчыткi; як ён знайшоў сабе новы нож, яшчэ даўжэйшы за стары, на шыi ў чалавека, якога забiў дзiк; як ён пагнаўся за гэтым дзiком i забiў яго, бо нож быў варты гэтага; як у час Вялiкага Голаду ён трапiў у статак аленяў, якi ўцякаў з гэтых мясцiн, i як яго ледзь не задушылi насмерць разгарачаныя аленi; як ён выратаваў Маўклiўца Хатхi з лоўчай ямы з калом на дне; як на другi дзень ён сам трапiў у хiтрую пастку для леапардаў i як Хатхi вызвалiў яго, разламаўшы тоўстыя драўляныя брусы; як ён даiў дзiкiх буйвалiц на балоце; як...
Аднак трэба расказваць пра што-небудзь адно.
Бацька i Мацi Ваўкi памерлi, i Маўглi, завалiўшы ўваход у пячору вялiкiм каменем, праспяваў над iмi Песню Смерцi. Балу зусiм састарыўся i ледзь рухаўся, i нават Багiра, у якой нервы былi стальныя, а мускулы жалезныя, ужо не так хутка забiвала здабычу.
Акела з сiвага зрабiўся малочна-белы, пахудзеў ад старасцi так, што вiдаць былi рэбры, i ледзьве хадзiў, быццам драўляны; для яго на паляванне выходзiў Маўглi. Затое маладыя ваўкi, дзецi рассеянай па наваколлi Сiянiйскай Чарады, мелi вялiкiя поспехi i памнажалiся. Калi iх набралася галоў сорак, свавольных, гладканогiх пяцiгадовых ваўкоў, якiя не ведалi важака, Акела параiў iм трымацца разам, захоўваць Закон i слухацца аднаго важака, як i належыць Вольнаму Народу.
У гэтым Маўглi не пажадаў быць дарадцам: ён ужо набiў сабе аскому i ведаў, на якiм дрэве растуць кiслыя плады. Але калi Пхао, сын Пхаоны (яго бацькам быў Шэры Следапыт, калi Акела вадзiў Чараду), заваяваў месца Важака Чарады, як таго патрабуе Закон Джунгляў, i зноў загучалi пад зоркамi старыя песнi i старыя поклiчы, Маўглi пачаў хадзiць на Скалу Рады ў памяць аб мiнулым i садзiўся побач з Акелам. Гэта быў час удалага палявання i моцнага сну. Нiводзiн чужынец не асмельваўся ўварвацца ва ўладаннi Народа Маўглi, як называлася цяпер Чарада; маладыя ваўкi сыцелi i набiралiся сiлы, i на кожны агляд ваўчыцы прыводзiлi шмат ваўчанят.
Маўглi заўсёды прыходзiў на агляд: ён не забыў яшчэ тую ноч, калi чорная пантэра ўвяла ў Чараду голае смуглае дзiцяня i ад працяглага поклiчу: "Глядзiце, глядзiце, о ваўкi!" - яго сэрца бiлася дзiўна i трывожна. Калi б не гэта, ён сышоў бы ў глыбiню джунгляў, каб зведаць i паспытаць, убачыць i пачуць новае.
Аднойчы прыцемкам, калi ён бег не спяшаючыся цераз горы i нёс Акелу палавiну забiтага iм аленя, а чацвёра ваўкоў беглi трушком за iм i жартам бiлiся i кулялiся адзiн цераз аднаго, радуючыся жыццю, ён пачуў выццё, якога яму не даводзiлася чуць з часоў Шэр-Хана. Гэта было тое, што ў джунглях называецца "пхiял", - так вые шакал, калi выходзiць на паляванне разам з тыграм, або калi пачынаецца вялiкае паляванне. Уявiце сабе нянавiсць, змяшаную з радасцю, страхам i роспаччу i працятую чымсьцi накшталт насмешкi, i вы будзеце мець уяўленне аб пхiяле, якi разлягаўся над Вайнгангай, узнiмаючыся i ападаючы, дрыжучы i замiраючы. Чацвёрка ваўкоў натапырылася i забурчала. Маўглi схапiўся за нож i замёр на месцы, быццам скамянеў.
- Нiводзiн Паласаты не смее выходзiць на паляванне тут, - сказаў ён нарэшце.
- Гэта не крык Прадвеснiка, - сказаў Шэры Брат. - Гэта нейкае вялiкае паляванне. Слухай!
Зноў пачулася выццё, напалову рыданне, напалову смех, як быццам у шакала былi мяккiя чалавечыя губы. Тут Маўглi перавёў дух i кiнуўся да Скалы Рады, апярэджваючы па дарозе ваўкоў, што спяшалiся туды.
Пхао i Акела ляжалi разам на скале, а нiжэй, напружыўшы кожны нерв, сядзелi астатнiя ваўкi. Маткi з ваўчанятамi прыпусцiлi бягом да пячораў: калi чуецца пхiял, слабыя павiнны сядзець дома.
Спачатку не чуваць было нiчога, апрача цурчання Вайнгангi ў цемры i начнога ветру ў вяршалiнах дрэў, як раптам за гарою завыў воўк. Гэта быў воўк не з Чарады, бо ўся Чарада сабралася на Скале Рады. Выццё перайшло ў працяглы, поўны роспачы брэх.
- Сабакi! - брахаў важак. - Дзiкiя Сабакi! Дзiкiя Сабакi!
Праз некалькi хвiлiн пачулiся стомленыя крокi па камянях, i хударлявы воўк, увесь спацелы, з плямамi крывi на баках i белай пенай каля рота, уварваўся ў круг i, падкурчваючы пярэднюю лапу i цяжка дыхаючы, кiнуўся да ног Маўглi.
- Добрага палявання! З чыёй ты чарады? -. паважна спытаў Пхао.
- Добрага палявання! Я Вантала, - быў адказ.
Гэта азначала, што ён воўк-адзiнец, якi сам здабывае ежу для сябе, сваёй сяброўкi i ваўчанят, жывучы ў адасобленай пячоры. "Вантала" i азначае "адзiнец" - той, хто жыве не ў чарадзе. Пры кожным уздыху вiдаць было, як ад штуршкоў сэрца яго кiдае то ўперад, то назад.
- Хто iдзе? - спытаў Пхао (пра гэта заўсёды пытаюцца ў джунглях пасля пхiяла).
- Дзiкiя Сабакi з Дэкана - рудыя сабакi, забойцы! Яны прыйшлi на поўнач з поўдня; кажуць, што ў Дэкане голад, i забiваюць усiх па дарозе. Калi нарадзiўся маладзiк, у мяне было чацвёра - мая сяброўка i трое ваўчанят. Мацi вучыла дзяцей паляваць у чыстым полi, вучыла хавацца, заганяючы аленя, як робiм мы, ваўкi раўнiн. Апоўначы я яшчэ чуў, як мае ваўчаняты вылi на поўны голас, iдучы па следзе. А калi ўзняўся перадсвiтальны вецер, я знайшоў усiх чацвярых у траве, i яны ўжо адубелi - а ўсе чацвёра былi жывыя, калi нарадзiўся маладзiк, о Вольны Народ! Тады я пачаў шукаць, каму адпомсцiць, i знайшоў рудых сабак.
- Колькi iх? - спытаў Маўглi, а ўся чарада глуха забурчала.
- Не ведаю. Трое з iх ужо не заб'юць больш нiкога, але пад канец яны гналi мяне, як аленя, гналi, i я ўцёк на трох нагах. Глядзi, Вольны Народ!
Ён выставiў уперад скалечаную лапу, цёмную ад засохлай крывi. Увесь бок знiзу быў у яго моцна пакусаны, а горла разадрана i пашматана.
- Еш! - сказаў Акела i адышоўся ад мяса, якое прынёс яму Маўглi.