адзін шэры, амаль блакітна-шэры, па памерах самы вялікі, быў набыты незнаёмцам на кірмашы ў суботу, дзе я наўмысна гандляваў раніцаю, даехаўшы ажно да Нясьвіжа. незнаёмец сказаў, што трус будзе галоўным асемяняльнікам у ягонай гаспадарцы.
два попельнага колеру трусочкі дасталіся дзяўчынца Віцы, якая ўсчыніла цэлую гістэрыку мамцы. спадзяюся, трусочкі будуць жыць у якім доме ў горадзе і іх будуць любіць.
трох трусоў набыў дзіўны мужчына, які вельмі доўга іх мацаў, напэўна, гэтым не пашчасьціла, пойдуць яны на стол камусьці ў добрай рэстарацыі.
і апошні трус, чорны, тоўсты й адвечна нейкі задуменна-млявы, застаўся ў мяне, жыве ў маёнтку з тыдзень, абвык, ведае, дзе яго талерка зь ежаю, пакуль што неахайна ходзіць па-вялікаму, ягоныя шарыкі паўсюль, але я не пакідаю сілаў і надзеі зрабіць яго культурным трусам. завуць яго Гамлет, і ён сапраўдны бастард, зь першага дня палюбіў спаць у маім ложку, падраў прасьціну, нассаў на плед, зьеў тры кнігі, некалькі правадоў, але ён страшэнна мілы, асабліва калі яму чухаеш пуза, ён пачынае дрыгаць нагою, сабака гэты. думаю, хутка ён абвыкне зусім, і я яго пачну выводзіць на вуліцу, дзе яму адкрыецца новы сьвет.
патрык
у мяне ёсьць барада, сьветлая, месцамі белая, месцамі залатая, месцамі іржавая. барада – мой блізкі сябра, які зьявіўся ў мяне, худога і нязграбнага, у дзясятай клясе. са зьяўленьнем гэтага сябра ў мяне пачалі вадзіцца піва й цыгарэты, бо сябра вельмі лёгка іх мне набываў. бараду завуць Патрыкам і мы зь ім неразлучныя. Патрык – адданы сябра, найбліжэйшы мой дарадца ў пытаньнях філязофіі й каханьня. я зь ім сварыўся тройчы і добра памятаю тыя дні, нават тыдні, калі мой твар, паголены, чырвоны ад раздражняльнага ляза брытвы, павольна, але няўхільна зарастаў шчаціньнем. мы з Патрыкам звычайна мірымся, і першы крок раблю я, бо сам усчыняю сварку – мне часам здаецца, што мне лепей бязь сябра: і маладзейшым выглядаю, і сьвяжэйшым, але ж нельга так са старымі сябрамі, якія ў тваім жыцьці зьдзейсьнілі магічны пераход ад юнацтва да сталасьці, і я заўсёды выбачаюся, і мы мірымся, выпіваючы піва, я дзялюся зь ім чыпсамі, ён іх вельмі любіць, і потым крошкі ад ежы гадзінамі сыплюцца зь ягоных нэтраў. Патрык любіць курыць і вельмі любіць цалавацца зь дзяўчатамі, час ад часу я яго балую прыгожымі й доўгімі засмоктамі, але паліць кінуў, толькі хіба што траву, ад якой Патрык кашляе. сёньня раніцаю, як звычайна, мы прачнуліся амаль у адзін час, Патрык быў увесь ускудлачаны, зь левага боку ў яго нават быў зьбіты каўтун, але мы зь ім разам пасьміхаліся, бо ноч была цудоўная, неспакойная й цёплая, нягледзячы на дождж. першым зь Юляю, якая таксама расплюшчыла вочы, павітаўся спачатку ён, а я толькі ўсьміхнуўся.
вера
Вера Паўлаўна пачала працаваць у школе адразу пасьля заканчэньня пэдагагічнага ўнівэрсытэту. дзяўчына яна была бойкая, цяжкасьці ўспрымала як шараговыя выпрабаваньні, якія толькі ўзмацняюць дух, душу й цела. таму й ня грэбавала ані цяжкімі вучнямі, ані дадатковымі ўрокамі. з часам Вера Паўлаўна стала больш чэрствай, магла ня толькі бацькоў выклікаць, але й за вушы пацягаць і прыкрыкнуць як мае быць, і нават было некалькі выпадкаў, калі яна, заўважыўшы вучня каля школы з цыгарэтаю, давала яму па галаве, чым было на той момант у руках: журналам класнага кіраўніка, стосам сшыткаў, кнігаю. Вера Паўлаўна была тым самым чалавекам, пра якога казалі – «на сваім месцы». і хутка яна ўжо з класнага кіраўніка й настаўнікавыхавацеля ператварылася ў галоўнага завуча, жанчыну, якой падпарадкоўваўся нават дырэктар, бо ўсё, што яна казала і прапаноўвала, адразу зьдзяйсьнялася: загады йшлі ад дырэктара, а часам нават і ад гарвыканкама. у завуча зьявілася мянушка – Сабака Паўлава. Вера Паўлаўна пашырэла ў сцёгнах, яе хвост на галаве зацягнуўся шчыльней, зморшчынак дадалося ў кутках вачэй яшчэ болей. яна ператварылася ў сапраўдную жанчыну-вамп у росквіце бальзакаўскіх гадоў.
а потым сталася так, што акрамя працы ў яе больш нічога не засталося, і вельмі хутка надышлі нэрвовыя зрызвы, няўдзячныя падлеткі, зьдзекі, адзінота, пэнсія, вар’яцтва.
апошнія разы яе бачылі раскудлачанай, сівой, у старым гарнітуры… яна стаяла каля дарогі й крычала на машыны, якія праяжджалі паўзь яе: «а ну ня бегаць па калідоры, ціха, я сказала!»
ровар
мая прабабуля, колькі яе памятаю, любіла жартаваць: «войска польска на ровэрах». я не разумеў яе тады, не разумею і цяпер. яна такім чынам сьцябала палякаў ці іх слова «ровэр»? хаця сама была на палову полькаю, у яе ненаўмысна гэта атрымлівалася – кпіць. але зь дзяцінства яна мне прывіла грэблівае стаўленьне да назвы «ровэр». у самаго мяне тры ровары, будзем называць іх лісапедамі, бо ўсе тут навокал называюць іх лісапедамі. да таго часу, як трапіць сюды, я зваў свае двухколавыя рамы байкамі й горнікамі.