мяне ўразіла тое, зь якой злосьцю маці праклінала адзін яблык, і пазьней шакавала, што, адышоўшы ад пахмельля, бацька таксама скардзіўся на яблык. я на той час ненавідзеў яблыкі, празь якія мой бацька выглядаў як апошні парсюк, а маці плакала.
што ён, гэты яблык, ня мог дапамагчы майму бацьку?
яблык – першародны грэх, і гэта відавочна. усё астатняе ня мае ніякага значэньня.
я таксама грэшны, бо ўжо які год гатую сідр. выціскаю сок зь яблыкаў, чакаю браджэньня соку разам з канцэнтраванаю салодкаю вадою, спыняю браджэньне, дадаю крыху гарэлкі.
я не наблізіўся да бацькі, ня стаў спакушацца на яблык пад самагон, я не валяюся амаль бяз сэрцабіцьця пад платамі, я не ванітую на сваё цела, але часам бывае, гляджу ў будучыню, а потым зваротна паварочваю галаву, пераглядаючы некаторыя свае дні і дзеяньні, і прывід, цень майго бацькі, стаіць недзе побач. я вельмі баюся стаць такім, як ён, – бездапаможным у сваіх прыхільнасьцях, чалавекам бяз прынцыпаў, чалавекам без уласьцівасьцяў.
нос
я – карлік-нос, я бадзяга, поўная віна, я сурвэтка, вільготная сурвэтка, пасьля таго як нос зрабіў сваю справу, але я хачу быць носам, але я не хачу адчуваць пахі, я хачу быць носам француза, я хачу быць носам армяніна й грузына, я хачу быць прыкметным, я хачу быць гонарам, я хачу быць носам зь вялікай літары Н, мне ня хочацца быць звычайным, ня хочацца быць як усе насы ў сьвеце, і я не хачу быць наперадзе, толькі наперадзе, я хачу быць носам, які ня чуе пахаў прыбіральні й згарэлай ежы, я хачу быць носам нэйтральным, знаходзіцца дзесьці на мяжы між сьветам вачэй, між тым сьветам, які бачыць левае вока, паводле традыцыі, і між правым вокам, якое падпарадкоўваецца сваёй усходняй завядзёнцы, і я не хачу быць карлікам-носам, але я майстра гатаваць, бо пахі робяць ежу па часе прыгатаванаю, я проста хачу кіравацца пахам, але ня пахам парфумы, ня пахам часу й ня пахам з-пад пахі, ня пахам спарахнелага часу цяпер і зараз, я хачу заставацца носам сьвежага паветра й сьвежай раніцы, дыхаць толькі вытворчасьцю дрэваў, дыхаць ня дымам цыгарэт і смугою ранішніх маршрутак і дызэльных аўтобусаў, але дымам ад вогнішча, полымем дзікага пачатку, усяго таго пачатку, дзе губляюцца паняцьці мэнэджмэнта, рэклямы, маркетынга, усяго, што ніколі ў жыцьці ня зможа прынесьці сапраўднай карысьці й шчасьця.
паламаны
ня так далёка ад мяне, як хацелася б, жывуць два чалавекі, звычайныя мужчына і жанчына, яны шараговыя абываталі, але, як і кожны шараговы абываталь, яны адметныя сваімі ўнутранымі перажываньнямі, сваркамі, каханьнямі, якія робяць іх жыцьцё цалкам непаўторным. яны сярэдняга ўзросту, яго гады імкнуцца да пяцідзесяці, яна распачала сярэдзінку саракагодзьдзя. ён – той самы мой сусед, які п’е як артыст. ён паламаны, як сам і кажа, і выглядае на ўсе шэсьцьдзясят, яна таксама да такіх лічбаў падобная. гаспадарка ня робіць іх моцнымі й мужнымі, пітво ня робіць іх бадзёрымі, але ў іх, я магу дакладна сказаць, – жыве каханьне, самае сапраўднае.
дзесяць год таму ён нажлукціўся да амаль сьмяротнага стану, яна крычала на яго, але, зразумела, ён не рэагаваў, потым яна ўзяла рыдлёўку й так ляснула яго па сьпіне, што зламала ня толькі рыдлёўку, але й сьпіну. цяпер ён паламаны, нават інваліднасьць мае.
але ён як глядзеў на яе вачыма сабакі, так і да гэтага часу глядзіць, а яна кожны вечар б’е яго, цяпер ня так моцна, але ж. і крычыць, і б’е, а ён п’е і п’е, і нічога не мяняецца, толькі каханьне застаецца, бо кожную раніцу ён яе кліча «каровушкаю». стане на ганку, скасабочаны, запаліць і крычыць: «жонушкакаровушка! ходзь сюды…»
такое каханьне.
гарбуз
з гарбузом у мяне зьвязана шмат асацыяцый. і беларуска-ўкраінская традыцыя, і сьвята ўсіх сьвятых, і папялушка ў карэце. але да пэўнага часу для мяне гарбуз быў цалкам звычайным плодам, якія я не ўспрымаў у якасьці ежы, акрамя як марынаваным з пацісонамі. і ўсё зьмянілася, акурат калі я прачнуўся чароўнаю зімоваю раніцаю, год таму, а на кухні стаяў пах. незвычайны для мяне пах прыгатаванай ежы.
гэта Люба, дзяўчына, зь якою я быў знаёмы ня так даўно, але ўжо быў у шчыльных стасунках і дасканала дасьледаваў яе сэксуальнасьць.
ці трэба казаць, што калі каханкі толькі пачынаюць адзін аднаго дасьледаваць, яны на гэтым этапе пэрманэнтна галодныя. я прачнуўся з адчуваньнем такой неверагоднай пустэчы ў страўніку, што празь некалькі сэкунд быў ужо на нагах і на кухні.
Люба стаяла ў маёй завялікай для яе саколцы, грудзі павольна калыхаліся з кожным рухам, раскудлачаныя кудзеркі былі неахайна сабраныя на макаўцы. яна ўсьміхалася мне. я ізноў адчуў жаданьне.