жанчына – гэта забойства, але, зь іншага боку, без жанчыны і не заб’есься нават. вось самотным ты сядзіш і дбаеш пра свой час, выдаткоўваеш яго на свае пляны, будуеш сістэму й расклад жыцьця, але ты сумуеш, бо ніхто ніколі ня зьверне на цябе ўвагу, ніхто ніколі не ацэніць тваю найбуйнейшую ў жыцьці працу, акрамя той самай каханай мэгэры, якая прыйдзе й высмакча твае думкі, жыцьцё, грошы… але як усё-ткі гэта прыўкрасна! бо гэтая стыхія – самая каштоўная рэч.
каханьне
я ніколі не адказваю на пытаньне «ты мяне кахаеш?»
гэта як быццам ня проста сумняюцца ў тваіх пачуцьцях, але й жабруюць, як старыя жалейшчыкі, патрабуюць прызнаньня, каханьня, упэўненасьці.
а што гэта – кахаць – як не адчуваць увесь сьвет прыўкрасным унутры, якім немагчыма да канца падзяліцца нават з аб’ектам каханьня, бо той аб’ект, як неапрацаванае «Палена» Шванкмаера, толькі паглынае і патрабуе, бо ёсьць вусьціш не наесьціся.
каханьне мусіць быць вольным і бясплатным і нікому нічога не абяцаць і не тлумачыць, як паводле Карынфянаў у Новым Запавеце.
хопіць патрабаваць, хопіць паглынаць тое, што цалкам вольна магчыма адчуць разам, бо дастаткова толькі суцішыць свой крок, подых, сэрцабіцьцё, на сэкунду, падысьці, легчы на свайго каханага альбо абняць каханую, мяккім дотыкам крануцца яго (яе), ахінуць сваёй цеплынёю… і вось ён (яна) ужо адгукнуўся на рухі й крананьні, і тое, як яны адгукаюцца, – трымценьне, жаданьне каханьня… і гэта адказ на ўсе іншыя пытаньні.
вось цяпер я сяджу тут, пішу, знаходжу вольны час між вар’яцтвам Любы і між сваім вар’яцтвам, часам жыцьця, творчасьці і каханьня, але дакладна разумею, што прыйдзе заўтра, і ніхто ўжо ня будзе ляжаць на маім ложку, распранутым і белым у цемры, як сьмятана, жаданым і невымоўна недасяжным, бо настане панядзелак, і кропка ўваб’ецца вельмі шчыльна ў брукаванку нашых адносінаў.
скруха
як па традыцыі, клясычна атрымалася. калі Люба раніцай зьехала, я, як апошні эгаіст, пачаў шкадаваць сябе і ўвесь мужчынскі род, шкадаваць сваю сутнасьць, сваю няшчасную пэрсону, якую ніхто ня любіць і якая нікому не патрэбная (на доўгі тэрмін)… бо атрымліваецца так, што Люба прыехала, «паматросіла і бросіла», а далей што? чорная пустэча, плынь сьвядомасьці і праклёны дням, якія былі сумесна пражытыя? нават Патрык, узмакрэлы й раскудлачаны, проста зьнік з далягляду, напэўна таксама, сабака, кінуў мяне!
таму я выпіў. спачатку выпіў у абед, каля крамы, зь сябрамі, зь якімі толькі пазнаёміўся, потым пасьля доўгіх дыскусій было вырашана (зь сябрамі), што бабы дуры і чмо, а я нераскрытая цукерка! таму мы з гэтае нагоды набылі яшчэ алькаголю, але я далей працягваў ужо ў хаце самотным, бо неяк так атрымалася, што іскра розуму закранула мяне на сэкунду, каб адмовіцца ісьці да Валькі, мясцовай самагоншчыцы, за дагонам і танцамі.
я – дома. ізноў скрушна, шкадаваньне ліецца праз край, бо маёй раненай рамантычнай душы Люба вельмі патрэбная, але цьвярозаму асэнсаваньню Люба патрэбная толькі часова. і так атрымліваецца, што я і ён – гэта Янус, які праклінае мяне празь неверагодны алькагольны заплыў, які скончыўся сёньня ўвечары праз галаўны боль і нарэзку, мазаічныя ўспаміны часоў і дзён, якія прайшлі як адзін калейдаскоп: Люба – каханьне – сэкс – гатаваньне – сваркі – перашкоды – замірэньні – сьвечкі – фільмы пад пледам – пацалункі – крананьні – асэнсаваньні – ад’езд – алькаголь – прыняцьце свайго лёсу.
чакаць яе, як па завядзёнцы, трэба будзе на працягу 5–6 тыдняў, за гэты час Гамлет на яе забудзецца цалкам, можа нават стане старым і памрэ – такі лёс трусочкаў, якія ўжо пражылі свае лепшыя гады.
красворд
як яно, пасьля таго як пашкадаваў сябе, залізаў усе раны і паранены, але задаволены і нават у гармоніі з сабою, ты ізноў чакаеш цудаў, і асабліва яе? адзінае, што замінае, гэта надзьмутая галава, якая, у прынцыпе, сёньня можа проста застацца дзесьці адпачываць.
у чым сэнс усёй гэтай гульні, калі словы перакрыжоўваюцца, літары сутыкаюцца й адна адну паядаюць у сваёй аднолькавасьці. скрыжаваньні прыводзяць да высновы, што ты ня тое каб ня здольны быў на банальнае судоку, ты нават не пацягнеш звычайны сканворд, ня кажучы ўжо пра дзіцячы красворд.
мяне заўсёды зьдзіўлялі тыя людзі, якія прыдумляюць красворды. аднойчы я ў перадачы «Поле чудзес», якую глядзеў праз тое, што цяпер магчыма назваць «пасыўны глядач», бачыў, як мужчына, які стварае красворды, прынёс у студыю чэрап, расьпісаны белымі й чорнымі квадрацікамі. я быў у шоку і ад чэрапа, і ад красворда, і ад сваіх дзіцячых захапленьняў.