мне вусьцішна падумаць, што калісьці, калі я вучыўся ў школе, у мяне быў аднаклясьнік, які ў восьмай клясе выканаў хатняе заданьне, напісаў верш, дакладней вэрлібр, які потым цэлы год вісеў у нас на дошцы як узор! у той час аднаклясьнік пачаў чытаць кнігі, пісаць апавяданьні, аднойчы я яго сустрэў пасьля таго, як ня бачыў амаль восем год: ён даўно кінуў літаратурную справу, сказаў, што гэта было дзяцінствам і што яго сябры разумелі. мне падалося, што ён шкадуе. я яму сказаў, што ў нас такі ўзрост, калі большасьць толькі пачынае сьвядома пісаць!
існуюць міжнародныя і раённыя конкурсы, якія знаходзяць дыямантаў, але нашым конкурсам я не даю веры, бо дастаткова толькі паглядзець колькасьць беларусаў, якія ўдзельнічаюць ва ўкраінскіх шоў талентаў, і пачытаць, як цяжка было беларускім творцам прабіцца ў Беларусі, як аднаго сьпевака не пусьцілі на адборачны этап, другога танцора проста не ўзялі, бо не спадабаўся.
паўсюль існуе чалавечы фактар, паўсюль пануе чалавечая суб’ектыўнасьць, і я даўно ўжо зьмірыўся з тым, што маіх нобэлеўскіх прэтэндэнтаў ніколі не абіраюць і маіх любімых пісьменьнікаў ніколі не дадрукоўваць, нават беларускіх.
гарбата
майму маёнтку не хапае коткі, але я не люблю котак, я ўвогуле стаўлюся да іх насьцярожана, бо для мяне котка – гэта эгаістычная здрадніца, якая будзе муркатаць толькі дзеля карысьці. адначасова, назіраючы за сваім Карнэлем, я бачу, што ён спакойна можа пайсьці й даць сябе гладзіць каму заўгодна і радуецца маім сябрам, хвастом ганяе паветра. але я ведаю падсьвядома (і давяраю гэтым ведам), што калі будзе кепска мне, будзе кепска і майму сабаку, але ніколі – котцы.
з аднаго боку, котка – гэта мяккасьць, гэта гнуткасьць, пухнатасьць, цеплыня і пяшчота, і менавіта яе параўноўваюць з жанчынаю.
з другога боку, сабака – вясёлы, гульлівы й адданы сябра. і калі ўжо параўноваць, то месцы мужчынаў сярод сабак.
такім чынам атрымліваецца, што любая разумная жанчына вельмі лёгка можа весьці за нос любога мужчыну, бо таму толькі й трэба, каб зьявілася побач жанчына, пажадана вельмі прыгожая, і тады: бяры ад мяне ўсё, што хочаш.
сёньня быў у краме разам зь сяброўкаю, якая ўжо дзесяць год як жыве са сваім каханым, які, як сапраўдны сабака, толькі ў вочы ёй і глядзіць. ходзім па краме, яна кажа, трэба паглядзець якой гарбаты (я дома п’ю каву, а яны зьбіраюцца жыць у мяне каля тыдня). заходзім у аддзел з гарбатаю, яна бярэ пакунак самай, ну самай таннай атрутнай гарбаты, якая паводле зьмесьціва ня ўтрымлівае гарбаты, і пакунак самай-самай дарагой, і я пытаюся, навошта так?
яна адказвае: – Вася ўсё роўна ня цяміць у смаку гарбаты, а п’е яе літрамі, таму я для яго таннай дрэні якой набуду, а сама магу цэлы месяц нармальную гарбату піць.
Вася ў яе – шалудзівы пёс, а яна – грацыёзная котка, якая дбае толькі пра свае густы.
валасы
у яе былі вельмі доўгія валасы, вельмі-вельмі доўгія, яны дасягалі таліі ззаду і хвалямі спускаліся да грудзей сьпераду, валасы займалі большую частку яе зьнешняга выгляду, яна была як Вэнэра, якая выходзіць з пены марской. грацыя і валасы, і нічога лішняга, бо іншыя рэчы – толькі дробязь, пыл, туга па страчаным.
яна натхняла, яна адначасова была музаю й сьмерцю, недасяжнаю асалодаю, канчатковым наталеньнем смагі, да якога ніяк не дакрануцца, колькі ні намагайся. яе валасы забіралі мары й маладосьць мужчын і жанчын, яе валасы спляталіся ў вузлы й руйнавалі сем’і, прымушалі пакланяцца й прыносіць ахвяры. яна сама цьмяна разумела магічную якасьць сваіх валасоў, ёй заўсёды падавалася, што яна проста прыгожая і па-жаноцку прывабная, і яна ня ведала, што кожнай ноччу, калі яна клалася спаць з мужчынам, валасы ахіналі яе каханага шчыльней любых абдымкаў, прасьцін і коўдраў, шчыльней за самыя палымяныя пацалункі. валасы ўсмоктвалі ў сябе цяпло целаў, наталяліся вільготнымі позіркамі мужчын на вуліцах, хвалямі падымаліся – панадлівыя ветру – і намагаліся ляцець вышэй, вышэй і яшчэ вышэй.