Выбрать главу

аднойчы, калі я стаяў на гаўбцы й курыў пасьляабедзенную люльку, яна праляцела недалёка ад мяне, яна была шчасьлівая, сьмяялася, адарыла маю постаць яскравым позіркам, а валасы яе так і гуляліся на хвалях ветру, луналі. і яна падымалася вышэй, ажно пакуль аблокі не схавалі яе кропку-постаць. а праз год у нас з жонкаю зьявілася дачурка, залатая дзетка, гульлівая, сьмяшлівая, золатавалосая, як і яе чароўная маці, бо так у жыцьці заўсёды бывае, колькі б ні імкнулася яна за сваімі валасамі, заўсёды настане час спусьціцца зь неба на гаўбец і сустрэць вуснамі вусны, дзеля якіх захочацца пастрыгчыся.

парасон

трэці дзень зь сябрамі, назіраць за імі мне жудасна, і немагчыма нават уявіць, што калісьці мы з Васем былі панкамі, ганялі дзяцей на раёне, кепска вучыліся й марылі пра тое, як парвём цэлую аўдыторыю нашым блэк-мэтал гуртом. вынікам сталіся адрозныя шляхі, якія мы абралі адразу пасьля школы: я пайшоў на гістарычны факультэт, Вася ўдарыўся ў філялёгію. далей усё было лягічна, мы радзей бачыліся, я зарабляў сабе нэрвовыя цікі, вар’яцеў ад сапраўднай гісторыі і разумеў, што пасьля ўсяго таго, пра што даведаўся, мне больш няма шляху зваротна, я больш не змагу верыць ня тое што палітыкам, я ня здолею паверыць нават у кнігі па гісторыі, ня дам веры аніводнаму інфармацыйнаму парталу, бо ўсё занадта суб’ектыўна і знайсьці ісьціну, якой яна ёсьць перашапачаткова, немагчыма, як немагчыма ўвайсьці ў адну раку двойчы. я ўсё больш замыкаўся ў сваім сьвеце, зьмяніў тры працы: банк, рэстарацыя, школа, знайшоў усё невыносным і зьехаў ад людзей падалей, каб пачынаць слухаць прыроду і свае думкі. сябра спачатку доўга трымаўся за рэдактарскую справу, зарабляў грошы, потым, пасьля таго, як у яго зьмянілася зь дзясятак адносінаў, ён ашалеў, закахаўся як падлетак і слухаць нікога не хацеў, што ня трэба сьпяшацца, варта запаволіць хуткі бег адносінаў, і празь месяц яны падалі дакуманты, а праз два – ажаніліся. вясельле было клясычным, нягледзячы на былыя панкаўскія часы. мяне цягнула ванітаваць. і на дадзены момант мы маем Васю ў сухім астатку: палыселага мужчыну з пузікам, крыху за трыццаць, які ня тое каб ня цяміў у густах з гарбатаю, ён усе асноўныя жыцьцёвыя рашэньні пакінуў на жонку, а тая зь вялікай радасьцю прыняла іх. сёньня, напрыклад, мы на абед гатавалі шашлыкі, вядома, яна іх паварочвала, дзьмула на іх і палівала мінэралкаю, я ўвогуле ня ўмешваўся ў справу, а Вася толькі двойчы стаяў каля яе з адчыненым парасонам, бо двойчы нібыта марасіла. абедалі. яна не дазволіла яму піць піва на абед, паклала тры кавалачкі шашлычку, бо ў яго й так жывот, а пасьля, калі сама пад’ела, прымусіла яго даядаць яе бульбу й салату, якую ня здолела зьесьці, сказала: каб не выкідаць. Вася ўсё ўспрымае моўчкі, я ўсё больш разумею, што сапраўды даўно іх ня бачыў.

cаколка

адзін мужчына, які жыў як і ўсе, заўсёды насіў адразу дзьве саколкі… але яму падавалася, што саколак недастаткова, і ён пачаў насіць тры саколкі пад швэдарам, а потым чатыры, а потым пяць, і на пяці ён спыніўся. бо заўважыў, што носіць толькі адны нагавіцы, калі варта было б апранаць іх таксама пяць… а потым мужчына пачаў насіць яшчэ й пяць швэдраў і пяць шалікаў, бо надышла зіма…

а пасьля зімы мужчына растварыўся ў адзежы, бо гэта была яго самая вялікая мара. мара модніка.

стабільна

усё, канец, сябры мае зьехалі, пакінулі мне процьму інфармацыі, што дзе ў каго адбылося з нашых агульных знаёмых. я зразумеў, што людзей пасьля трыццаці пачынаюць цікавіць зусім іншыя рэчы і каштоўнасьці зьяўляюцца іншага характару. такім чынам, мне, як вялікаму наіўнаму рамантыку, стала сумна і самотна, я ня ведаю, як так адбылося, але я да гэтага часу знаходжуся ў стадыі пошукаў і роздумаў, калі ўсе мае сябры даўно вырашылі, чаго яны жадаюць альбо чакаюць ад жыцьця, і, жывучы са сваімі жанчынамі, падтрымліваюць адзін аднаго.

мне ўсе навокал падаюцца больш упэўненымі ў заўтрашнім дні, ніж я, які нават ня ведае дакладна, што будзе на сьняданак, і вырашае гэта часта не на карысьць здароўю: кава, цыгарэта, бутэрброд з шынкаю.

з аднаго боку, мне прыемна назіраць за сваімі сябрамі, за іх сем’ямі, зь іншага боку – я пражыў з адной дзяўчынай шэсьць год і, калі гостра паўстала пытаньне ажаніцца, спасаваў і сказаў, што не гатовы, яна сышла, прычым вельмі хутка, і ў яе ўжо ёсьць дачка, муж, праца. стабільна…

паўсюль існуе выбар і жыцьцё дае процьму варыянтаў на тое, як правесьці дзень альбо год свайго існаваньня. мне здаецца, што маё сапраўднае месца – тут, але мне хочацца, каб гэтае месца не абмяжоўвалася сабакам і трусом, я хачу, каб Люба, калі яна наступным разам прыедзе, засталася назаўсёды, і я баюся, што яна больш ніколі не прыедзе.