жахі
у дзяцінстве я быў вельмі ўражлівым дзіцёнкам, настолькі, што гатовы быў трываць да раніцы, але ў прыбіральню адзін ніколі не хадзіў, звычайна прачынаўся а трэцяй гадзіне, мачавы пухір вось-вось лопне, ляжу, трываю, бо пакуль яшчэ ня надта хочацца клікаць маму. такія хвіліны для мяне былі сапраўды перапоўненымі ня толькі вадкасьцю, але й жахамі. гляджу на вакно, якое хаваецца за шторамі, – жах несусьветны, блакітнае сьвятло, цені носяцца, а калі фортка расчыненая – варожыя гукі паўсюль. я сабе кажу: «ты дарослы, ня будзь нюняй, гэта ўсяго толькі цені ад дрэваў, напрыклад, як ты зможаш спадабацца аднаклясьніцы Вераніцы, калі сам ня здольны сябе абараніць і палюбіць». сорамна было, але мозг ужо ўключыўся ў гульню жахалак і я апантана пачынаў уяўляць істотаў, якія жывуць пад маім ложкам, і што калі я зараз апушчу ногі долу, жудасныя рукі з кіпцюрамі схопяць мяне за ногі і павалакуць у самую чорную цемру. я пачынаў енчыць, сьвятло ўключалася на адлегласьці ад ложку ў тры крокі пешшу, бацькі вырашылі паставіць таршэр у тым куце, дзе прыгажэй і дзе стаіць мой пісьмовы стол. я пачынаў крычаць: «мама! ма-а-а-а-а-а-а-а-ма!»
прыходзіла мама, палохаючы мяне, бо адчыняла дзверы ў пакой, апранутая ў доўгую, у самую падлогу, белую піжаму, мама-прывід уключала сьвятло, і я куляй нёсься ў прыбіральню. журчэў там зь вялікай палёгкай добрыя дзесяць хвілін.
цяпер мне трыццаць тры, і амаль нічога не зьмянілася. калі я прачынаюся пасьля вячэрняга піва альбо сідра а чацьвёртай ночы і побач са мною Люба, я прашу яе ўключыць сьвятло і мы разам ідзем у прыбіральню, а калі я сплю адзін, я сьвятло ўвогуле не выключаю.
былі і такія выпадкі, калі сьвятло вырубалася па ўсім доме, і гэта была вусьціш, я сапраўды панікаваў. і самае жахлівае, што магу ўзгадаць, гэта калі я два гады таму, ноччу, разам зь сябрам глядзеў японскі фільм «Праклён»: жанчына зь перавернутаю галавою ходзіць, як павук, па лесьвіцы, белы дзіцёнак стаіць у цемры і гук «ээээээээээээыыыыы» чуецца ўжо не ў тэлевізары, а паўсюль… і хлоп – вырубіла сьвятло! я крычаў, мой сябра – таксама! уявіце: сяліба, навокал бліжэйшыя некалькі кілямэтраў нікога, праз суседняе поле – лес… як мы панікавалі, як крычалі… сёньня вельмі дурное сьвята – дзень усіх сьвятых, мерцьвякоў і бла-бла-бла… усім сьмешна, але сьмешна толькі тым, хто ніколі не сутыкаўся з сапраўдным, невядомым, містычным і ўсюдыісным жахам і вусьцішшу падсьвядомага.
і пакуль што магчыма гуляцца ўва ўсе гэтыя паганскія сьвяты, апранаць касьцюмы ваўкалакаў, вампіраў і злыдняў, спрабаваць лётаць на мётлах, але калі аднойчы, раптам, ноччу, вы прачнецеся самотным, і навокал густая, плотная цемра, а з вакна ліецца халоднае сьвятло, і на падваконьні сядзіць шалёны хатнік, і вочы яго блішчаць зялёным, і ён вам усьміхаецца чырвонаю ўсьмешкаю, будзе ўжо не да прыбіральні і думак, як уключыць сьвятло, вы будзеце проста ляжаць у ложку, нацягнуўшы коўдру па самае падбародзьдзе, і крычаць як ніколі ў сваім жыцьці.
цудоўнага ўсім сну ў гэтую ноч, калі нашыя далёкія продкі распальвалі вогнішчы й кідалі ў языкі полымяў вядзьмарак, і калі тыя паміралі, на іхных вуснах былі ўсьмешкі шчасьця, бо яны ведалі, што праз вагонь вернуцца зваротна, каб зжэрці ўвесь наш род.
форма
форма – гэта зло, любая форма, пачынаючы ад гарнітура й заканчваючы прыкідам мэталіста, – гэта прыналежнасьць да той ці іншай субкультуры й сацыяльнага стану. у гэтым ёсьць сэнс толькі дзеля таго, каб па зьнешнасьці даведвацца пра чалавека, але гэта можа засмуціць, напрыклад, чалавека беднага, бо ён лёгка апазнаецца. зь іншага боку, у Эўропе альбо ЗША даведацца пра сацыяльны стан чалавека складаней за кошт таннай адзежы й моды апранацца як хочаш, сэканд-хэнду й магчымасьці карыстацца сучаснай тэхнікай. зьяўляецца іншы сэнс выглядаць так ці інакш, падкрэсьліваючы, да якой субальбо контркультуры ты далучаны. я заўсёды цаніў людзей, якія зусім не імкнуцца быць падобнымі альбо далучанымі да чагосьці.