шкарпэткі
мае шкарпэткі – гэта выспы свавольля ў мясцовым грамадзтве. усё пачалося ў дзяцінстве, калі я адмаўляўся насіць аднолькавыя шкарпэткі, але на той час дзевяноста адсоткаў вытворчасьці шкарпэтак даводзілся на аднолькава чорны колер, і я, стаўшы падлеткам, пачаў апранаць адну нагу ў сінюю шкарпэтку, а другую – у чорную альбо карычневую…
сказаць, што маіх родных гэта шакавала, – нічога не сказаць.
ты што, ахламон і клоўн? ты што, хочаш, каб цябе ўвесь двор лічыў за ідыёта?!
я выслухоўваў якія заўгодна заўвагі і меркаваньні, але насіў шкарпэткі, якія хацеў, і як хацеў. тым болей, што мне, юнаку, падавалася, быццам бы я руйную вельмі закаранелы савецкі лад грамадзтва. потым з часам усё зьмянілася, у крамах зьявілася процьма іншых шкарпэтак, і я цяпер апранаю на адну нагу доўгую шкарпэтку ў каляровыя палоскі, на другую – жоўтую кароткую шкарпэтку альбо што іншае па колеры й фактуры.
у мяне часта пытаюцца наконт гэтага, але я адказваю, што мне так утульна, і не зьвяртаю ўвагі.
дзіўна, што ў людзей гэта выклікае заўсёды высокую зацікаўленасьць, абмеркаваньне, часта – непаразуменьне, такая дробязь, як шкарпэткі… і толькі мая маці зьмірылася з гэтым, сказаўшы, што розныя шкарпэткі ахоўваюць ад сурокоў.
недарэвалюцыя
адразу скажу: для мяне ніякіх «красных дней календара» і чырвоных рэвалюцый, калі зьнішчылі культуру й інтэлігенцыю, не існуе, я лічу ўсе забабоны вакол чырвоных сьвятаў і камуністычных прозьвішчаў на вуліцах – цяжкай хранічнаю хваробаю грамадзтва. хто б што ні казаў, маўляў, гэта наша гісторыя і гэта таксама мае права існаваць – я адмаўляюся слухаць. немцы не адзначаюць сьвяты фашыстоўскіх часоў, палякі не адзначаюць падзелы Рэчы Паспалітай, мы не сьвяткуем дату ўваходжаньня беларускіх земляў у склад расейскай імпэрыі.
і праз гэта я ненавіджу першы беларускі тэлеканал, бо ён па вечарох прамывае мозг дажынкамі, сьвятамі й навінамі, што Амэрыка на мяжы хаоса і Армагедону. я ненавіджу другі тэлеканал за тое, што кожны вечар ён паказвае толькі старыя фільмы пра вайну альбо савецкія мэлядрамы – мая бабуля гэта разумела й кляла на чым сьвет стаіць. ну сур’ёзна – у дупу «Масква сьлязам ня верыць»! колькі магчыма?! якія там 17 імгненьняў?! а?! імгненьні зацягнуліся ў шэрагі дзесяцігодзьдзяў аднаго й таго ж. і я ненавіджу трэці тэлеканал за тое, што ён штовечар трансьлюе безгустоўныя канцэрты з нагодаў дня міліцыі, дня чыгуначніка, дня шахцёра, дня вдв, дня «дружбы брацкіх народаў».
я б зь вялікай радасьцю працаваў бы ўсе савецкія сьвяты запар, я гатовы ўвогуле працаваць без адпачынкаў, абы толькі ня чуць, ня бачыць і ня ведаць пра існаваньне такой бязглузьдзіцы, як «красны дзень календара»… я зь вялікай радасьцю вып’ю чарку за што заўгодна, вып’ю за геяў, за дзень сабак, адсьвяткую дзень маці і жанчын, абы толькі безь перажыткаў мінулага, на якое вельмі хочацца забыцца.
час
я заўсёды быў упэўнены ў сваіх густах, лічыў, што слухаю файную музыку і чытаю выдатныя кнігі, падсьвядома грэбаваў знаёмымі, якія глядзяць сэрыялы альбо слухаюць поп… прыехала Люба і сказала, што яна ўжо стамілася слухаць кожны дзень рок і гранж, і асабліва яе раздражняюць усе гэтыя гурты, якія я вельмі люблю: Оазіс, Колдплэй, Эдытарз, Плэйсіба… Люба сказала, што прыйшоў час пачаць разнастайваць музыку і старое перамешваць з новым. я вельмі пакрыўдзіўся, бо шчыра лічу, што ёсьць гурты, на якія не ўплывае час. але Люба кажа, што мае густы састарэлі.
як так? як гэта можа быць, што тое, што ты любіш, апынаецца старым? гэта ж як на мяне глядзяць падлеткі тады? а Люба сама ў сваю чаргу прапанавала паслухаць Эмі Ўайнхаўз, якая безь пяці хвілін як датычная да мінулай генэрацыі…
прыемна
добра – гэта калі ў цябе пытаецца пра твой настрой у грамадзкім транспарце незнаёмец, бо ты едзеш і сумна глядзіш у вакно, прадзіраючыся думкамі праз туман.
а яшчэ добра, калі ў цябе не пытаюцца, што з табою, калі табе сумна і ты шукаеш самоты, але вымушаны знаходзіцца сярод людзей.
таксама файна, калі ты бачыш, як бабульцы дапамагаюць перайсьці дарогу.