Выбрать главу

рэальнасьць

у Борхеса ёсьць тэорыя, што кожны чалавек, калі засынае, адразу прачынаецца ў іншым паралельным сьвеце, дзе ў яго раніца і ён жыве сваё ўласнае жыцьцё… і ёсьць у яго выказваньне наконт таго, што люстэркі – такія ж гнюсныя рэчы, як і савакупленьне, бо абедзьве гэтыя «рэчы» ствараюць на сьвеце копіі…

я кожнай раніцаю прачынаюся стомленым, але стома прыемная, як калі займаўся справаю цяжкаю, але сабе ў радасьць… і сны ў мяне бываюць звышнатуральнымі, быццам я сапраўды быў там, у снах… і люстэркі, усе люстэркі ў маёй хаце кожным разам памнажаюць маё адлюстраваньне, калі я праходжу побач, і адначасова я ведаю, што гэта не памнажэньне, гэта я з паралельнага сьвету, які толькі што прайшоў такім жа шляхам, як і я, але зь іншага боку, і я, напрыклад, адчыніў дзьверы Любе, якая прыехала з крамы, і пусьціў у хату Карнэля, а іншы я пайшоў у ложак з прыбіральні, бо праз тры гадзіны прачынацца на працу, а ў ложку яго чакае Люба зь іншым колерам валасоў, у той самы час, калі мы зьбіраемся піць віно й глядзець фільм, цалавацца й кахацца, я з паралельнага сьвету буду сьніць жарсьці і прачнуся ўзбуджаным, а я толькі-толькі пасну…

талерантны

вось жыве тут мужчына… і ўсё жыцьцё ён пражыў роўна, спакойна, як яму падабалася, гадаваў дзяцей, саджаў дрэвы, вырошчваў бульбу… пагрукаліся тут у дзьверы шэсьцьдзясят год, і раптам ён паглядзеў навокал і заўважыў такую дзіўную рэч, што жыцьцё сваё ён жыве толькі аднойчы і нават не заўважыў, што яно вельмі хутка праляцела, і вось ён ізноў самотны, як гэта і было зь ім у юнацтве, калі ён пакінуў бацькоў і перасяліўся ў іншы горад, вучыцца, працаваць і дасьледаваць адзіноту, паступова сталеючы… і вось 60 год… а ён так і не навучыўся танчыць факстрот і так і не даведаўся, што гэта такое – сушы… і процьму ўсяго ён узгадаў, і захацелася яму ў падарожжа, бо што яшчэ рабіць у сталым узросьце, паглядзеў навокал, адзначыў, што адной валізы будзе дастаткова, знайшоў пашпарт, выйшаў на двор, аглядзеўся яшчэ раз навокал, гэтым разам ужо вонкі, і тут раптам заўважыў, што ён жа ў Беларусі і ягонай пэнсіі дакладна ня хопіць на падарожжы, нават на адно падарожжа, і засумаваў мужчына, сеў на валізу і пачаў сябе суцяшаць, кажучы, што не ягоная віна, што ён нарадзіўся тут, гэтае выпрабаваньне для чагосьці ёсьць у ягоным жыцьці… што паробіш, трэба змагацца, грошай трэба назьбіраць цяпер хаця б на гарнітур новы і на труну, бо сьмерць сядзіць на ганку, ужо чакае… а з гэтымі грашыма асабліва няма на каго спадзявацца… і мужчына вярнуўся ў хату, супакоены, што ў жыцьці ён зрабіў усё магчымае, а тое, што засталося нязробленым, залежыць ужо не ад яго, і няхай гараць сінім полымем тыя сушы, а факстрот ён спакойна заменіць на вальс у мясцовым доме культуры…

словы

Міхасю ў жыцьці не хапала лічбаў і словаў, ён лічыў, што дваццаць тысяч – гэта ня толькі зашмат літар, але й розныя рэчы, калі вядзецца гутарка пра 20 000 кілямэтраў і 20 000 кветак, і таму ён на ўсе лічбы прыдумляў словы, так у яго 10 кілямэтраў у гадзіну – гэта было слова «кубак», а калі ён распавядаў, што зараз надвор’е +10 – гэта азначала «кіт высах»… Міхась усё запамінаў, нічога ніколі не запісваў, і лічбы ў ягонай галаве павялічваліся ў колькасьці, іх станавілася вельмі шмат, таму Міхась стараўся менш разважаць і трымаць як мага меней непатрэбнай інфармацыі ў галаве. фільмы ён глядзеў, як і кнігі, якія чытаў, – праходзячы празь іх і выдаткоўваючы роўна дзесяць хвілін на тое, каб паразважаць, што прачытаў альбо паглядзеў… потым Міхась заўважыў, што ў прыродзе, як і ў горадзе, не стае словаў, якія б цалкам натуральна й дасканала характарызавалі тое ці іншае аблічча, выгляд, краявід, бо гэта як у імпрэсіяністаў, адно і тое ж поле ў розныя часы зусім не аднолькавае, альбо твар чалавека ў профіль і анфас вельмі адрозныя і гэта ўжо розныя людзі… так Міхась пачаў прыдумляць новыя словы для ўсяго, што назіраў і бачыў… і ў рэшце рэшт ён прыйшоў да такога выніку, што ў сваёй галаве ўтрымліваў толькі свой уласны слоўнік і размаўляў такім чынам, што яго разумеў толькі ягоны сабака й хатні хамячок… грамадзтва паставіла яму аўтызм, інваліднасьць і выпісала невялічкую пэнсію ў той самы час, калі Міхась амаль дакрочыў да мяжы ўласнай гармоніі з асяродзьдзем, бо быў здольным растлумачыць усё на сьвеце – яму хапала словаў.