Выбрать главу

хвароба

любая хвароба набліжае нас да сьмерці. гэта сказаў Ёзэф Рот. я гляджу на гэты тэзіс па-іншаму і лічу, што кожная хвароба для нас ёсьць выпрабаваньнем нашай сутнасьці. хвароба альбо ламае чалавека, альбо надае яму моцы й вучыць глядзець на сьвет вачыма, на якія быццам бы надзелі акуляры з патрэбнымі дыёптрыямі: сьвет набліжаецца да нас, і праз кожную павялічаную рэч мы можам бачыць саміх сябе. я шукаю новых мэтадаў дасьледаваньня космасу. праз Кастанэду я ведаю, якая менавіта трава – мая… празь Біблію я вучуся разумець, што сьвет абсурдны, жорсткі й мае ў сабе падмурак бессэнсоўнага існаваньня дзеля Госпада… празь Ніцшэ я вучуся на сьвет глядзець як нігіліст, і мне шмат чаго хацелася б зруйнаваць… праз хваробы, нават праз звычайную прастуду, я набліжаюся да стану анабіёзу, і ў гэтым стане я здольны ўсё бачыць і адчуваць вастрэй… няхай ты кашляеш, і тэмпература павышаная, але ты толькі заплюшчы вочы, і пачынай разглядаць калейдаскоп камунікацый рэчаў і прыроды ў прасторы. я ня буду набліжацца да сьмерці, я лепей патану ўва ўласным сьвядомым, якое, як мёд з водарам рамонкаў, сьцякае па маёй скуры.

чалавек-павук

чалавек-павук жыў на восьмым паверсе, і не было ў яго сяброў, і не было ў яго сваякоў, і не было бацькоў, бо ён іх зьеў адразу нарадзіўшыся. чалавекпавук баяўся гораду, баяўся дамоў, баяўся сьветлага надор’я, і яму не падабалася сонца.

бацькі нават не пасьпелі пашкадаваць аб нараджэньні сына-павучка, як ён, спрытна аплёўшы іх павуціньнем, закансэрваваў целы і, да паўналецьця, па невялічкіх порцыях высмоткваў зь целаў кансэрвант, летам ловячы мух і матылькоў, зімовымі доўгімі вечарамі ловячы мышанят.

чалавек-павук цалкам супярэчыў усім іншым уяўленьням пра чалавекаў-павукоў: ён ня мог спрытна лётаць за кошт павуціньня, у яго не было гумовага адзеньня і не было маскі. цела ягонае было звычайным, як у людзей, толькі на галаве замест чалавечага твару быў твар павука, зь вялікай колькасьцю вочак і дзіўнай сківіцай.

чалавек-павук быў вялікім аматарам спайдэрмэна і марыў ратаваць сьвет ад небясьпекі, але чалавек-павук вельмі баяўся выходзіць вонкі, і прыйшлі спэцыяльныя органы аховы й улады, каб выгнаць злоснага неплацельшчыка з кватэры, яго схапілі й адвезьлі ў інстытут дасьледаваньняў біялягічных формаў, але чалавек-павук здолеў зьбегчы акурат перад дзьвярыма інстытута… і больш яго ня бачылі…

вусьціш

Гэня баяўся вады й захлынуўся на возеры, яго доўга ўгаворвалі даплысьці да буйкоў, Ёдзя баялася бегаць, і, калі пераходзіла праз дарогу, на яе наехала машына, якая кляксоніла, той каб хутчэй перабегла, бо тармазны шлях перавышаў усе магчымыя мэтры, Вэня баяўся холаду і памёр ад перагрэву на сонцы, Коля заўсёды з вусьцішу глядзеў у цемру і, аднойчы ўключыўшы сьвятло, згарэў у старым доме – праводка заіскрыла хутка, бліскуча й няўмольна, Воля баялася, калі яе казыталі за пяткі, і аднойчы яна гульліва сьмяялася, яе казыталі, яна сьмяялася, пакуль ня ўпала з ложка.

але трэба дадаць, што ўсе яны пакінулі гэты сьвет праз тое, што не баяліся злоўжываць магічнай вадкасьцю.

скакалка

я ў жыцьці ніколі ня скокаў праз скакалку, але з маленства быў шчыльна зь ёю зьвязаны, бо мая бабуля вельмі любіла карыстацца гэтым гумова-плястыкавым матузком з любой нагоды.

па маёй жопцы скакалка пляскала па-заліхвацку, напрыклад, за тое, што выйшаў на двор бяз коўдры ўзімку, калі прыяжджала маці й пакідала мяне на канікулы, альбо скакалка пякла пятую кропку ўлетку, за тое, што зьеў маліну на варэньне…

дзеда скакалка перацінала па сьпіне, кранаючы кожны пазванок, за тое, што прыходзіў п’яны, за тое, што камусьці там печ паставіў, а грошы данёс толькі на два боханы хлебу, за тое, што гутарыў з суседкаю й усьміхаўся, за тое, што, замест таго каб ісьці ўвечары зачыняць козачак, сядзеў на ганку й люльку курыў. і я шкадаваў дзеда болей, ніж сябе, бо яму даставалася кожны дзень, і нават не аднойчы на дзень. скакалка весела скокала па кожнай істоце, якая жыла ў доме і ў двары, нават аднойчы трапіла па плячох паштальёну, за тое, што прынёс ліст ад гарвыканкаму толькі праз два дні.