і вось Ханна зьехала і вярнулася толькі ў канцы жніўня, я акурат пасьпеў прыехаць у Менск і засяліцца ў інтэрнат. з вахцёрамі была дамова, з суседзямі па пакоі – таксама. у нас быў тыдзень на ўсё, што мы заплянавалі, але за гэты тыдзень мы толькі тройчы пакідалі пакой.
а потым Ханна ізноў зьехала, і я яе ня бачыў тры гады. яна пісала мне лісты, малявала сама паштоўкі – кожны раз былі выявы рыбаў, пісала такія рэчы, што ў мяне да гэтага часу сьціскаецца сэрца: ты маё каханьне, мой пачатак і канец, мой сапраўдны першы мужчына, мой, мой, мой.
мне варта было ехаць да яе ў Польшчу, тым больш, яна зьбіралася адвучыцца ў Кракаве й пераехаць у Бэрлін, а мне было вусьцішна, і я ня ведаў, якім чынам пераехаць да яе. а потым, яшчэ праз два гады, яна зьехала ў Бэрлін і да гэтага часу там жыве – у яе муж немец, уладальнік невялікай кнайпы ў раёне Ной Кёльн, яе сыну Андрэасу, напэўна, ужо больш за чатыры гады.
апошні раз яна мне пісала ў Фэйсбуку месяц таму, паказвала фота яе з мужам, сына.
я, між іншым, абраў зусім іншы шлях, і ўжо другі год жыву на старой сялібе.
было далёка за дванаццаць, я сядзеў каля вогнішча, піў самагон, разважаў пра сваё жыцьцё і ўспамінаў Ханну, калі мяне да непрытомнасьці напалохаў сабака. проста для ўяўленьня: ноч, цёмная, зораў няшмат, цьмяна сьвеціць месяц, навокал нікога, і тут каля маёй левай нагі зьяўляецца чорная аўчарка, сядае і кладзе мне на калена галаву. я адразу падумаў: усё, мяне сёньня зьядуць, але ж не, сабака, паклаўшы галаву, глядзеў на мяне з-пад ілба, сумны такі. я даў яму смажанай на вагні рыбы, ён пад’еў, пасядзеў яшчэ са мною хвілінак дзесяць і зьнік у цемры так жа раптоўна, як і зьявіўся.
і я вось думаю, можа быць, мне гэты сабака сасьніўся, можа быць, маё падсьвядомае дало мне крыху ласкі праз тое, што я ізноў засумаваў па мінулым каханьні?
трусочкі
год таму я наўмысна набыў дзесяць маленькіх трусочкаў, цудоўных пухнатых трусікаў, некалькі зь іх нечакана апынуліся з прыгожымі шэра-блакітнымі пералівамі.
плян быў такі: адгадаваць кожнага трусіка ў дзесяцікіляграмовых монстраў, каб потым зарабіць на іхным мясе й поўсьці.
сур’ёзна, каб жыць у сялібе, не дастаткова гародзікі вырошчваць, трэба даволі спрытна варушыцца, налівачку гатаваць, мяска прапаноўваць у продаж, сыры, масла.
я вырашыў, што мяса трусоў – дыетычнае, само па сабе экалягічнае, здаровае, ну і нарэшце – дарагое.
сёньня раніцай паклікаў таго мужыка, які самы дасьведчаны сярод навакольных жыхароў, маўляў, замова ёсьць, бяром аднаго трусочка, якога ўжо цяжка памяньшальна-ласкальна называць – амаль дзевяць кіляграмаў чысьцейшага мяса й ані граму тлушчу, – забіваем яго і прадаем.
мужык выконвае мокрую справу, я даю яму два літры адборнай моцнай малінавай наліўкі, якая настойваеццца ажно з мінулага году.
я, скажу шчыра, ня надта рэальна ўяўляў, як гэта адбываецца – забойства труса, але адначасова ўсьведамляў, што мы жывем не ў Эўропе і што ў нас жывёла забіваецца ня так гуманна.
мужык прыйшоў, дастаў майго трусочка, шэранькага, са скураным носікам, ёбнуў яго па галаве нейкім паленам, менавіта ёбнуў! я ажно на нагах ледзь утрымаўся ад такога. потым гэты скуралуп нажом прайшоўся па лапках і хвосьціку, падвесіў тушку дагары нагамі і амаль за хвіліну сьцягнуў зь яшчэ цёплага і, напэўна, жывога, скуру з поўсьцю, нават з галавы яе зьняў, пакінуўшы толькі павекі й скураны носік. такі трус нагадвае мокрую котку.
я быў напаўжывы ад такога бачаньня, перад вачыма да гэтага часу стаіць чырвоная заслона і чорны носік.
мужык сказаў, што гэтак рабілі заўсёды, гэта так трэба, каб поўсьць лёгка адышла, каб трусік цёплым быў, каб яна, поўсьць гэтая, цэлая была, без парэзаў ад нажа і іншага.
такім чынам я вырашыў, што зь мяне хопіць аднаго трусочка, дзякуй, астатніх павыпускаю, няхай сабе вольна жывуць.
ікра
калі я вучыўся ў БДУ, першы год пражыў у інтэрнаце, але потым перабраўся ў здымную кватэру, якую зь пераменным посьпехам здаваў па пакоях іншым студэнтам, а ў лепшыя часы жыў адзін і з дзяўчынаю.
была ў мяне на другім курсе такая дзяўчына, сьмешная, вясёлая, бацькі яе былі заможныя, ня роўня маім, ды й брат у яе быў спартсмэн – веславаньне, месцы займаў у сусьветных спаборніцтвах. зразумела, што я ёй мог даць толькі самае шчырае каханьне і больш нічога, бо ўсё астатняе ў яе было, нават жыла яна ў цэнтры Менску, акурат па-над крамаю «Панарама», у доме, што каля Сьвіслачы.