Выбрать главу

Браціла спыніўся, і за яго спінаю адразу ж спыніўся тэўтон. Бясконца шумеў дождж. Плакала чорнае неба.

Браціла перахрысціўся, шырокай даланёю старанна выцер мокры твар. Потым са свайго скуранога пояса адчапіў прасмоленую пяньковую вяроўку, да якой была прывязана стальная трохрогая «кошка». Размахнуўшыся, ён кінуў гэту «кошку» ўверх, у цемру, і яна, глуха стукнуўшыся аб дубовы забарол, упілася, учапілася ў дрэва. Ён лёгенька тузануў на сябе вяроўку, потым тузануў мацней, правяраў, ці надзейна трымаецца вяроўка. Нейкае імгненне пастаяў у нерашучасці, потым папляваў на рукі і, спрытна і хутка ўпіраючыся нагамі ў слізкі частакол, рыўкамі падцягваючы ўгору буйное цела, палез на забарол. Гэта была звычайная для яго справа — начны таць, ён не раз пералазіў так цераз самыя высокія сцены.

Забарол у гэтым месцы быў вышынёй каля чатырох махавых сажняў. Браціла, калі яшчэ разам з бацькам рабіў муралём, ведаў і малую пядзь, і вялікую пядзь, і махавы сажань, і касы сажань. Дарослы мужчына раскідваў, разводзіў у бакі рукі, і адлегласць паміж кончыкамі пальцаў левай і правай рукі была махавым сажнем.

Ды яму ўжо не быць муралём. Ніколі не быць. Хто пакаштаваў крывавага мяса, не захоча есці параную рэпу. Ярыжка-валацуга не будзе ў полацкай Сафіі адбіваць паклоны ўсявышняму.

Апынуўшыся на самым версе кукейноскага вала, Браціла замёр, затаіў дыханне. Перад ім у глухой апраметнай цемры спаў Кукейнос. Ніводнага агеньчыка, ніводнай іскрынкі не бачыла вока. Шчыльнымі цёмнымі купамі стаялі сядзібы купцоў і рамеснікаў. Вакольнага горада, як у Полацку ці ў Герцыке, тут не было: два гады назад спалілі літоўцы. Маленькі ваяўнічы Кукейнос усіх сваіх жыхароў сабраў у адну жменю, у адзін кулак — пасяліў на дзядзінцы. Дубовы церам князя Вячкі ўзвышаўся побач з праваслаўнай царквою.

«Спі, Вячка, — з помслівай радасцю падумаў Браціла. — Сёння ноччу ты заснеш навекі».

У гэтым горадзе ён ведаў усе хады-выхады. Завяжы яму вочы, выкалі вочы, ён усё роўна пройдзе, як па нітцы, па вузкіх, замошчаных сасновымі і дубовымі плахамі вулках, не саб'ецца, не заблудзіць. І княжыя харомы ён ведае, вывучыў як свае пяць пальцаў.

Рэзка і адрывіста, захліпаючыся ад злосці, забрахаў вартавы сабака. Воі на забаролах, што, пэўна, сядзелі, прыкрыўшыся ад дажджу шчытамі, адразу ўспалашыліся, пачалі перагуквацца. Зазвінелі мячы.

Браціла, як толькі мог, прыпаў да дубовага частаколу, шчакой уціскаючыся ў мокрую халодную шурпатасць дрэва. Ён адчуў, як па спіне пабеглі дрыжыкі.

Але сабака заціх. Пакрысе супакоіліся воі. Дождж барабаніў па Брацілавым шчыце.

Канец вяроўкі Браціла кінуў уніз, тэўтону. Праз нейкія імгненні тэўтон, цяжка дыхаючы, узабраўся на забарол. Крануўся плечуком Брацілы і замёр, маўклівы, бясшумны, як начная сава.

Браціла ямчэй уладкаваў за спінаю шчыт і суліцу. Трэба было спускацца ў цемру, у невядомасць, на зямлю Кукейноса.

Ён лёгенька скокнуў, стаў на гэтую зямлю. І ўсё перабіраў нагамі, перамінаўся з нагі на нагу, быццам стаяў на чырвоным распаленым жалезе.

«Браціла! Што ты хочаш рабіць, сынок?» — раптам нібы прагучаў у ягонай душы голас маці. Столькі слёз, столькі пакуты было ў гэтым голасе.

Ён стаяў, не адважваўся зрабіць першы крок. Ён успомніў сябе малым.

«Не рабі чорную справу. Не пралівай кроў», — звінеў у душы голас маці, як звініць царкоўны звон, шырока і неадступна.

Браціла стаяў, маўчаў. Глухая ноч плыла над Кукейносам. Яшчэ да раніцы было далёка. Яшчэ спаў князь пеўняў Будзімір, якога так шануюць смерды Полацкай зямлі. Вецер аж вішчэў у высокім частаколе гарадскога вала.

— Ты чаго спыніўся? — злосна зашаптаў ззаду тэўтон.

— Цемра… Нічога не відно, — нерашуча сказаў Браціла.

— Не лічы мяне за дурня, — тэўтон вастрыём мяча лёгка кальнуў Брацілу між лапатак. — Ты пакляўся. І наша царква добра заплаціла. Епіскап Альберт даў табе сорак грыўняў серабра. Калі ты здрадзіш, шалудзівы пёс, я адсяку табе галаву. Ва імя Ісуса Хрыста, сына божага, пайшоў уперад!

Браціла выцягнуў з-за спіны шчыт, узяў яго ў левую руку, у правай руцэ сціснуў суліцу, прыгнуўся і бясшумна нырнуў у цемру. Тэўтон, як лісіны хвост, адразу ж шмыгануў следам.

Булкі Кукейноса былі вельмі вузкія, брудныя. Гразь хлюпала па сасновых і дубовых плахах, якімі яны былі вымашчаны. У такой цемры, у дождж Браціла і тэўтон кожнае імгненне маглі звярнуць сабе шыю, але зацята і няўмольна кіраваліся ўперад, у самае сэрца дзядзінца.

Сядзібы кукейносцаў мясціліся ўпрытык адна да адной — локця не прасунеш. Тут было шмат важнецкай ежы для агню, які не раз, як жахлівая чырвоная птушка, налятаў на гэтыя хаткі, на гэты горад.

У хатках, што чарнеліся ўздоўж вуліц, спалі са сваімі жонкамі і дзецьмі рымары і броннікі, кавалі і сырамятнікі, цесляры і скрыннікі, муралі і апоннікі. А яшчэ — дымары, плавілыпчыкі жалеза. І гаплічнікі, тыя, што з косці і дрэва вырабляюць гузікі і кручкі для адзення. І кансвісары — адліўшчыкі царкоўных званоў. Тысячы сноў спляталіся ў адзін вялізны, усеабдымны, глыбокі і ў той жа час трывожны сон, бо хіба можна было спаць спакойна на самым пачатку трынаццатага стагоддзя, на самай мяжы Полацкай зямлі і ўладанняў рыжскага епіскапа Альберта?

Браціла з тэўтонам прабіваліся праз дождж, і здавалася, ніколі не будзе канца ні гэтаму дажджу, ні гэтай цемры. Тэўтон, хоць і не быў палахліўцам, ужо не раз з лёгкай дрыготкаю ў целе ўспамінаў Вельзевула, біблейскага князя злых духаў і змроку. Браціла ж стараўся ні пра што не думаць і з асаблівай халоднай злосцю гнаў са сваёй душы матчын голас, які яшчэ ў часы ягонага бадзяння па Рызе пачаў напамінаць пра сябе, ірвацца з самага нутра на волю.

Раптам ён паслізнуўся і ўпаў. Ён разбіў бы сабе галаву, як вароняе яйка, але ў самы апошні міг паспеў, выпусціўшы кап'ё і шчыт, сустрэць нябачную зямлю рукамі. Толькі халоднай граззю запырскаў увесь твар.

Тэўтону падалося, што гэта засада, што Браціла ўпаў, прабіты стралой княжацкага воя, і ён цяжка і адчайна секануў цемру мячом. Але меч сустрэў пустату.

— Наважыл, гэта ты? — пачуўся раптам ціхі і сумны жаночы голас. Белая тонкая постаць мільганула за высокім драўляным парканам, якім быў абгароджаны адзін з двароў. Для Брацілы з тэўтонам гэты нечаканы жаночы голас быў як гром нябесны.

— Наважыл, дзе ты ходзіш? Ідзі сюды. Я не сплю… Я чакаю цябе.

Жанчына, прыкрываючы рукой грудзі, ужо выходзіла на вуліцу.

— Я не Наважыл. Я — Сямідол, отрак князя Вячаслава Барысавіча, — разгублена азваўся Браціла, устаючы з зямлі, абтрасаючы з рук ліпкі бруд. — Ідзі спаць, жанчына. Я Сямідол.

Жанчына спынілася. Была яна (шкада, што Браціла з тэўтонам не бачылі ў цемры) у белай ільняной сукні, перахопленай чырвоным паяском. Срэбныя пакручастыя колты6 ззялі на скронях. Яна стаяла за два крокі ад Брацілы з тэўтонам і плакала.

— Ты Сямідол? А дзе мой Наважыл? Другую ноч мой одр7 пустуе… Наважыл паплыў у лоддзі і абяцаў да змяркання вярнуцца… Прасвятая багародзіца, дзе мой муж?

— Я заб'ю яе, — шапнуў тэўтон, узважваючы ў мускулістай руцэ меч, — яе пачуе варта і прыйдзе сюды.

— Не трэба, — спыніў тэўтонаву руку Браціла. Голас роднай маці зноў прачнуўся ў ім, вугольчыкам прапякаў сэрца. Слабасць была ў ягонай душы, млявасць і крохкасць. Хацелася слёз, і не чужых, а сваіх. Але сваіх слёз у яго ўжо даўно не было.

— Ідзі спаць, жанчына, — строга сказаў ён. — Ідзі, сагравай одр для свайго Наважыла.

Ён узяў жанчыну за цёплы плячук і лёгенька адпіхнуў ад сябе. Яна, як белая здань, растварылася ў цемры, а Браціла з тэўтонам лёгкім спорным крокам, пільна ўзіраючыся ў змрок, накіраваліся да княжацкіх харомаў. Густым бурлівым дажджом плакала ноч аб грахах чалавечых…

Чым глыбей уваходзілі яны ў Кукейнос, тым усё больш прыгожых высозных палатаў сустракалася ўздоўж вуліцы. Тут жылі багатыя купцы, якія срэбра мераюць гаршкамі, а ракавіны кавуры, што на ўсім двухбярэжжы Дзвіны аж да самага Варажскага мора служаць і грашамі і ўпрыгожаннямі, мераюць мяшкамі. Тут жылі і баяры: полацкія і мясцовыя, латгальскія. Было на што падзівіцца, але вочы Брацілы і тэўтона туманіла прага крыві, і была гэта прага сляпою, як бычыны пузыр, што зацягвае акенцы ў хатках смердаў. Толькі ўперад імкнуліся яны, толькі да княжацкага двара. Быццам чакала іх там найвялікшае шчасце, якое можа сустрэць смяротны чалавек пад цяністай смакоўніцай у раі.

вернуться

6

Колты — жаночае ўпрыгожанне.

вернуться

7

Одр — ложак.