Выбрать главу

Вуліца тым часам узбіралася ўгору, на самую вяршыню агромністай выспы, якая спрадвеку грузна стаяла ў самым сутоку Дзвіны і ракі Кокны і на якой ужо некалькі стагоддзяў шумеў, будаваўся, наліваўся сілай Кукейнос. Брацілу нават падалося, што па левую руку бліснула Кокна, нібы вузкі халодны меч выцягнуў нехта з похваў і паклаў у начную чарнечу. Кокна — тая, што нясе дрэвы. Так называюць раку латгалы. І сапраўды — пачынаючыся ў глухіх лясах, мацнеючы там, рака прыносіць да сцен Кукейноса, асабліва вясною і асабліва ў навальніцу, вырваныя з коранем дрэвы. Латгалы кажуць, што гэта Гаспадары Лясных Гушчароў, сярдзітыя духі, палохаюць людзей, напамінаюць людзям аб сваім існаванні.

Нарэшце падкраліся да княжацкага церама. Ён быў высокі, двух'ярусны, зрублены з тоўстых дубовых бярвенняў. У першы ярус князь, дружына і слугі ўваходзілі проста з двара праз высокі ганак, аздоблены бліскучымі срэбнымі бляшкамі, на якіх былі выбіты галовы розных заморскіх звяроў, дзівосныя птушкі, рыбы і зоркі. Ход з двара вёў у вялікую грыдніцу, уздоўж сцен якой стаялі шырокія дубовыя лавы. Сцены грыдніцы былі абабіты беласнежным ільняным палатном, шкурамі тураў, мядзведзяў і ваўкоў. Са сцен тырчэлі адпаліраваныя да мядовага бляску даўжэзныя рогі аленяў і ласёў. Падлога грыдніцы была нацёрта воскам, і калі праз вузкія, у алавяных рамах, вокны ўрывалася сонца, грыдні і баяры, цівуны і купцы, што чакалі княжага выхаду, седзячы на лавах, зажмурвалі вочы.

На першым ярусе была княжацкая трапезная. Тут таксама са сцен тырчэлі аленевыя і ласіныя рогі, але абпіленыя на канцы, ператвораныя ў падсвечнікі. Вялізны доўгі стол, пакрыты залататканым абрусам, займаў амаль усю трапезную. У сцяне насупраць стала была зроблена агромністая ніша, выкладзеная шэрым палявым каменнем. У гэтай нішы, асабліва зімовымі і восеньскімі вечарамі, заўсёды гарэў агонь. Для яго ў цераме яшчэ з вясны назапашваліся дровы. І больш за ўсё шанавалі тут асінавыя дровы, бо яны гараць роўным белым полымем, не дымяць, не даюць сажы.

На другі ярус, на «верх», можна было прайсці па шырокай лесвіцы з абабітымі серабром і меддзю балясамі. Там былі княжацкія пакоі, там князь Вячка прымаў самых блізкіх сваіх людзей, а таксама паслоў з Рыгі, з Літвы, ад эстаў і ліваў. Там жа, у кутным пакоі, была ягоная спальня, каля дзвярэй якой удзень і ўначы неслі варту ўзброеныя мячамі і баявымі сякерамі воі-дружыннікі. Муха і тая не магла праляцець незаўважанай, але Браціла, які добра ведаў жыццё і норавы церама, меў свой хітры план пранікнуць у святую святых. У цераме за печніка і вадавоза быў ягоны добры знаёмы латгал Сцегіс. З гэтым Сцегісам яны вадзіліся яшчэ з маленства: пасвілі коней за гарадскім валам, купаліся, высочвалі пчаліныя борці ў вакольных лясах, пераплыўшы на чоўне Дзвіну, кралі ў селаў гусей і авечак, падросшы, узмужнеўшы, разам заляцаліся да дзяўчат. Сцегіс, на думку Брацілы, і павінен быў яму памагчы.

Каля самай сцяны церама Браціла паклаў у густую мокрую траву шчыт і суліцу, даў знак тэўтону замерці, чакаць, а сам, увесь наструніўшыся, затаіўшы дыханне, падкраўся да акенца каморкі, у якой табараваўся латгал, пастукаў костачкамі пальцаў у вузенькае акно. Нейкі час ніхто не азываўся. Але вось у акенцы затрапятаўся залацісты матылёк свечкі. Сцегіс, трымаючы свечку ў высока ўзнятай руцэ, прыпаў тварам да шкла.

— Сцегіс, адчыні,— папрасіў Браціла.

— Хто ты? — данёсся глухі голас латгала.

— Браціла. Мураль.

— Згінь, нячысцік, — рукою са свечкай перахрысціўся Сцегіс. — Брацілу яшчэ ў мінулае лета забіў Халадок, старшы вой князя.

— Я — Браціла. Магу паклясціся на крыжы. Браціла засунуў руку за пазуху, выцягнуў нашыйны каменны крыжык, перахрысціўся ім, потым пацалаваў яго. Пасля некаторага роздуму латгал, грукнуўшы завалай, адчыніў нізкія дзверы сваёй каморкі, насцярожана застыў са свечкай у руцэ. У яго былі пшанічныя вясёлыя бровы.

— Ад страху язык прымёрз да зубоў? — лёгенька стукнуў яго па плячы Браціла. — Ды не дрыжы, не дрыжы. Я цябе не з'ем. Можаш памацаць мяне — я не з дыму і не з сажы.

Сцегіс і сапраўды працягнуў уперад худую касцістую руку, лёгенька крануў начнога госця доўгімі празрыстымі пальцамі.

— Не апёкся? — Браціла ўжо сеў на чурбанчык. Асінавымі чурбанчыкамі была завалена падлога каморкі. Пэўна, Сцегіс звечара нацягаў дроў з вуліцы ў жытло, каб на золку, калі трэба будзе распальваць у печы, яны былі пад рукою.

Латгал нарэшце паверыў, што перад ім не ўпырпярэварацень, а ягоны колішні сябрук. У невялікіх шэрых вачах успыхнулі іскрынкі здзіўлення і нават радасці, але адразу ж зніклі.

— Ты забіў Дотэ, купца з Прэйльскай акругі,— ціха сказаў Сцегіс. — Князь Вячка загадаў забіць цябе, але ты ўцёк…

— Я ўцёк у Рыгу. Праўду кажаш, Сцегіс.

— У Рыгу? Да гэтых псагалоўцаў, якія забіраюць нашу зямлю і апаганьваюць магілы нашых продкаў?

Вочы ў Сцегіса сурова ззялі.

Браціла нечакана кінуўся перад ім на калені, шырока перахрысціўся, заплакаў, загаварыў, глытаючы калючыя слёзы.

— Я пракляў той дзень, калі забіў Дотэ і калі збег да тэўтонаў. Справядліва кажа найміласэрнейшы бог: «Ператвару святы вашы ў плач і песні вашы ў рыданні». Колькі слёз я праліў, Сцегіс! А ты ж помніш — я быў вясёлы. Помніш, Сцегіс?

Ён знізу ўверх пранізліва глянуў на латгала. Сваім позіркам, як кап'ём, прабіваў ён мяккае сэрца Сцегіса.

— Помню… Устань, Браціла… Я ж не князь і не баярын.

— А помніш, як мы з табою ўцякалі з таго берага Дзвіны ад селаў і літоўцаў і ў наш човен упілося аж сем стрэл? І як мяне параніла?

— Помню. Але навошта ты вярнуўся, Браціла? Вярнуўся, як пёс на сваю блявоціну.

— Не мог я там… Паміж тэўтонаў… Ні вера іхняя, ні мова, ні жанкі прыгожыя — нішто мне душу не грэла. Маці сваю хачу ўбачыць.

— Маці твая жывая, — сказаў Сцегіс. — Зялейніца на ўвесь Кукейнос. Травамі людзей лечыць, сухімі і зялёнымі, дымам, вадой, шэптам… І словам божым…

Браціла парывіста ўзняўся з каленцаў.

— Скажы, Сцегіс, а Соф'я, дачка князева, здаровая?

Латгал спахмурнеў.

— Дрэнна з ёй. Хворы дух пасяліўся ў Соф'і. Гарыць, як у лютым агні, не спіць, плача цэлыя ночы. Пэўна, бог хоча ўзяць да сябе князёўну. Князь Вячаслаў казаў перад баярамі і купцамі: «Хто вылеча дачку, таго шчодра ўзнагароджу. І хвала таму будзе вечная і ад жывых людзей, і ад бацькавых касцей».

— Дык вось ведай, Сцегіс, — радасна і ўрачыста абвясціў Браціла, — я вылечу князёўну Соф'ю. Я! Дзеля гэтага я ад тэўтонаў уцёк.

— Ты вылечыш?

Латгал ад здзіўлення раскрыў рот, і ярка, прыгожа бліснулі ягоныя часночна-белыя дробныя зубы.

— А хіба ты забыўся, што я родны сын зялейніцы Домны? Яна мне ўсё сваё вядунства адкрыла. Сілу я маю вялікую, таемную. І траву з Рыгі прывёз ад лекараў тэўтонскіх. А трава гэтая з самога Рыма. На гары Везувій расце, з якой агонь і смурод падземны вырываюцца. Хто стаўчэ гэту траву, потым змеліць, потым у кіпецень кіне…

— Дзе трава? — перарваў яго Сцегіс. Твар у латгала быў бледны, усхваляваны. Яму так не цярпелася хутчэй убачыць дзіўную заморскую траву, якая валодае незвычайнай сілай. Ён любіў маленькую светлавалосую князёўну, якая пражыла на зямлі ўсяго толькі пяць сонцаваротаў і неўзабаве павінна была з-за невылечнай хваробы назаўсёды адплысці ў Лоддзі Смерці туды, дзе блукаюць няясныя самотныя цені мёртвых. Ён і сам заўсёды баяўся смерці. Убачыць маланку — хаваецца пад абрывісты бераг Дзвіны, або ў лес, або ў якую-небудзь яму і шэпча: «Бог мяне шукае, пакараць хоча».

— Вось гэта трава, — сказаў Браціла і дастаў з-за пазухі невялікі мяшэчак. Не спяшаючыся, нахмурыўшы цёмныя бровы, развязаў яго, асцярожна, двума пальцамі, дастаў тонкія светла-зялёныя сцяблінкі.

Латгал аж дыхаць перастаў. Памкнуўся ўзяць траву, панюхаць яе, але Браціла не дазволіў, схаваў свой цуд назад у мяшэчак, растлумачыўшы: