— Дорпат ляжыць каля нашых ног. Чуеш, сын мой? Мы перамаглі! Эстонія наша!
— А дзе кароль Вячка? Прывялі яго сюды з вяроўкай на шыі? — перарваўшы епіскапа, запытаўся бледны Генрых.
— Вячка загінуў,— шырока ўсміхнуўся Альберт і перахрысціўся. — Вячка ляжыць каля забаролаў. Мы перамаглі.
— Ён перамог! Ён перамог! — раптам закрычаў Генрых і з ліхаманкавым бляскам у вачах пачаў бегаць каля алтара. Альберт з вялікім здзіўленнем паглядзеў на яго, падышоў да свайго любімага вучня, паклаў яму руку на лоб, сказаў з бацькоўскай цеплынёю:
— Табе кепска, сын мой? Ідзі адпачні і працягвай пісаць хроніку. Няхай нашчадкі даведаюцца аб нашай перамозе і праславяць нас.
III
Чорны дым, як навальнічная хмара, стаяў над Юр'евам. Здавалася, у прыроды не хапала ветру, не хапала сілы, каб спіхнуць яго з месца. Прырода, як і людзі, знясілела і аглухла пасля цэлага месяца лютай сечы. Неверагоднай цішынёй поўніліся неба і зямля. Але вось пайшоў, ціха залопаў па абгарэлай траве, па чорных вугалях нетаропкі восеньскі дождж. Першыя кроплі ўпалі на раку, па якой некалькі дзён запар плылі забітыя людзі.
На рачной строме, што густа зарасла ляшчыннікам і бярэзнікам, раптам зашалясцела трава, зверху ўніз пацяклі струмені пяску. Прабіваючы сабе дарогу рукамі, плячамі, усім целам, са звярынай нары, якой заканчваўся падземны ход, асцярожна выпаўз Якаў, цягнучы за сабой Усяславаў меч. Аддыхаўся, абтросся ад пяску, нахіліўся, стоячы на каленях над нарою, гукнуў:
— Мірон, трымай руку.
Праз нейкі час на белы свет вылез Мірон, моцна прыціскаючы да грудзей вялікую скураную торбу з полацкім летапісам. Сеў на траву, заплюшчыў і расплюшчыў вочы, здзівіўся:
— Дождж на рацэ шуміць…
— Меч Усяславаў жыве. Слова наша жыве. Пойдзем, — сказаў Якаў, і яны пайшлі туды, дзе чырванелася між хмараў сонца — на ўсход.
Слова на развітанне
Паклон вам, прашчуры!
Вось і надышоў час развітвацца з вамі. Вы пайшлі, вы зніклі ўдалечыні, а я застаўся…
Сонечным светлым днём стаю каля полацкай Сафіі. Нядаўна ў саборы пасялілася музыка. Узнёсла і высакародна гучыць «Полацкі сшытак», які трыста гадоў назад слухалі і любілі нашы продкі. Толькі нядаўна нотныя запісы знайшлі ў Кракаве, і музыка вярнулася на Радзіму.
З хваляваннем і гордасцю думаю я, што не зганьбілі меч Усяславаў сыны нашай зямлі. Бязлітасна біў ён ворагаў на рацэ Нёман і на Чудскім возеры, на полі Куліковым і пад Грунвальдам. Яго ўзнімалі і Давыд Гарадзенскі, і Андрэй Полацкі, і іншыя беларускія героі. Паклон ім!
Падыходжу да сцяны Сафіі, асцярожна кратаю яе рукою, быццам выпрабоўваю сцяну на цвёрдасць і ўстойлівасць.
Калісьці да гэтай сцяны бег з баярскай няволі Якаў Палачанін. Калісьці князь Вячка прасіў у яе моцы.
Вечная сцяна… Вечныя людзі, што жылі і жывуць у гэтым горадзе, на гэтай зямлі.
Прысланяюся плячамі да сцяны, адчуваючы яе шурпатасць. Наперадзе — бязмежны абсяг Дзвіны, чайкі, людскія ўсмешкі. За плячамі — сцяна, гісторыя, продкі…
Паклон табе, родная зямля!