Выбрать главу

Праз нейкую хвілю ўсё скончылася. Лускатая скура некалі агромністага і велічнага прыгажунагрыфона пакамечанай грудай ляжала на падлозе. Галава бестыі ўжо была толькі пакрытым закасцянелаю рагавіцаю чэрапам; з-пад яе віднеўся край калюжыны застылага металу — усё, што засталося ад Мяча Надзеі майго народу. Відовішча сумнае і незвычайна роспачнае! Я прысеў на падлогу ды маркотна дзівіўся на гэтую карціну, што аб'яднала парэшткі прыгожага звера і аскепкі маёй мары. Ваяру не выпадае кідацца ў роспач, але ўсё, дзеля чаго я жыў і змагаўся, раптам перастала існаваць, ператварылася ў азёрную смугу, ці, дакладней кажучы, у металічную калюжыну. Ззаду ціха падышла Ладзіслава і паклала мне руку на плячо:

— Не сумуй, вой...

— Лёгка сказаць!.. Гэты меч быў тым, дзеля чаго я прыйшоў у Гадор... Меч Маладзіковага Промня... Зоркі сказалі вешчбітам, што я здабуду яго і ўздыму супраць Чорнага Князя, каб вызваліць наш край... — сумна адказаў я. — Але цяперака ўсё страчана...

— Меч Маладзіковага Промня?! — няўцямліва перапытала дзяўчына. — Але ж у цябе яго не было!

— Было. Я ўсё ж такі здабыў яго... Памятаеш той меч, што я насіў за спінаю? Я забіў рыцараў, што былі па яго пасланыя, пераапрануўся ў рыштунак аднаго з іх і забраў чароўную зброю. Але ця­перака, бачыш: меч, хоць i перамог грыфона, ды сам растапіўся...

— Але ж ты насіў за спінаю не Маладзіковы Промень, — перарвала мяне князёўна. — Гэта быў Рагнар — рытуальны меч Гатарда, пры дапамозе якога Князь, у прадвызначаны час, звяртаецца да надпрыродных сіл, просячы дараваць яму перамогу над ворагам. Так што, калі табе быў патрэбны не ён, няма сэнсу журбоціцца. Лепей цешся, што ты ўратаваў сваё жыццё, а разам з тым і знішчыў магічную моц ворагаў! Цяперака яны ўжо не змогуць звярнуцца да кудзебстваў, што давалі ім ра­ней заўсёдную перамогу. Бо, калі б сутыкнуліся чары Маладзіковага Промня з кудзебствамі Чор­нага Мяча, яшчэ невядома, каторыя б адолелі!..

Адразу, бывае, цяжка даць веры, калі ўяўная параза раптам станецца перамогаю. Аднак сумнявацца не прыходзілася, i пасля тых слоў мая душа пачала напаўняцца радасцю. Я не збіраўся болей марнаваць час на бессэнсоўныя згрызоты — трэба было ізноў брацца за справу! Я борздзенька падхапіўся на ногі, уклаў у похвы дзяржальна разбітага рыцарскага мяча — на ўсялякі выпадак — і сказаў:

— Што ж, князёўна, найперш пакажы мне, дзе месціцца той патаемны выхад з замка, што ты распавядала раней.

XIV

Пакуль дзяўчына вяла мяне праз усю пячору да грота ў дальняй сцяне, я прыняўся яе распытваць пра тое, што цікавіла мяне цяпер найболей:

— Значыць, ты ўсё ведаеш пра Маладзіковы Прамень? Дык, можа, ты знаеш i дзе яго шукаць?

— Канечне! — упэўнена адказала князёўна. — У скарбніцы — я яго там не раз бачыла.

— I што — даруй мне маю недаверлівасць! — ты адразу распазнала Меч з легендаў?

— Так! Бо я калісьці не аднойчы трымала ў руках гэтую зброю. Мой бацька — князь Ваіслаў; ён быў братам захавальніка мяча князя Велеміра, — а я не адзін месяц прабавіла ў замку дзядзькі. Там мяне і паланіў Гатард, калі я апошні раз гасцявала... — дадала яна пасумнелым голасам. — Але, у кожным разе, ты можаш быць пэўны, што ведаю Меч i ягоную гісторыю не горай за якога-небудзь кудзебніка, хоць для іншых людзей гэтыя рэчы і заставаліся таямніцай. Не ведаю, праўда, ці не здагадваецца i Гатард пра чароўныя ўласцівасці Промня — бо надта ж асцярожна з ім абыходзіўся. Але, у кожным разе, Чорны Князь захоўвае яго менавіта сярод здабытых скарбаў, а не ў Зале Чараў. Зрэшты, Гатард i не стаў бы яго ўжываць, пакуль мог карыстацца магічнай моцай свайго раней выпрабаванага мяча Рагнара, але цяперака ўсё можа змяніцца. Чараўнікам спатрэбілася б колькі дзясяткаў год, каб выкаваць новую зброю такой жа кудзебнае сілы, а Гатард напэўна не захоча перапыняць сваю пераможную заваёву на гэтак доўгі час.

— Калі ж гэты меч быў зроблены такім моцным чараваннем, дык чаму ж ён тады растапіўся, ледзь даткнуўшыся грыфона?

— Бо сустрэліся дзве магіі тае самае натуры, скіраваныя адна супраць другой. Я ж табе распавядала, што гадорскі грыфон не быў прыродным. Ён не вылупіўся з яйка, адкладзенага жывымі грыфонамі, а быў штучна выведзены пры дапамозе магіі. I быў абаронены сілаю гэтай магіі. Калі яна ўвайшла ў супрацьдзеянне з магіяй мяча, гэтыя дзве кудзебныя стыхіі знішчылі адна адну.

— Чаму ж ты мяне не папярэдзіла, што грыфон мае магічную абарону, калі я ішоў з ім змагацца?

— Гэта ж найпрасцейшыя асновы чаравання! Мне і ў галаву не магло прыйсці, што ты сам гэтага не ведаеш!

«Ну, так! Гэтай выкшталцонай паненцы не прыйшло ў галаву, што просты вой не атрымаў такое асветы, як яна, прадстаўніца княжацкага роду! Хоць, зрэшты, і Мудраслаў мог мне хоць пару слоў сказаць наконт усіх тых кудзебстваў, што чакаюць мяне ў Гадоры!» — падумаў я раззлавана. Але калі ўтаймаваў гнеў, дык мусіў сабе прызнацца, што дагэтуль мне ва ўсім неверагодна шчасціла. Усё ж, так ці інакш, мною апякуюцца духі, дзякуючы падоранаму Мудраславам абярэгу. Кудзебнікі ведаюць усё, што станецца, далёка наперад, і, пэўна, у вешчуна былі падставы нічога не казаць мне загадзя. У гэты момант мы акурат дасягнулі гроту. Дзяўчына, стаўшы на ўваходзе ў яго, сказала:

— Там далей — крыніца. Гэта вада вымыла грот i большую частку таемнага ходу ў скале. Гры­фон піў ваду з крыніцы i, пакуль ён быў жывы, Гатард мог не баяцца нечаканых гасцей, нават, каб ягоныя ворагі і знайшлі ўваход у лёх навонкі — бо грыфоны нікога не дапускаюць ані да сваіх вадапояў ані ўвогуле на сваютэрыторыю.

Я хутка ступіў у грот. Там было амаль цёмна — сюды ўжо не дасягала святло паходняў. Брыдучы ледзь не па калена ў вадзе, я навобмацкі знайшоў невялікія дзверы з таўстых, акутых жалезам дошак і засаўку на іх. На дзвярах не было нават замка. Я адсунуў засаўку і разнасцежыў праход — калі прыйдзем ізноў, дык цалкам верагодна, не будзем мець часу на тое, каб яго адчыніць. А калі ворагі трапяць сюды раней за нас, дык вырашаць, што мы ўжо выйшлі з замка i перастануць шу­каць нас усярэдзіне. Я выйшаў з гроту і сказаў дзяўчыне:

— Час сыходзіць. Рыканне грыфона перад смерцю, напэўна, чулі нагары, i сюды ўжо, мусіць, спяшае ваявода.

Ваявода напраўду паспяшаў, бо ледзь мы збочылі ў калідор, што вёў да скарбніцы, як ззаду пачуліся крыкі пагоні, якія, зрэшты, неўзабаве замоўклі. Вызірнуўшы з-за рогу, я ўбачыў, як рыцары скупіліся вакол парожняй грыфонавай скуры ці тое ў задуменні, ці тое ў смутку. Я не стаў высвятляць, якія ўсё-ткі эмоцыі імі авалодалі, і пацягнуў Ладзіславу наперад, працягваючы распытваць:

— Ты казала, што грыфон прызнае толькі самога Гатарда ды яшчэ таго мага, што яго гадаваў. Правільна?

— Ну, правільна...

— Значыць, ваяводу і іншых рыцараў ён не знае. Так?

— Так... — яна ўсё яшчэ не разумела, навошта я пытаюся.

— А хто праводзіў варту да скарбніцы? Напэўна ж не ваявода?

— Не ведаю... можа, маг?

— Вось, i мне гэтак жа здаецца. Але ж маг не будзе ўвесь час бавіць з воямі на варце: адвядзе ў належную пару — i сыдзе. Так?

— Мусіць, так.

— Значыць, ваявода да скарбніцы з пагоняй не даходзіў — толькі да грыфонавай пячоры. А гэта, у сваю чаргу, азначае, што вартавыя могуць яшчэ i не ведаць пра нашыя з табою ўцёкі. Таму давай паспрабуем іх падмануць, — i я распавёў ёй сваю задуму.

XV

Дзякуючы майму плану гэтым разам мне нават біцца не давялося.

— Вітайце, рыцары! — звярнулася князёўна да ваяроў пры ўваходзе ў скарбніцу, калі мы нарэшце туды дапялі. — Спадзяюся, вы мяне ведаеце? — тыя згодна пахілілі галовы.

— Дык вось, я толькі што згадзілася нарэшце выйсці замуж за вашага князя, і ён мне дазволіў выбраць штосьці са скарбаў дзеля абсталюнку нашых шлюбных пакояў. Гэты рыцар, што пасланы мяне суправаджаць, дапаможа мне ўсё занесці на месца.

Ваяры слухалі Ладзіславу з ўвагаю i не рабілі ніякай спробы нас затрымаць, — відавочна, вестка пра апошнія падзеі ўсё ж сюды яшчэ не даляцела. Але тым не менш пераканаць вартавых было не так i лёгка.

— Мы не можам пусціць шаноўную князёўну. Сюды маюць права заходзіць толькі сам князь i ягоны скарбнік. Ніхто іншы без іхняга асабістага распараджэння сюды не ўвойдзе — нават пан ва­явода.