— А вось цяпер можна і ў вартоўню.
XII
Ударам нагі я разнасцежыў дзверы i амаль не цэлячыся стрэліў з абодвух арбалетаў у тлум кнехтаў перад сабой — іх было з добры дзясятак. Абодва бэлты самі абралі свае цэлі, i два жаўнеры зараз жа паваліліся на падлогу. Рэшта ж ворагаў яшчэ нават не паспела зразумець, у чым справа, як я ўжо кінуўся на іх з двухручнікам. Калі кнехты даўмеліся схапіцца за алебарды, іх заставалася ўжо чацвёра ці пяцёра. Вось зляцела галава яшчэ ў аднаго ды выпала зброя з мёртвых рук другога... Ды тут лязо майго мяча пасля ўдару ўвайшло ў шчыліну між пліт падлогі, і перш чым я паспеў яго вызваліць, адзін з кнехтаў пацэліў па ім навершам алебарды. Лязо разляцелася напалову. Я выхапіў меч з похваў пры пасе, ды трапны — хоць, бадай, выпадковы — удар кісцяня выбіў зброю ў мяне з рукі перш, чым я паспеў скіраваць яе супраць ворагаў.
Двое жаўнераў наступалі на мяне з настаўленымі алебардамі, трэці, з прыгатаваным да ўдару кісцянём на даўгім дзяржальне, ішоў паміж імі і крыху пазадзе. А я, абяззброены, у каторы раз за сёння мусіў адступаць. У вартоўні стаяў толькі даўгі стол і, паабапал, зэдлі — і тое адно у дальнім канцы памяшкання, так што тут — на адрознасць ад жылых пакояў — не было нават ніякага кандэлябру, схапіўшы які, я змог бы адбівацца. ІІІто праўда, з другога боку, i кнехты не былі настолькі небяспечныя, як рыцары. Яны не спрабавалі мяне атакаваць, а толькі цяснілі вастрыямі галябардаў. I я пакрысе адыходзіў назад, трымаючы ворагаў у полі зроку, а, разам з тым, краем вока паглядаючы, што б гэта выкарыстаць у якасці зброі. Аднак, пакуль нічога не траплялася, i я ўсё адступаў ды адступаў. Ды, калі я ўжо амаль упёрся спінаю ў сцяну, раптам пачуў крык князёўны: «Трымай, вой!» — і ўбачыў кінуты мне плазам меч, мусіць, аднаго з забітых кнехтаў. Замест таго, каб, згодна майму загаду, чакаць пры дзвярах, дзяўчына, пэўна, прайшла за мной у вартоўню i прыглядалася да бою зблізу. Што ж, гэтым разам ейная непаслухмянасць мяне ўратавала, i я зноў перайшоўу наступ, нацэліўшы меч на ворагаў.
Адзін з кнехтаў — той, што быў злева, — вырашыў не паддавацца і паспрабаваў сам мяне заатакаваць. Наставіўшы галябарду як дзіду, ён скіраваў яе мне ў жывот, спрабуючы прапароць мяне наскрозь. Ягоныя рухі былі пазбаўленыя таго спрыту, які дае шматгадовая звычка, а выглядаў ён рыхтык, як навабранец на практыкаваннях, калі імкнецца пацэліць у саламянае чучала. Унікнуць ягонага ўдару не было цяжкай задачай. Я рэзка адступіў убок і, крутануўшыся вакол, прапусціў алебарду паўз сябе. А калі, разагнаўшыся, жаўнер праляцеў міма, я з развароту моцна ўдарыў яго абсадкай мяча ззаду ў шалом — забіць такога няздару мне проста не дазволіла сумленне. Ён непрытомна зваліўся на падлогу, а я зрабіў крок у бок двух астатніх. Лёгка ўхіліўшыся кісцянёвых шыпастых куль, я ў момант удару іх аб падложную пліту рэзка наступіў на ланцуг i адразу ж зрабіў выпад — меч працяў горла нападніка, i супраць мяне застаўся стаяць ужо толькі адзін кнехт. Гэтага яўна не цешыла ідэя застацца са мной сам-насам, i з першага пагляду было бачна, што ён гатовы кінуць сваю галябарду ды даць драла. Я аблегчыў яму задачу, перасекшы рэзкім рухам тронак, і ўжо павярнуўся да Ладзіславы, каб паклікаць яе за сабой, як са сходаў, што вялі ўніз да брамы, данёсся гул спешных цяжкіх крокаў. Дзверы разнасцежыліся— і ў вартоўню ўварваўся з дзясятак рыцараў. Адразу стала відно, што цяперака да брамы ўжо не прабіцца, і, схапіўшы князёўну за руку, я рынуў назад шляхам, якім мы прыйшлі. Адно толькі паспеў шпарка зачыніць за сабой дзверы ды кінуць зверху на клямкі меч — каб перашкодзіць створкам расчыніцца; зрэшты, я не спадзяваўся, што гэтакі дамарослы рыгель надоўга затрымае пагоню.
Хаця князёўна ў сваёй даўгой і цяжкай аксамітнай сукенцы значна замаруджвала наш бег, я ўсё ж спадзяваўся адарвацца ад пераследнікаў — перад намі з Ладзіславаю дарога была простая, а рыцарам прыйдзецца правяраць ўсе пакоі ды найменшыя закуткі, якія толькі трапяцца ім на шляху. Так, зрэшты, і здарылася: калі мы, задыханыя, узбягалі па сходах да пляцоўкі-ростані перад Ладзіславіным пакоем, гукаў пагоні за спінаю ўжо чуваць не было. Спыніўшыся на пляцоўцы, я спытаў:
— Дык што ты казала пра другі шлях?
— Ты хочаш-такі ісці праз грыфонаву пячору?! — уражана гукнула дзяўчына.
— У жыцці трэба ўсяго паспрабаваць! — пажартаваў я. — Ну, дык як, павядзеш? Ці, мо, баішся?
— Ды нічога я не баюся! — кінула рассердавана князёўна. — Хадзем!
— Не так хутка! Мне спярша трэба ўзброіцца, — я падышоў да дзвярэй у анфіладу, падняў меч таго рыцара, што быў з горнам і ўклаў яго ў свае пустыя похвы. Потым, ударыўшы па канцы дзяржальна, выцягнуў з галавы рыцара сваю ўжо крыху пашчэрбленую сякеру і вярнуўся да дзяўчыны. — Ну што ж, я гатовы.
Яна падышла да каменнае сцяны за сходамі і пацягнула цагліну, што крыху выдавалася з агульнае кладкі. Я ніколі не здагадаўся б, што i тут схаваны ўваход у лёх, але — на дзіва! — сцяна зварухнулася і паволі папаўзла ўбок. Мне падумалася, што ў гэтым замку, пэўна, палова сцен хаваюць патаемныя хады. Зрэшты, тым горш для нас: можна чакаць, што ворагі з'явяцца з ніадкуль. Мы ступілі ў адкрыты праход. Лада тым часам распавядала:
— Далей ад гэтага калідору аддзяляюцца некалькі хадоў-адрогаў. Адзін вядзе ў Залу Чараў і ў скарбніцу, другія — у іншыя памяшканні. Нам жа трэба будзе пайсці па галоўным — аж да сходаў уніз. Спадзяюся, ты ўжо прыдумаў, як прыручыць гэтую мілую пачварку? — дадала яна з ледзь заўважнай кпінай у голасе.
— Яшчэ не, але па дарозе прыдумаю! — бадзёра адказаў я, хоць у маёй галаве і намёку не было на нейкую вартую думку на гэты конт.
XIII
Мы нядоўга прайшлі лёхам, калі неўзабаве спераду, з-за рага калідора, данёсся водгук жалезнае хады. Напраўду, відаць, ваявода паслаў сваіх людзей абысці усе калідоры ды пярэйсці. А паколькі гэты ход быў з самых таемных, дык можна было спадзявацца і ягонае асабістае прысутнасці. Цяжка было вызначыць, колькі там ідзе вояў, — гук, адбіваючыся ад сцен, памнажаў рэха. Магчыма, іх было няшмат, але ўсё ж я падумаў, што прасцей унікнуць небяспечнага становішча, чым пасля ўвесь час змагацца з ягонымі наступствамі. Схапіўшы сваю спадарожніцу за рукаво, я ўцягнуў яе ў ход-адгалінаванне, які мы акурат міналі: «Перачакаем тут!».
Ды ўсё ж, відаць, мы збочылі недастаткова борзда, бо да нас даляцелі словы некага з рыцараў: «Пане ваявода, здаецца, я нешта бачыў там наперадзе!». Стараючыся не тупацець, мы памкнулі ўздоўж гэтым ходам. На шчасце, ён быў досыць пакручасты, і пераследнікі, ідучы ззаду, не маглі нас бачыць з-за рагоў калідорных паваротаў. Заставалася спадзявацца, што на канцы хода нас не чакае выстаўленая варта.
На канцы калідора нас ніхто не чакаў. Ды ў гэтым i не было патрэбы — ход заканчваўся глухой гранітнай сцяной. Мы апынуліся ўтупіку. Вычасаная з граніту сцяна была выслігавана да неверагоднае гладкасці і адбівала нашыя абліччы ў бляску насценных паходняў, як люстра.
— Мы прапалі, — сумна азвалася князёўна. — Гэта Зала Чараў. Нам не прайсці праз сцяну без адмысловага сыгнета, які здымае закляцце ўваходу. А такіх сыгнетаў толькі два — у князя Гатарда ды...
— ...ды ў мяне, — закончыў я за яе, здымаючы сталёвую рукаўку.
3 хвілю яна прыглядалася да сыгнета на маім пальцы, пасля ейныя вочы заблішчэлі радасцю:
— Так, гэта ён. Але адкуль...
— Потым! — перапыніў я яе. — Куды што націскаць?
— Проста даткніся сыгнетам да граніту...
Я так і зрабіў. Сцяна набыла празрыстасць i захвалявалася, быццам паверхня возера; за ёю смутна праступілі абрысы прадметаў. Дзяўчына зрабіла крок проста ў гэтую дзіўную каменную ваду:
— ...а цяпер ідзі.
Я таксама ступіў, i мая нага — о, дзіва! — зусім не стрэла супраціву. Праз момант я ўжо стаяў па той бок. Абярнуўшыся, зірнуў на калідор: ззаду пакуль нікога.
— А цяпер закрый уваход, каб ваявода нас не ўбачыў. Зноў дакраніся да сцяны сыгнетам...
Я паслухаўся — i празрыстая паверхня перастала хвалявацца ды дрыжаць... хаця i не страціла сваёй празрыстасці. Якраз у гэты момант з-за рогу калідора паявіўся ваявода са сваімі рыцарамі.Я кінуўся ўбок за заслону, каб не даць сябе заўважыць, але князёўна, што стаяла акурат перад сцяной, разрагаталася: