Усяслаў здзіўлена і ўважліва слухае. Паволі заціхае і Глеб.
Я загадваю і выгаворваю з Глеба ўсе злыя напасці — ад агнявіцы, ад калатухі, ад чорнай немачы, ад паралічу, трасухі, ад ламаты і сударгаў. Усе хваробы, выходзьце з Глеба вон, бо я вас у зямлю закапаю, на агні спапялю, халоднай вадой ахаладжу, сцюдзёнымі льдамі замарожу. Я вас спалю на вуголлях, засушу ў гарачай лазні. У глухую сцяну заканапачу-замурую і густою смалою засмалю.
Згіньце, хваробы, прападзіце, немачы, у апраметную. Усе злыя хваробы ад Глеба адступіцеся, адвяжыцеся, адваліцеся ад гэтага моманту і назаўсёды. I не вяртайцеся ў векі вякоў ні з нябёсаў, ні з верху зямлі, ні з яе глыбіняў глыбокіх.
Паднімае рукі ўгору, вельмі ўзнёсла.
О, неба яснае! О, зоркі светлыя! О, багі-абярэгі! Не адступіцеся ад нас! Не дайце памерці брату! Уратуйце няшчаснага! Дайце яму сілы і моцы! Вярніце мову і розум! Адганіце Чарнабога і злых духаў! Ён не лавіў добрых звяроў і птушак, не сек запаветных дрэў, не муціў крыніцы, не біў палкаю па зямлі, не крыўдзіў коней, вужыкаў і дамавікоў. Калі і маліўся новаму богу, то па дабраце душы, а не назло старым багам.
Глеб засынае. Рагвалод-Барыс ад знямогі спаўзае па сцяне на падлогу. Плач радасці і скрухі вырываецца з яго грудзей. Бацька суцяшае яго.
Усяслаў. Сынок, любы, супакойся. Не трэба так. Яму, здаецца, лепш. Бач, заснуў. I дыхае раўней. (Мацае Глеба за рукі, дакранаецца да лба.) I гарачка спадае. (Туліць да сябе сына.) За мае грахі пакуты вашы. Вешчуна не паслухаў, супраць волі Рагвалода пайшоў…
Рагвалод-Барыс. Ты як лепш хацеў і княству, і сабе, і нам…
Усяслаў. Дзякуй табе, сынку, на добрым слове.
Нечакана Рагвалод-Барыс раскопвае салому і выцягвае з-пад яе невялікага вужыка.
(Здзіўлена.) Вужык?!
Рагвалод-Барыс (радасна). Добрыя багі пачулі мяне. (На здзіўленне Усяслава, робіць над Глебам магічныя рухі, дакранаецца вужыкам да яго рук, ног, ілба.) З намі не проста вужык! З намі сам вужыны цар! Бач, карона на галоўцы. Сам Пярун паслаў нам жывую маланку. Ён і поруб гэты разнясе ў пыл! I ворагаў нашых папаліць. I Глеба ўратуе.
Сцэна паволі зацямняецца і зноў асвятляецца. Глеб прачынаецца, бачыць вужыка, з якім забаўляецца Рагвалод-Барыс. З агідаю сплёўвае.
Глеб. Выкінь вон гэту мярзоту…
Рагвалод-Барыс (спакойна і павучальна). Калі выкінуць вужа з хаты, то прыйдзе вялікае гора. Вужы не забываюць крыўды.
Глеб. Чалавеку, які заб’е хоць аднаго гада, адпускаюцца сорак грахоў, сказана ў Пісанні.
Рагвалод-Барыс (іранічна). Тады ты абавязкова станеш хрысціянскім святым.
Глеб (злосна). Я старэйшы і не люблю паўтараць двойчы. (Рашуча набліжаецца да Рагвалода-Барыса.)
Рагвалод-Барыс (хаваючы вужыка за пазуху). Ніякі гэта не гад. Вужык, не куслівы…
Глеб. Я сказаў — выкінь!
Рагвалод-Барыс (вельмі цвёрда і катэгарычна). Калі памірае вуж, памірае і гаспадар дома! Поруб цяпер — наш дом.
Усяслаў (ласкава). Сядзь, Глеб, і не чапляйся.
Глеб. Княжыч — паганец, і князь туды ж…
Усяслаў. Князь паміж вамі, княжычы.
Глеб. I паміж багамі…
Усяслаў. Паміж багамі, але сам па сабе. (Прымірэнча.) Сёння 14 верасня. Свята Узвіжання Святога Крыжа Гасподняга. Якраз пад гэты дзень вужы ідуць у вырай, у рай. Наш вужык, відаць, адбіўся ад сваіх, а мо і наўмысна застаўся, каб дапамагчы нам.
Рагвалод-Барыс. На шчасце вужык!..
Глеб (злосна). Я не хачу вужынага шчасця! Тым больш што князь Чарадзей сам прынёс яго княжычам на клятай Ршы. А то ці мы б тут зараз гібелі з вужыкамі разам…
Рагвалод-Барыс. Мы тут таму, што Яраславічы здрадзілі чэснаму крыжацалаванню.
Глеб. Яраславічы маглі адступіцца ад сваёй клятвы, бо давалі яе іншаверцу.
Усяслаў (вельмі цвёрда). Не забывайся, хрысціянін! Я табе не толькі бацька, але і князь!
Глеб. А то мы не бачым, які ты цяпер князь… Пад Ноўгарадам, Псковам ды на Нямізе ты быў князь. А зараз…
Усяслаў (ціха, ды занадта рашуча). Калі вымавіш яшчэ хоць адно слова…
Глеб. Я замаўкаю і малюся за вас, неразумных. А ты, князь Усяслаў, можаш дазволіць княжычу Рагвалоду-Барысу трымаць тут не толькі гадаў, але і пеўняў, зязюль, жаўрукоў, буслоў, а можа, і зайцоў, ваўкоў, мядзведзяў, тура — залатыя рогі. Ці ж у паганцаў мала святога звяр’я?! Толькі ці ўмесцімся тут усе разам, бо трэба ж яшчэ балваны Перуна, Дажбога, Воласа ды Мокаш тут паставіць.