Усяслаў (са скрухаю). Дарэмна княжыч Глеб так жартуе. Дарэмна.
Глеб. Даруй, княжа, — замаўкаю, і, відаць, надоўга…
Рагвалод-Барыс (рашуча). А я скажу, і зараз. Калі і дзе яшчэ давядзецца?..
Адрынеце звяроў і птушак, разбурыце капішчы старых багоў, пагасіце Перуновы агні памяці, апаганіце крыніцы даўніны, высечаце святыя дубровы і запаветныя дрэвы — з чым застанецеся?! Каму і чаму паклоніцеся ў горы, каму аддзячыце ў весялосці?!
Русаллі забароніце, музык і блазнаў вынішчыце, дзевак першародным грахом запалохаеце — хто вояў раджаць будзе?! Спадзяецеся, што ворагі нашы з хрысціянскай дабрачыннасці палюбяць нас, як любяць саміх сябе? Як жа? Ударылі цябе па шчацэ левай — падстаў правую! Толькі нешта не чуў я пра выпадкі, каб папы падстаўлялі сябе пад мужыцкія кулакі, калі тыя не хацелі ў раку лезці, каб пазнаць новага бога.
Усяслаў. Ты, сынок, добра ведаеш — ні сам я, ні дружына мая Полаччыну не хрысцяць.
Рагвалод-Барыс. Пра Уладзіміра, Яраслава і Яраславічаў мая гаворка. Пралюбадзеі і забойцы Русь хрысцілі — Дабрыня агнём, а Пуцята мячом. Волхаў-раку тапельцамі перакрылі, гарады і вёскі папалілі. Чалавечай крывёю Прыпяць ускіпела ад хрышчэння Турава і яго наваколля. А хрысцілі тых, хто застаўся жывы. Жыццём адкупіўся ад новай веры і прашчур наш князь Тур. Пакуль мы ў порубе гніём, пачырванее святы Рубон ад Полацка да мора. Скажаце: на ўсё воля боская… Але ж так можна апраўдаць любое злачынства. I апраўдваюць. Хрыстос, маўляў, цярпеў і нам наказваў. Людзей прывучаюць да пакоры і безнадзейнасці — як будзе, так і будзе.
Новая вера — гэта страх, няўпэўненасць, пакута і самота. Як з гэтым будзе жыць народ?!
Усяслаў. Народ сам за сябе вырашыць.
Рагвалод-Барыс. Тады скажы, куды князі дзенуць гонар, годнасць, адвагу, проста чалавечае сумленне, бо народ якраз на іх глядзіць. Ты ж сам, князь, вучыў сваіх сыноў і годнасці і адвазе…
Усяслаў. Вучыў усіх аднолькава, а вы вунь якія розныя… Адзін укленчвае перад трыадзіным Богам, а другі перад цэлым тузінам.
Рагвалод-Барыс. У старой веры таксама адзін бог, але які?! Бог Сонца! Усё ад яго на грэшнай зямлі: жыццё і смерць, радасць і смутак. Ад бога Сонца — усе іншыя. I імёны іх гучаць, як музыка: Купала — бог дастатку; Вярба — багіня вясны; Тур — бог звяроў; Лада — багіня кахання; Цёця — багіня ўраджаю; Парадзіха — багіня жанок і самога жыцця; Пераплут — бог весялосці…
Папы ды княскія дружыны найперш вешчуноў нішчаць — найразумнейшых людзей, каму вядома, што было і што будзе на зямлі пад Сонцам. Загінуць вешчуны, згіне і памяць людская пра саміх сябе. А што мы без памяці? Авечкі Хрыстовы, быдла бязмоўнае. Як зразумець, як прыняць словы новага бога: «Я знішчу мудрасць мудрацоў і розум разумных адкіну. Каб вера ваша была не ў мудрасці чалавечай, а ў сіле Божай»?
Не магу зразумець, чаму папам і новаму богу не даспадобы нашы святыні і нашы продкі. Чаму хрысціцелі ідуць не толькі з крыжам, але і з сякерай ды мячом! Ідуць па чужой ім зямлі з невядомым богам і чужой мовай. Па якім праве нішчаць нашых багоў і нашых людзей?! Чаму старых багоў трэба называць «ідаламі акаяннымі», заносіць у д’ябальскія кнігі і клясці, як д’яблаў?! Сустрэча з папом стала прыкметай бяды і няшчасця.
Тысячагоддзямі мы жылі са сваімі багамі. I нікому не шкодзілі нашы купальскія, калядныя ці жніўныя песні. А што дрэннага ці шкоднага ў гуканні вясны, у праводзінах зімы, у галашэннях па нябожчыку, каб душы іх не помсцілі родзічам? Каму дрэнна ад таго, што людзі прымаюць зоркі на небе, як знакі жывых душ? Дзіця нараджаецца, і Сварог запальвае зорку; чалавек памірае, і бог Зніч яго зорку гасіць. Ці ж можна забараніць душам дзядоў прыходзіць да сваіх нашчадкаў? Ці ж можна забараніць пеўню будзіць Сонца і прыносіць людзям святло, а зязюлі адлічваць нашы гады?
Нас пачынаюць прывучаць да пакоры і боязі. Але пагадзіцеся, што гэта не для крывічоў, дрыгавічоў ды радзімічаў. Мы ж ад нараджэння вольныя, хоць ты, князь, хоць ты, смерд! За ўціскам і цярпеннем — бунт, адплата. Скажыце мне, чаму папы маўчаць пра тое, што Хрыстос загінуў за людзей, а не за ўладарцаў накшталт кіеўскіх князёў. I, можа, ты, князь Усяслаў Чарадзей, скажаш мне, навошта пабудаваў Сафію ў Полацку? Не можаш жа ты не ведаць пра новую і старую веру таго, што я пра іх ведаю.