Iзяслаў (не слухае). Такая параза! Такая здрада!.. (Апускаецца на калені, моліцца.) «Господи Боже наш, еже согреших во дни сем словом, делом и помышлением, яко Благ и Человеколюбец прости ми. Мирен сон и безмятежен даруй ми. Ангела Твоего хранителя посли, покрывающа и соблюдающа мя от всякаго зла, яко Ты еси хранитель душам и телесем нашим, и Тебе славу возсылаем, Отцу и Сыну и Святому Духу, ныне и присно и во веки веков. Аминь».
«Спаси, Господи, люди Твоя, и благослови достояние Твое, победы христианам на сопротивныя даруя, и Твое сохраняя Крестом Твоим жительство». (Тройчы хрысціцца. Глядзіць на Феадосія, як на збавіцеля.)
Памаліся, ойча, за душу маю грэшную!.. За горад Кіеў! За дзяржаву Рускую!
Феадосій. Кажуць: як трывога, тады і да Бога… Шкада, што толькі ў горы людзі ўспамінаюць Бога. Д’ябал жа радуецца праліццю крыві і распаляе варажнечу нават паміж суродзічамі. А Бог патрабуе жыць у пакаянні і кажа нам праз прарока: «Звярніцеся да мяне ўсім сэрцам вашым, у посце і плачы». I калі б мы былі паслухмянымі Госпаду, дараваліся б нам усе грахі. Але ж мы да ліха вяртаемся, як свінні, што ў гразі вечна пэцкаюцца і ў брудзе жывуць. «Дакуль не насыціцеся злобамі вашымі? Чаму не пакаецеся ў грахах сваіх? — пытаецца Гасподзь Бог. — Звярніцеся да мяне — і я адвяду ад вас гнеў мой. Вы ж абрынулі на мяне словы вашы, кажучы: «Нікчэмнасць, хто служыць Богу!» У Святым пісанні напісана: «Будзеце шукаць мяне ў бядзе — і не знойдзеце, бо не схацелі хадзіць шляхамі маімі».
Пакайцеся, Яраславічы, у злачынствах вашых! Звярніцеся да дабра і міласэрнасці, і дадзена будзе вам па справядлівасці вашай!..
Iзяслаў (устае, вельмі пагрозліва). Што ты маеш на ўвазе, ойча?!
Феадосій. Вызвалі з поруба князя Усяслава. Дай яму шчыт і меч, а кіянам коней і зброю, і яны ўратуюць горад ад полаўцаў, як некалі ўратавалі ад торкаў.
Iзяслаў. Яны заб’юць мяне першым…
Феадосій. На ўсё воля Божая, княжа.
Iзяслаў (амаль істэрычна). Ты заадно з Чарадзеем?!
У палату ўрываецца перапалоханы ваявода Каснячка.
Каснячка. Князь, бяда! На гандлёвым пляцы Падола кіяне сабралі веча — патрабуюць коней і зброю.
Iзяслаў (цвёрда). Я сказаў, што гэтага не будзе.
Каснячка. Ваявода Тукы так і перадаў чэрні тваю княскую волю. Тады раз’юшаны натоўп рушыў на Гару, да майго двара. Яны хацелі маёй смерці — цуд уратаваў мяне. Абарані, княжа!
Iзяслаў. Ты, ваявода Каснячка, не выканаў маёй княскай волі і, як апошні палахлівец, збег ад полаўцаў на Альце, я ж не стану бараніць цябе ад кіян.
Каснячка. Княжа, смерць пагражае і табе. Кіяне раздзяліліся. Адны пайшлі да двара Брачыслава вызваляць вязняў-палачан, а другія праз мост прама на княжы двор.
Ізяслаў кідаецца да акна, адчыняе яго. Гул раз’юшанага натоўпу. Чуюцца паасобныя воклічы: «Смерць ваяводзе Каснячку!», «Ганьба Праўдзе Яраславічаў!», «Князёў-баязліўцаў — на шыбеніцу!», «Волю князю Усяславу!», «Волю князю Усяславу!» Ізяслаў зачыняе акно. Прыбягае ваявода Тукы. Ізяслаў кідаецца да яго.
Ізяслаў (з жахам). Што там, ваявода?!
Тукы. Князь, сам бачыш, люддзё ўзвыла. Кіяне вызвалілі дружыну полацкую. Ёю верхаводзіць Даніла — ваявода князя Усяслава.
Iзяслаў. О Божа праведны!..
Тукы. Княжа, пашлі стражу да поруба князя Усяслава — няхай яго паклічуць да акенца і заб’юць, працяўшы мячом.
Каснячка. Знайшоў час забіваць! Ты не паспееш выняць меч з похвы, як народ разнясе княскія палаты і саміх нас пераколе да адзінага.
Iзяслаў. Што ты маўчыш, ойча?! Звярніся да чэрні ад імя Бога!
Феадосій. Князь Усяслаў для чэрні — само сумленне і мужнасць, заступнік супраць жорсткасці Рускай Праўды, вамі, ваяводы, створанай. У свядомасці кіян — ён удачлівы ваяр, высокі дзяржаўны розум, вешчая душа, таямніца, нарэшце, ахвяра клятваадступніцтва ад чэснага крыжацалавання.
Iзяслаў (рашуча і настойліва). Смерць Усяславу!
Тукы (вымае меч). Смерць!
Феадосій. Вы не зробіце гэтага, бо чулі, што сказана: «Не забівай; а хто заб’е, падпадае суду».
Ізяслаў. Ці не ты, ойча, пераступіш мне дарогу?!
Феадосій. Бадай што я, больш, відаць, няма каму… Княжа, адступіўшы ад клятвы на крыжы і паланіўшы Усяслава ў паслявелікодныя святы і напярэдадні свята — нараджэння Іаана Хрысціцеля, ты з братамі здзейсніў смертны грэх. I Бог пакараў вас нашэсцем полаўцаў. Сёння 14 верасня — свята Узвіжання Святога Крыжа, свята перамогі дабра над злом. Пральеш кроў праведную — кара Гасподняя будзе страшнейшай за наступ полаўцаў і мяцеж кіян.