Iзяслаў. Не палохай мяне, язык вырву!
Феадосій. Праўду сказаў апостал: агрубела бо сэрца ў вас, і вушыма цяжка чуеце, і вочы свае змежваеце, каб не ўбачыць, і вушыма не пачуць, і сэрцам не ўразумець… Калі б ведалі вы, што азначае: «міласці хачу, а не ахвяры», не асудзілі б нявінных.
Убягае князь Усевалад.
Усевалад. Бяжым, Ізяслаў! Яны высякаюць Усяслава з поруба! (Выбягае.)
Сцэна паволі зацямняецца.
Летапісец. «В лето 6576 (1068). Изяслав же, се видев, со Всеволодом побегоста з двора, людье же высекоша Всеслава ис поруба, в 15 день семтября, и прославиша и среде двора къняжа… Изяслав же бежа в Ляхы… Бог же показа силу крестную на показанье земле Русьстей, да не преступають честнаго креста, целовавше его; аще ли преступить кто, то и зде прииметь казнь и на придущемь веце казнь вечную… Всеслав же седе Кыеве месяць 7».
Святло гасне.
VI
Княская палата. За трапезай Усяслаў, Глеб, Даніла і некалькі вояў. Сярод танцораў і музыкаў «тур», «мядзведзь», «каза», «бусел». У іх карагодзе маладая прыгожая распранутая дзяўчына. Яе дзявоцкую годнасць прыкрываюць бярозавыя галінкі. Дзяўчына прадстаўляе багіню кахання Ладу. Ёй і прысвячаецца язычніцкі танец. Усяслаў паднімае руку. Танец спыняецца. Лада без музыкі працягвае «сольны» танец.
Усяслаў (да Данілы). Тваё слова, слаўны ваявода! Як бы там ні было, а перамога за намі… (Чэрпае кубкам віно з бочачкі і падае Данілу.) Гавары!
Даніла (падняўшыся з лавы). А я ўсё сказаў яшчэ там, на Падоле, і каля двара Брачыслава! (Узнёсла.) За волю! За свабоду! Слава князю Усяславу!
Воі (усе разам). Слава! Слава! Слава!
Даніла. Жыве зямля Полацкая!
Воі (усе разам). Жыве! Жыве! Жыве!
Усяслаў. Верным воям — слава!
Воі і музыкі (усе разам). Слава! Слава! Слава!
Урачыста звоняць званы. Музыкі і танцоры ідуць карагодам вакол Лады, спяваюць:
Уся ўвага да Лады — яна танцуе. Задаволены, узбуджаны і расчулены Усяслаў па чарзе абдымае Данілу, вояў, Глеба. З’яўляецца ўзрушаны Рагвалод-Барыс.
Усяслаў (з папрокам). Мог бы і не пазніцца! Як-ніяк, а залаты пасад абмываем. Хоць і невялікае дзіва, але ж не так часта бывае.
Рагвалод-Барыс. Мы яго злавілі!..
Усяслаў. Каго злавілі?
Рагвалод-Барыс. Зараз пабачыш!.. Стаіць, гад, на каленях перад абразамі і моліцца, бы ў Кіеве нічога і не здарылася!
Усяслаў (вельмі зацікаўлена). Дзе ён?!
Рагвалод-Барыс. Тут, у сенях. Вяшчун пільнуе. (Выбягае ў сені і вяртаецца з Вешчуном. Той трымае канцы вяроўкі, якой звязаны рукі манаха, яго твар схаваны пад капюшонам. Вяшчун у вопратцы воя, пры шчыце і мячы.)
Вяшчун. Пакажыся вялікаму князю кіеўскаму, здраднік паршывы! (Здзірае капюшон з галавы манаха. Перад прысутнымі — ігумен Феадосій.)
Усяслаў (пасля доўгай паўзы). Ну дык што належыць ігумену Феадосію за фарысейства з крыжам на Ршы?.. Поруб?.. Укрыжаванне?..
Рагвалод-Барыс. Адсячэнне галавы ў іх на першым месцы.
Усяслаў. Дык што вы мне яго прывялі?! Калі адсячэнне, дык адсякайце!.. Ці мо ён хоча, каб я сам гэта зрабіў? Дык жа вялікі гонар будзе…
Феадосій. Калі Богу пажадана адсячэнне, я гатовы да адсячэння. Мне губляць няма чаго.
Усяслаў. Адсячэннем ды ўкрыжаваннем няхай у Царградзе і Рыме займаюцца. Мы яго па-нашаму караць будзем: атруту ў віно або з моста ў раку ці да конскага хваста прывяжам, як яны некалі нашага Перуна…
Даніла. Не спяшайся, князь.
Музыкі і танцоры з гікам ідуць у скокі вакол Феадосія. Сярод іншых асабліва стараецца Лада.
Феадосій. Гарэць будзеш, сарамніца, у агні пякельным!..
Даніла (надзвычай нервова). Вон!!! Усе вон!!!