Выбрать главу

Музыкі, танцоры паспешліва выбягаюць.

(Зусім спакойна.) Не спяшайся, князь. Я расказаць не паспеў. Ігумен Феадосій не толькі мяне і паплечнікаў маіх (ківае на вояў) хаваў у сваім манастыры. Ён яшчэ і Яраславічаў утрымаў, каб яны не забівалі цябе і княжычаў.

Глеб. Слава табе, Божа наш! (Апускаецца на калені і хрысціцца многа разоў, шэпча малітву.)

Усяслаў. Гэта ўжо цікава! (Да Феадосія.) Кары Гасподняй перапалохаўся ці іншы які інтарэс маеш да чарадзея, змея, ваўкалака і пярэваратня?..

Феадосій. Іншы і не малы, прытым даўно і ўсур’ёз…

Усяслаў. Ну, давай выкладвай! Толькі ведай, што здраднікаў я не цярплю, каму б яны ні здрадзілі і да каго б ні перабеглі.

Феадосій (ківае на Вешчуна). Не пры ім жа… З вока на вока гаварыць будзем.

Усяслаў. Вядома. Чысты з нячыстым за адзін стол не сядуць.

Вяшчун выходзіць.

Рагвалод-Барыс. Тады і я выйду!

Усяслаў (катэгарычна). Ваявода і княжычы застануцца!

Усе Воі выходзяць.

(Да ўсіх, хто застаўся.) Сведкамі будзеце, а то мне і не паверыць могуць аб размове душавыратавальнай перад смерцю крывадушніка і княскага ўгодніка.

Феадосій. Духоўнікам князя я быў, за гэта і судзі.

Усяслаў. Не прыспешвай — ва ўсім разбяруся!

Глеб. Але ж сказана ў апостала: «Усякае раздражненне, і лютасць, і гнеў, і крык, і ліхаслоўе з усякаю злосцю хай будуць выдалены з вас; але будзьце адно да аднаго добрыя, спагадлівыя, даруйце адно аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам!»

Рагвалод-Барыс (абурана). Ён нібы і не гніў у тым порубе?! Ад такой несправядлівасці можа пагаснуць сонца! Князь, кожны павінен атрымаць сваё! На Ршы ён даў нам па твары, няхай падрыхтуецца да адплаты!

Усяслаў. Памаўчыце, княжычы, пакуль князь гаворыць!

Даніла. Князь, пакуль ёсць час, рабі дабро.

Усяслаў. Не зразумеў!

Даніла. Не палохай добрасумленнага і мужнага чалавека — ён разам з іншымі на смерць ішоў, каб кіянаў падняць і цябе з княжычамі вызваліць. А я з ім яшчэ і чару не ўзяў за здароўе тваё. Не пярэч, княжа, і сабе зачэрпні!

Усяслаў чэрпае дзве кварты віна і падае Данілу і Феадосію. Сам бярэ трэцюю.

Феадосій. Будзь здароў, князь Усяслаў! Будзьце здаровы, княжычы! Няхай Гасподзь беражэ зямлю Полацкую і яе насяленцаў! (Хрысціцца і адпівае віна.)

Даніла выпівае да дна, Усяслаў ставіць сваю кварту на стол, не прыгубіўшы.

Усяслаў. Адпіўшы з чары за маё здароўе і зямлю Полацкую, ты, ойча, яшчэ раз здрадзіў Яраславічам.

Феадосій. Адступіўшы ад клятвы на крыжы, Яраславічы здрадзілі Ісусу Хрысту. Мая павага да іх ахвяр нявінных не можа ставіцца мне ў папрок. I ты, князь, дарэмна замысляеш ліхое ў сэрцы сваім. Свет даўно ўкрыжаваны, і мы для свету…

Усяслаў (перапыняе). Маё сэрца скамянела ў порубе. Яго не крануць ні твае просьбы, ні твае клятвы.

Феадосій. Я ні з кім не раіўся і нікому не кляўся, прымаючы тваю пакутную праўду. Яна прывяла ваяводу Данілу да мяне ў манастыр, а мяне на веча кіян. Бо сказана: мы нямоцныя супраць праўды, а моцныя за праўду.

Даніла. Не падтрымай нас кіяне, і нам, і табе, княжа, была б смерць наглая і здрадная. Слова ігумена на Падоле было вырашальным.

Усяслаў. Такім чынам, вы ўжо абодва супраць мяне.

Даніла. З табой не толькі мы, а ўвесь Кіеў.

Феадосій. I таму я не збіраюся пустасловіць у твой зорны час. Я хачу, каб з табою, князь Усяслаў, была ўся Русь Кіеўская.

Усяслаў. Ці не наважыўся ты, ігумен, стаць маім духоўнікам і праз мяне кіраваць усёй Руссю Кіеўскай? Дык у мяне нават Вяшчун ведае сваё месца.

Феадосій. Мне сумна, князь, што ты не верыш мне нават пры такім сведку, як ваявода Даніла.

Усяслаў. Калі Яраславічы залівалі Полаччыну крывёй, бурылі і палілі яе гарады і вёскі, а жанчын і дзяцей бралі на шчыт, каб прадаць сарацынам, ты, ігумен Феадосій, служыў ім верай і праўдай.

Феадосій. Я служыў не Яраславічам, а Богу.

Усяслаў. Розныя ў нас багі. I я дзіўлюся, чаму цябе не засмучае тое, што на мне няма крыжа Хрыстова… Хоць яго няма і на хрысціянах Яраславічах.

Феадосій. Яраславічы — адроддзе яхідны. Рабы плоці, паклоннікі блуду, варожасці, свары, зайздрасці, гневу, звады, нянавісці, злобы, п’янства… А хіба ўсё пералічыш. З сэрцаў іх выходзяць толькі ліхія замыслы. Яны не ўмеюць адрозніць знакаў часу. Ты, князь Усяслаў, гэта ўмееш. Можа, з таго людзі і завуць цябе вешчай душой.