Выбрать главу

Усяслаў. Яны завуць мяне яшчэ і Чарадзеем.

Феадосій. I дзякуй Богу, калі гэта на карысць падданых. Толькі добры чалавек з добрай скарбніцы выносіць добрае, а ліхі чалавек з ліхой скарбніцы выносіць ліхое. Русь — багатая і святая скарбніца славянскіх плямёнаў. Вазьмі яе пад сваю моцную ахову. Дай ёй справядлівы, мірны шлях. Крывёю ж сплываюць народы ад ліхадзейства ўладарцаў. А якая злавесная хмара насоўваецца з дзікага поля!..

Усяслаў. Ты нібы карануеш мяне на Кіеўскі залаты стол?

Феадосій. Караную! І Бог мяне пачуе, бо ён бачыў тваю справядлівасць і твае пакуты. Прадчуваю я і твае сумневы, бо неспадзева ўзнесла цябе так высока, а адтуль далёка бачыцца.

Даніла. Судзі мяне, княжа, як хочаш, але я на яго баку.

Усяслаў. Судзіць не буду, але скажу: вы абодва не ўлічылі, што я пакуль іншых багоў вернік і вельмі сумняваюся, што спадабаюся новаму богу і яго статку.

Даніла (вельмі непасрэдна). Дзеля такой вялікай справы можна і новую веру прыняць. Сам чуў, якімі праведнікамі былі тыя ж Яраславічы. I наогул, пры чым тут багі, калі ўлада ў тваіх руках! Тым больш што яна звалілася табе з неба. Хто ведае, чые багі яе адтуль скінулі.

Усяслаў. Малайчына, ваявода!.. Вось што значыць пасябраваць з папом…

Даніла. Даруй, княжа, але ж сапраўды — як можа кіраваць усёй Руссю князь старой веры? Суседзі засмяюць.

Рагвалод-Барыс. О неба! Як ты не абрынешся на грэшную зямлю.

Усяслаў. А мо табе, ваявода, сапраўды перайсці ў папы — будзеш у мяне духоўнікам і дарадцам?! (Смяецца.)

Даніла. Акрамя смеху, я б табе і сёння параіў: бяры ўсё пад сваю руку, а там будзе відаць…

Усяслаў. Дзіўлюся, як ты толькі такі хітры на Нямізе ў палон трапіў.

Даніла. Каб не трапіў я, то трапіў бы ты.

Усяслаў. Як бачыш, я сам сябе паланіў і сыноў пад меч падвёў.

Даніла. Дзякуй Богу, цяпер з сынамі ў Кіеве сядзеш. Не век жа Яраславічам красавацца!

Усяслаў. Некалі мой бацька, князь Брачыслаў, разам з Яраславам Мудрым аберуч кіравалі Руссю, і ўсім вядома, што з гэтай мудрасці атрымалася. Не выпадае мне з Ізяславам, Святаславам ды Усеваладам у восем рук адной дзяржавай кіраваць. Полацк мяне зачакаўся. Званы Сафіі клічуць. Вярнуся і яго мацаваць буду, каб ні адзін сабака да мяжы зямлі маёй наблізіцца не адважыўся б за тры дні язды.

Феадосій. Чыстыя сэрцам Бога ўбачаць.

Усяслаў. Пажывём, памяркуем, а там мо і ўбачымся. Там відаць будзе, як Даніла кажа. А цябе, ойча, з сабой вазьму, калі ў Кіеве заставацца баішся. У Сафіі ў мяне служыць будзеш…

Феадосій. Госпадзі Божа мой, ці ж пра мяне ў нас гаворка сёння?! У хуткім часе Ізяслаў да Кіева ляхаў прывядзе! А калі, не дай Божа, зноў полаўцы?

Усяслаў. Ляхаў дачакаюся і паб’ю. А Кіеў Рурыкавічам-Яраславічам пакіну. Пакуль яны будуць грызціся за залаты прастол, я Полацк умацую. Дарэчы, калі б Рагвалодавічы менш пра Кіеў думалі, а больш пра сваю дзяржаву клапаціліся, мне не давялося б у кіеўскім порубе сядзець, а табе ратаваць мяне.

Феадосій (апускаецца на калені). Княжа любасны, не сячы з-за пляча! Сем разоў адмерай… Першая ж магчымасць за стагоддзі з’яднаць народы, замірыць плямёны, утаймаваць князёў-разбойнікаў, прынесці мір і паразуменне. Хіба не цячэ ў жылах тваіх кроў Рурыка і Рагвалода?! Сам сядзеш у Кіеве, а над дзясніцаю тваёй Полацк, Ноўгарад, Смаленск, Чарнігаў, Тмутаракань, не кажучы пра іншае! I полаўцы пацішэюць…

Усяслаў (у тон Феадосію). Адзін князь, адзін Бог, адна дзяржава…

Феадосій (ускокваючы з падлогі). Святыя словы, князь! Святыя словы!..

Усяслаў. Ты мне падабаешся, ойча…

Феадосій. Дык і я ж цябе ратаваў не за прыгожыя вочы…

Усяслаў. Вось за гэта дзякуй! (Да Данілы і княжычаў.) Вып’ем за здароўе ігумена Феадосія! Святы чалавек, хоць і хітры…

Усе выпіваюць.

Феадосій (закусваючы). Я не хітры — час ліхі.

Усяслаў. А я мудры — таму і збягу ў родны Полацк.

Феадосій. Я ўратаваў цябе, князь Усяслаў, а ты мяне Яраславічам на смерць аддаеш. Ізяслаў вынішчыць кіянаў, што вызвалілі цябе і княжычаў. Выходзіць, ты і ім здраджваеш…

Усяслаў. Уратаваўшы мяне, і ты і кіяне ўратавалі княства Полацкае. Я не магу яму здрадзіць.