Феадосій. Божа праведны, я здрадзіў не толькі Кіеву, але і самому сабе. А ты, княжа, сапраўды і разумны, і мудры.
Усяслаў (з усмешкай). Я яшчэ і хітры, як ты. (Вельмі сур’ёзна.) Бог табе суддзя, ойча. Будзем спадзявацца, што суд Яго будзе не надта строгі. Бог — справядлівы, а ты — сумленны. I хочаш шчасця і міру ўсёй Русі, мае ж памкненні больш сціплыя. Я хачу міру, спакою і шчасця сваёй зямлі Крыўскай. Яна можа гэтага дамагчыся, калі будзе з’яднанай, моцнай і ад Кіева незалежнай. А што да ўсёй вялікай Русі, то разлады і міжусобіцы Рурыкавічаў усё роўна прывядуць яе да заняпаду, а мо і да смерці. Не ўсё вялікае разумна і зусім не вечна… (Нечакана для прысутных.) А калі ляхаў паб’ю, то, можа, і тут застануся-затрымаюся. На ўсё воля Божая, як ты кажаш. А зараз, шаноўны ойча, адпускаю цябе і пад сваю ахову бяру. Адпачні і за мяне памаліся. Ты да Бога бліжэй за ўсіх. Ён цябе пачуе…
Феадосій (абнадзеена і ўзрадавана). Мілата вам і мір ад Бога, Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. (Хрысціцца, кланяецца і выходзіць.)
Даніла (разгублена). Ты, княжа, гэта сапраўды… застанешся ў Кіеве ці жартам?..
Усяслаў. Усур’ёз і ў навуку табе і княжычам… Яраславічы нас ненавідзяць, баяры-хрысціяне не падтрымаюць, сваёй дружыны мы не маем, спадзявацца на кіеўскую чэрнь падстаў нямнога. За каго і дзеля каго ваяваць супраць людзей?! Збяжым у Полацк, і абавязкова! А калі — падумаем…
Глеб дэманстратыўна выходзіць. Сцэна паволі зацямняецца. Асвятляецца Летапісец.
Летапісец. «В лето 6577 (1069). Поиде Изяслав с Болеславомь на Всеслава; Всеслав жа поиде противу. И приде Белугороду Всеслав, и бывши нощи, утаивъся кыян, бежа из Белагорода Полотьску. Заутра же видевше людье князя бежавша, възвратишася Кыеву, и створиша вече, и послашася к Святославу и к Всеволоду, глаголюще: «Мы уже зло створили есмы, князя своего прогнавше, а се ведеть на ны Лядьскую землю, а поидета в град отца своего…»
VII
Усяслаў у цяжкім роздуме. Думы яго выклікаюць прывіды прашчураў: то Рагнеды, то Рагвалода, то Iзяслава, то Брачыслава. Вяшчун са сваім нязменным посахам, у белым адзенні, перахопленым шырокім чырвоным поясам, стаіць воддаль і ўважліва сочыць за Усяславам.
Усяслаў (сам сабе). Вось я і на волі…
Рагвалод (з папрокам). Вольны не толькі ад чужога княства Кіеўскага, але і ад свайго Полацкага…
Iзяслаў. А мог сядзець на залатым Кіеўскім стале, маючы пад рукою і княства Полацкае, і княства Наўгародскае…
Рагнеда. Перамога над Рурыкавічамі звалілася з неба. А князь-баязлівец не нагнуўся, каб яе падняць…
Брачыслаў. Я не спяшаўся б абвінавачваць князя… Сам пасядзеў некалі на тым клятым стале.
Усяслаў. Залаты стол — не гнілы поруб. Вы жылі ў свой час, я жыву ў свой. I розум у мяне свой, хоць і да вашага я стаўлюся з павагаю. I вы не спяшайцеся ставіць крыж на мне і спадчыне вашай — княстве Полацкім.
Я ўсё прайшоў — ад перамогі да паразы, ад узлёту да падзення, ад велічы да прыніжэння, ад міру да вайны і ад вайны да міру. Пры ўсім тым я быў верны сваёй Бацькаўшчыне — зямлі Крыўскай. За яе веліч і свабоду я і змагаюся ўсё жыццё.
Усе прывіды знікаюць.
Вяшчун. Мо і на гэты раз неба абароніць цябе, князь Усяслаў. Але ж зноў з нечага трэба пачынаць…
Усяслаў. Я пачынаю не з пустога. Меч Рагвалода пры мне, сыны жывыя, святая Сафія на сваім месцы, капішчы старых багоў нікуды не пераехалі, і агні памяці спрадвечнай, дзякаваць небу, яшчэ не пагаслі. (Пасля паўзы.) Водзь — племя маці маёй, — як і заўсёды, варагуе з Ноўгарадам. Узначалю іх дружыну супраць паўночнай сталіцы Яраславічаў, а палачаны тым часам турнуць чужога князя Святаполка або ад душы накормяць атрутаю, як накармілі брата яго Мсціслава. Вазьму Ноўгарад — лічы, і Полацк свабодны. Не вазьму — дык прымушу адных ад Кіева бараніцца. Наўгародцы ненавідзяць завазнога князя Глеба — адроддзе Святаслава, як палачаны ненавідзяць князя Святаполка — адроддзе Ізяслава. Улічым і тое, што Ізяслаў, Усевалад і Святаслаў за залаты стол перагрызліся ўжо, як сабакі шалёныя. У бойцы іх паміж сабою я разам з Ноўгарадам стану на бок мацнейшага. Пры падтрымцы караля ляхаў сёння мацнейшы Ізяслаў…
Вяшчун. Князь, табе не трэба вяшчун-прадказальнік — сам далёка бачыш.