Выбрать главу

Усяслаў. Далёка-недалёка, а тое, што народ называе князя Усяслава вешчай душой, няхай на яго ж карысць і будзе. Дарэчы, у князя кіеўскага Ізяслава ўнучка нарадзілася ад сына Яраполка. Яе мы і заручым з маім Глебам. Мяркую я, што Святаслаў Яраславіч не палезе на Полацк, бо барацьба яго са мною толькі б аблегчыла вяртанне Ізяслава з выгнання.

Вяшчун. Не ў Кіеве, а ў Чарнігаве ды Смаленску бачу я смяртэльную небяспеку Полацку. На многія гады лютым ворагам табе стане сын Усевалада князь Манамах. Здаецца мне, менавіта ён з’яднае супраць княства нашага не толькі княствы паўднёвыя, але і прывядзе з сабою цьмы палавецкія. Не бачу, ці ўстаім мы…

Усяслаў. Цікава! У вешчага князя сляпы вяшчун.

Вяшчун. Хмары чорныя ахінаюць Полаччыну, таму і не бачу, што за імі. А покуль яны не закрылі зорак і месяца, чую голас Дажбога аб знаках жахлівых. Павісне над Полацкам круг найвялікі. I засуха ўсё спаліць. Гарэць будуць і зямля, і лясы, і балоты. I чумазлаяў з дзікага поля раць наваліцца. А ноччу д’яблы на нябачных конях будуць гойсаць і паражаць людзей язваю смяртальнаю. I жывыя не будуць паспяваць рабіць дамавіны мёртвым.

Усяслаў. Бедныя вешчуны! Як вы толькі жывяце пад такімі страхамі?

Вяшчун. Даруй, княжа, але гэта яшчэ не ўсё.

Усяслаў. Ды куды ўжо больш?!

Вяшчун. А праз дзесяць гадоў над Полацкам успыхне зарава з усіх чатырох бакоў. I стаяць будзе тры дні. I будзе відна, як ад поўнага месяца. А днём агародзіцца сонца трыма дугамі. I будуць іншыя дугі хрыбтамі адна да другой. (Разгублена.) Толькі не ведаю, да дабра тое будзе ці да ліха.

Усяслаў (стомлена). Старэеш ты, Вяшчун, а мне дакладныя прадбачанні трэба. Мару аб прышласці…

Вяшчун. На жаль, розум наш не далёка прасякае ў будучыню. А Доля — багіня зменлівая… Адно бачу: пасля цябе над князямі полацкімі павісне дух ваяўнічасці і невялікай удачы. За княскай мітуснёй людзі не ўбачаць асобы, здольнай павесці іх за сабой, забяспечыць парадак і спакой на зямлі. I ўсё ж народзяцца волаты духу калена Рагвалодава і пачнуць вялікае на зямлі Крыўскай у той самы час, калі ўладарцы жыццяў чалавечых будуць забіваць адзін аднаго, выпальваць адзін другому вочы, атручваць, гнаіць у порубах, вынішчаць суседзяў, гандляваць людзьмі, лютаваць над сваімі і хаўрусіцца з чужынцамі, заліваць зямлю крывёю і пладзіць сірот.

А цяпер, князь, заглянём недалёка… Я пакажу табе тых, хто варты тваёй увагі і свайго часу.

Сцэна зацямняецца.

Эпілог

На сцэне ва ўсім белым Еўфрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі. Усяслаў назірае за імі.

Еўфрасіння. Да труны Гасподняй пайду, брат мой Кірыла. Развітацца з табой завітала…

Кірыла (пасля доўгай паўзы). Блаславі Гасподзь… але ці не паспяшалася, матухна Еўфрасіння?

Еўфрасіння. Туды ніколі не рана, а наперадзе ў нас вечнасць… Калі жывою вярнуся, перакажу табе, што ў свеце чула, што ў далёкіх краях бачыла, з якімі плямёнамі-народамі пазнаёмілася, што ад іх даведалася, што ім пра нас распавяла. Многія пра край наш блаславенны, відаць, і не чулі… Кніг іхніх прывязу і сваімі пахвалюся. Спадзяюся, што пісьменным з пісьменнымі не цяжка будзе паразумецца. Ну, а калі не вярнуся, памаліся, святы ойча, за Еўфрасінню Полацкую… Ты праведнік. Твая малітва да Бога дойдзе.

Кірыла. Памалюся, матухна, памалюся! Толькі як жа Полацк і дзяржава Рагвалодавічаў без Еўфрасінні?!

Еўфрасіння. Пакідаю іх у працы спорнай і славе ратнай. А найперш у справе кніжнай, светлай, цемрапераможнай. Я ўсё больш пераконваюся, мо толькі яна і здольная вывесці народ наш упоравень з тымі, што воляю боскай далёка наперадзе нас…

Кірыла. I кніг, і нас яшчэ так мала, а цемры і дурноты так многа… I нават сярод тых, хто іншымі правіць!

Еўфрасіння. Тады парадуемся хоць таму, што няма ў свеце сілы, мацнейшай за слова праўдзівае. А што да цемнаты і дурноты ўладу маючых, то не на іх свет трымаецца. Гасподзь Бог пасылаў і, будзем спадзявацца, пашле яшчэ народу нашаму столькі разумнікаў, колькі ён будзе заслугоўваць. (Узнёсла.) Ці ж не мелі мы хрысціянку-кніжніцу полацкую Рагнеду Рагвалодаўну, якая, і гвалтоўна паланёная, здолела паўплываць на князя-паганца прыняць веру Хрыстову і Русь хрысціць. А сын Рагнеды кніжнік Ізяслаў! А ўнук яе князь Брачыслаў! А дзед мой, знакаміты князь полацкі, празваны ў народзе Усяславам Чарадзеем за розум светлы і подзвігі неўміручыя ва ўмацаванні дзяржавы Полацкай. Дзяржавы, незалежнай ні ад Кіева, ні ад Ноўгарада, ні ад каго іншага! Ці ж не ён засланіў дарогу на Нямізе суседнім князям-рабаўнікам? Ці ж не ён збудаваў трэцюю Сафію, чым і падкрэсліў роўнасць дзяржавы Полацкай з дзяржавамі Кіеўскай і Наўгародскай.