Кірыла. Я б хацеў, каб асветніца Еўфрасіння Полацкая побач з імёнамі Усяслава Чарадзея і іншых годных паставіла б і божай міласцю майстра Лазара Богшу, што стварыў боскі цуд — Святы Крыж — і пісьмёны на яго паклаў запаветныя.
Еўфрасіння. Так! Так, брат мой! I пакуль гэты цуд Гасподні люд наш будзе берагчы, як сваю ўласную душу, яму будуць спадарожнічаць святло, розум, воля і шчасце. Ён устаіць ад хцівых находнікаў і набежнікаў з усіх чатырох бакоў свету.
Кірыла (пасля паўзы). Непакояць мяне сёння крывавая калатнеча паміж народамі, смута і разбой у памежных княствах. Роздум не дае спакою ні ўдзень, ні ўночы. Цемра правіць светам… Будучыню бачу жахлівую.
Еўфрасіння. Прарокамі не нараджаюцца. Дай табе Божа ім стаць, каб перасцерагчы людзей, калі не ў вялікім, то хоць бы ў тым, што па сілах тваіх… (Нечакана.) Вось ты, ойча, аб народах-братах… А браты гэтыя ой якія не адзінакія!..
Кірыла. А я хацеў бы пабачыць іх падобна рамонку ў пагожы дзень. Вакол сярэдзінкі-сонейка ў суладдзі белыя пялёсткі. Усе роўныя, усе бялюткія і чысцюткія, як у марах, так і ў справах-паводзінах…
Еўфрасіння. Прыгожа… У марах, у мроях… А ў сапраўднасці ёсць сярод іх і такія, што спяць і бачаць, каб узвысіцца над іншымі, каб усіх не столькі аб’яднаць, колькі прыдушыць-падначаліць і на свой капыл усё ў іх жыцці перавярнуць-перайначыць: і мову, і песні, і звычаі, і ўцехі. Толькі на нашай памяці колькі чырванеў ад крыві пялёстак наш белы?!
Кірыла. Бел-чырвоны колер — колер Хрыста. Відаць, ім Усявышні нас і выпрабоўвае?
Еўфрасіння. Яго тут воля. А наш абавязак сціплы, чалавечы і святы: найлепшым чынам пакарыстацца Божымі запаветамі і несці свой крыж святла, пісьменства, кніжнасці, мудрасці і ўсяго добрага, чаго дасягнулі людзі ў бліжніх і дальніх землях. Гэта мо адзіны паратунак ад памкненняў да ўціску слабых — моцнымі, бедных — багатымі, памяркоўных — жорсткімі. Будзем жа прасіць Госпада на ўсе часы абараніць зямельку нашу і ад суседняй хітрасці-хцівасці і ад сваёй празмернай прастаты-даверлівасці, а галоўнае — ад уладарцаў, схільных да здрады па недасведчанасці ці наўмысна, бо хіба вінаваты ў слепаце плямёны і народы, калі сляпыя павадыры вядуць іх па ўскрайку прорвы…
Кірыла. Князя Усяслава ворагі яго ў поруб кінулі, каб згнаіць жывым. Я ж сам сябе пасадзіў у стоўп. У адзіноце і пакутах шукаў выйсця з зачараванага кола міжусобіц, у якія загналі сябе ўладарцы багаццяў і чужых жыццяў. Там і скончыў працу сваю шматгадовую. Уславіў подзвіг, асудзіў самалюбства, карыслівасць і здраду, паспрабаваў хоць у думках вярнуць суайчыннікаў нашых да эпохі мудрага Усяслава. Можа, тое, што было на яго і нашым вяку, хоць неяк папярэдзіць тое, што мусіць быць. (Урывак са «Слова аб палку Ігаравым» чытае ўрачыста, узнёсла.)